Як паведамляе агэнцтва Reuters галоўнай тэмай заўтрашніх перамоваў беларускай ўрадавай дэлегацыі з “Газпрамам” будзе праблема беларускай запазычанасьці за ранейшыя пастаўкі газу, якая складае 120 мільёнаў даляраў.
Беларускі бок спадзяецца рэструктурызаваць доўг на 3 гады. Сёлета, дзякуючы нізкім цэнам на газ, Беларусь цалкам аплочвала бягучыя пастаўкі.
Аднак галоўнай праблемай у двухбаковых адносінах у газавай галіне застаецца пераход з новага году на рынкавыя разьлікі. Пра гэта, нагадаем, абвесьціў прэзыдэнт Расеі пасьля сустрэчы з кіраўніком Беларусі ў Сочы 15 верасьня.
Паведамляецца, што сёньня старшыня “Газпраму” Аляксей Мілер меў тэлефоную гутарку з кіраўніком “Белтрансгазу” Пятром Пётухам. Гутарцы папярэднічала сустрэча Мілера ў офісе “Газпраму” з амбасадарам Расеі ў Беларусі Аляксандрам Блахіным.
Падчас размовы зь Пётухам Мілер прапанаваў распачаць перамовы пра газавыя пастаўкі на наступны год. Мяркуецца, што частку паліва “Газпрам” будзе пастаўляць у Беларусь у залік аплаты за транзыт, астатні газ будзе прадавацца за грошы паводле рынкавай цаны. Чакаецца, што асноўныя перамовы – пра аб’ёмы і цэны паставак пачнуцца ў кастрычніку.
Ва ўчорашнім выпуску “Панарамы” першага каналу БТ прагучаў камэнтар, у якім нагадваліся магчымасьці адказу Менску на падвышэньне газавых цэнаў. Гэта ня толькі падвышэньне тарыфу за расейскі газавы транзыт, але і падвышэньне тарыфу за перапампоўваньне ў Эўропу нафты, а таксама плата за расейскія вайсковыя базы ў Ганцавічах і ў Вілейцы. Ці былі нейкая расейская рэакцыі на гэты выступ “Панарамы”?
Афіцыйнай рэакцыі, зразумела, не было – урады не камэнтуюць меркаваньні журналістаў. Але “Независимая газета” ў сваім сёньняшнім нумары адзначае, што камэнтар пра плату за нафтавы транзыт і за вайсковыя базы прагучаў па дзяржаўным беларускім тэлеканале і наўрад ці яго можна палічыць уласнай думкай журналіста БТ.
“Независимая газета” прыгадвае, што ўчасткі зямлі пад базы былі ў свой час перададзеныя расейскаму боку ў бясплатную арэнду на 25 гадоў. Тым ня менш выданьне не выключае, што Менск рыхтуецца выкарыстоўваць пытаньне базаў у перамовах з Масквой.
Тым часам расейскія мэдыі працягваюць абмяркоўваць вынікі сочынскай сустрэчы і новую сытуацыю, якая склалася ў двухбаковых стасунках Беларусі і Расеі.
“Еженедельный журнал” у артыкуле “Шлюб па-беларуску” выказвае меркаваньне, што за апошнія 2 гады суровая дыпляматыя Пуціна ў беларускім пытаньні не дала аніякага выніку. Агрэсія , зь якой Менск зрэагаваў на дэмарш “Газпраму”, сьведчыць пра тое, што ў Менску гатовыя да жорсткай партыі і нават зацікаўленыя ў ёй – піша “Еженедельный журнал”.
Выданьне камэнтуе дылемы, якія стаяць перад Крамлём, наступным чынам: “Выгадны транзытны стан Беларусі робіць ультыматумы Масквы адносна бясьпечнымі, а рабіць стаўку на апазыцыю Лукашэнкі – значыць ставіць на стратэгічны антырасейскі вэктар”.
Паводле “Еженедельного журнала” цяперашні этап інтэграцыі характарызуе поўная празрыстасьць матываў: Пуціну зразумела, што галоўная беларуская ўмова інтэграцыі – захаваньне абсалютнай ўлады Лукашэнкі на незалежных ад Расеі беларускіх тэрыторыях. А Лукашэнку – працягвае часопіс – зразумела, што для Расеі меркаваны саюз зь Беларусяй можа азначаць толькі яе, Беларусі , паглынаньне.
Часопіс “Профиль” у артыкуле “Прэзыдэнт саўгасу” піша наконт сочынскай сустрэчы, што яна азначае завяршэньне інтэграцыі, прычым завяршэньне на ўмовах Лукашэнкі. “Аляксандар Рыгоравіч высклізнуў з абдымкаў маскоўскіх інтэгратараў” – заўважае выданьне. Паводле яго расейскаму боку здавалася, што рэжым Лукашэнкі цалкам залежны ад Масквы, разьлік быў на тое, што кіраўніка Беларусі атрымаецца зламаць, прымусіць пайсьці на ўмовы Масквы.
Але – працягвае “Профиль” – ня быў улічаны важны чыньнік: любыя крокі да рэальнай эканамічнай інтэграцыі азначалі бы палітычную сьмерць, асабістая псыхалягічная асаблівасьць беларускага прэзыдэнта палягае ў тым, што грошы, нават вялікія, для яго не даражэйшыя за ўладу – адзначае расейскі часопіс.
Разам з тым “Профиль” мяркуе, што з унутрыпалітычных меркаваньняў ані Лукашэнка, ані Пуцін не адмовяцца ад шоў пад назвай “саюз братэрскіх народаў”. “Пра правал інтэграцыі нам з вамі ніколі ня скажуць. Інтэграцыя скончылася – шоў павінна працягвацца” – піша часопіс “Профиль”.