Асноўнае сьвята адбылося ў суботу. Каля ленінскай статуі смажылі шашлыкі, шыльдачкі ззаду указвалі ў бок біяпрыбіральняў, якія хіба ўпершыню зьявіліся на пляцы Леніна.
На памосьце віншавалі публіку мясцовыя начальнікі, а потым – мітрапаліт Філарэт. Улады яму падаравалі гарадзкі герб з аленем Сьвятога Губэрта і кветкі. З нагоды таго, што царквой у Беларусі Філарэт кіруе 25 гадоў.
Ён жа сваю пастырскую прамову закончыў па-беларуску: “Са сьвятам, дарагія сябры!” Адразу за гэтым ганаровай граматай нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь узнагародзілі гарадзенскі мясакамбінат.
На сьвяце гораду гісторыя Горадні ў асобах была адлюстраваная досыць спэцыфічна. Паказалі князя Давыда Гарадзенскага, нечакана –караля Стэфана Баторыя, сказаўшы, што ён “шмат часу ўдзяляў адносінам з маскоўскай дзяржавай”. Але як “удзяляў”—не сказалі.
Затым пахвалілі каралеўскага старасту-рэфарматара Антонія Тызэнгаўза. І раптам трагічным голасам паведамілі, што ў 1812 годзе ажно на 4 месяцы горад акупавалі французы. Пра тое, што раней і надоўга акупавалі расейцы—ані слова.
Затым, ужо зусім зьнянацку, на сцэне зьявіўся Скарына, дарэчы, чалавек негарадзенскі. А пасьля яго выбеглі савецкія салдаты і пачалі вельмі зухава танчыць і сьпяваць савецкія песьні. Трэба сказаць, што ў параўнаньні зь імі Стэфан Баторы ды іншыя пачуваліся на плошчы Леніна яўна не ў сваёй талерцы.
Атрымаўся своеасаблівы “гарох з капустай”. З “кукурузьніка” скакалі парашутысты і прызямляліся непадалёк ад Леніна, а гусарскі аркестар граў бравурны савецкі “марш авіятараў”.
Пасьля гэтага адбылося адкрыцьцё помніка Давыду Гарадзенскаму. Гэта сапраўды важная падзея. Непадалёк ад Калоскай царквы скульптар Уладзімер Панцялееў на вялізным валуне выразаў тэкст, прысьвечаны князю Давыду Гарадзенскаму, які ў пачатку 14-га стагодзьдзя ўдала бараніў горад ад крыжакоў.
Публікі на адкрыцьці амаль не было, толькі царкоўнікі і начальства. Адкрыць яго павінны былі Філарэт і гарадзкі галава Антоненка, але яго апярэдзіў старшыня аблвыканкаму Саўчанка. Філарэт асьвяціў помнік. Уладыка ажыцьцявіў некалькі мэтаў. Увечары ён служыў службу ў жаночым манастыры з нагоды таго, што пасьля скасаваньня Ўніі царскія ўлады 160 гадоў таму манастыр зрабілі праваслаўным.
На сьвяце не прадавалі нават піва. Уся сьвяточная рэкляма—вулічная і на тэлебачаньні ўпершыню была выключна на расейскай мове. У парку Жылібэра на капэртах ставілі сьвяточныя штэмпелі—з аленем Сьвятога Губэрта і—“коннай пошты”, паколькі ўсю карэспандэнцыю потым павінны былі завезьці на пошту ў брычцы. У нядзелю на Нёмане адбылося вялікае воднае сьвята, дарэчы, упершыню.
На выходныя прыпалі яшчэ адныя ўгодкі—10 гадоў таму кілер застрэліў старшыню аблвыканкаму дэпутата вярхоўнага савету Арцыменю. Але пра гэта на сьвяце ня ўзгадвалі.