АЛЯКСАНДАР ЯРАШУК МЯРКУЕ, ШТО БЕЛАРУКІЯ ЎЛАДЫ ПАСТАВІЛІ ЗА МЭТУ ЗЬНІШЧЫЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ

Алег Грузьдзіловіч. Менск

Аляксандар Ярашук згадвае свой асабісты досьвед кантактаў з праваахоўнай сістэмай Беларусі.

(Ярашук: ) “У мяне самыя адмоўныя ўражаньні ад гэтых кантактаў. Пачынаючы ад таго, як мяне выклікалі ў пракуратуру і казалі адно, а потым атрымалася іншае, да уражаньняў ад судовага працэсу супраць незалежнага прафсаюза авіядыспэтчараў”.

Гэтае інтэрвію з Аляксандарам Ярашуком было запісанае неўзабаве перад тым, як яго асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за непавагу да суду. Такім чынам ў дадзены момант лідар кангрэсу незалежным прафсаюзаў знаходзіцца ў ізалятары, але ягоныя камэнтары да апошніх падзеяў, што адбываліся зь незалежнымі прафсаюзамі, я вырашыў выкарыстаць у гэтай перадычы, бо яны вельмі слушна і дакладна ілюструюць становішча.

Аляксандар Ярашук згадваў працэс над прафсаюзам авіядыспэтчараў. Менавіта за свой артыкул аб гэтым працэсе, а дакладна за тое, што назваў суд “спэктаклем з загадзя вядомым канцом” Ярашуку і далі 10 дзён арышту. Але ад сваіх высноваў прафсаюзны лідар не адмовіўся. Ужо ў суправаджэньні міліцыянта ён паўтарыў, што ўсё адно лічыць працэс над авіядыспэтчарамі спэктаклем. Бо судзьдзя праігнаравала відавочныя факты.

(Ярашук: ) “Як пазбаўляліся ад высокакласных адмыслоўцаў, якія закончылі акадэмію грамадзянскай авіяцыі ды прайшлі перападрыхтоўку у розных краінах. Але іх замянялі проста людзьмі выпадковымі, ледзь не з вуліцы і тым самым рызыкавалі жыцьцямі пасажыраў лайнэраў, якія пралятаюць над краінай. І гэтыя факты судзьдзя проста праігнаравала”.

Нагадаю, сёлета ў жніўні Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў закрыць незалежны прафсаюз авіядыспэтчараў. Гэта было зроблена нібыта на той падставе, што ў прафсаюзе няма 500 сябраў, як таго патрабуе закон.

Па-першае, звяртае ўвагу Аляксандар Ярашук, ў дэмакратычных краінах няма колькасных абмежаваньняў да прафсаюзаў. Па-другое, суд не пажадаў разабрацца з тым, як дзейнічала адміністрацыя, каб прымусіць сябраў прафсаюзу зь яго выйсьці. А гэта рабілася і праз падман, і празь непрыхаваны адміністрацыйны ціск.

Аляксандар Ярашук мяркуе, што цяперашнія беларукія ўлады паставілі за мэту разбурыць структуры незалежных прафсаюзаў і выкарыстоўваюць дзеля гэтага суды, якія ім цалкам падпарадкаваныя. Альгарытм дзеяньняў наступны. Спачатку адміністрацыя прадпрыемства прымушае некаторых сябраў прафсаюзу выйсьці зь яго, а потым суды закрываюць прафсаюз за тое, што ў ім не стае сябраў. Пераканацца ў тым, што высновы лідара незалежных прафсаюзаў слушныя дапаможа гісторыя, пра якую распавядзе наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Астраўцоў.

(Астраўцоў: ) “На гарадзенскім заводзе аўтаагрэгатаў адміністрацыя з парушэньнямі склікала прафсаюзную канфэрэнцыю, на якой працаўнікоў прадпрыемства перавялі зь незалежнага прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня ў адзіны прафсаюз прамысловасьці, які зьверху ствараюць улады. Адзін з тых, хто не пагаджаецца з гэтым, – прафсаюзны актывіст рабочы Ян Роман. Апошнім часам яго двойчы затрымлівалі на прахадной для догляду і дастаўлялі ў міліцыю. Там тлумачылі, што нехта патэлефанаваў і паведаміў, быццам Роман паспрабуе пранесьці на прадпрыемства ўлёткі. У міліцыі яго абшуквалі і... прасілі прабачэньня.”

Па фактах свайго затрыманьня Ян Роман напісаў скаргу на імя пракурора Ленінскага раёну гораду. Рабочы ўсьведамляе: на яго ціснуць з тае прычыны, што ён высутпае супраць ліквідацыі незалежнага прафсаюзу. Барацьба яшчэ не скончаная.

(Рабочы: ) “Я магу сказаць за сябе і за тых людзей, якіх я ведаю. Яны зьбіраюць подпісы ў падтрымку незалежнага прафсаюзу. Людзі разумеюць, што прафсаюз, які будзе падначальвацца міністэрству, іхных правоў не абароніць. Далёка за прыкладам хадзіць ня трэба. Апошнія дзьве суботы месяца загадам дырэктара абвешчаны працоўнымі. Я па гэтаму факту склаў скаргу на імя пракурора. Справа ў тым, што пераносяцца працоўныя дні з канца сьнежня на выхадныя дні верасьня”.

Па гэтых жа фактах Ян Роман зьвярнуўся ў свой прафсаюз і атрымаў адказ, што дзеяньні кіраўніцтва прадпрыемства незаконныя. Ён, дарэчы, не адразу пайшоў у пракуратуру ды зьвярнуўся ў незалежны прафсаюз. Напачатку рабочы напісаў пісьмовую заяву на імя дырэктара заводу, каб патлумачылі: на якой падставе зрабілі працоўнымі суботы?

(Рабочы: ) “Мяне выклікаў кіраўнік юрыдычнай службы прадпрыемства Беразоўскі і сказаў, што ніякага пісьмовага адказу ня дасьць, спасылаючыся на тое, што калі ўсе пачнуць пісаць, дык, маўляў, ня хопіць паперы”.

Кіраўніцтва прафсаюзу “аўтасельгасмаш” прапанавала дырэктару заводу аўтаагрэгатаў Віктару Можджару правесьці нармальны прафсаюзны сход 23 верасьня. Каб тыя, хто хоча застацца ў незалежным прафсаюзе, змаглі гэта пацьвердзіць і аббраць новых старшыню і прафкам. Ян Роман гаворыць, што ахвотных застацца ў незалежным прафсаюзе нямала, але яны адчуваюць на сабе ціск з боку начальства.”

Паводле Аляксандара Ярашука сёньня ў Беларусі дзейнічае некалькі буйных незалежных прафсаюзных аб’яднаньняў – на “Белкаліі”, Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, гарадзенскім “Азоце”, наваполацкім “Паліміры”. Разбурыць гэтыя арганізацыі ўладзе не хапае сілаў, але супраць драбнейшых суполак атакі актывізаваліся. Наагул, палітыку ўладаў што да незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук акрэсліў наступным чынам.

(Ярашук: ) “У краіне, дзе існуе такога кшталту палітычная сыстэма, любы незалежны рух ужо уяўляе для ўладаў небясьпеку. І любая дзейнасьць, палітычная ці толькі прафсаюзная разглядаецца і кваліфікуецца як небясьпека для ўлады.”

Гэта быў лідар беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Нагадаю, цяпер ён адбывае турэмнае пакараньне за непавагу да Вярхоўнага суду.