ДЭПУТАТЫ “РЭСПУБЛІКІ” НАВЕДАЛІ ПОЛЬСКІХ КАЛЕГАЎ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле дэпутата Валера Фралова, пошук і ўмацаваньне добрых міжнародных кантактаў з дэпутатамі парлямантаў іншых карінаў зьяўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасьці групы “Рэспубліка”. У часе сустрэчы са сваімі польскімі калегамі Валер Фралоў, Іван Пашкевіч і Ігар Баслык абмеркавалі шэраг аспэктаў польска-беларускіх дачыненьняў.

(Фралоў: ) “Ёсьць пэўныя падыходы ў эканоміцы, у замежных стасунках, якія вельмі важныя і для Польшчы, і для Беларусі. Мы шукаем шляхі, якія прывялі бы да больш якасных дачыненьняў у гэтай справе і мне падаецца, што ў нас гэта атрымаецца”.

Пасьля сустрэчы зь беларускімі дэпутатамі, кіраўнік камісіі ў міжнародных справах польскага Сэйму Ежы Яскерня сказаў, што сябры камісіяў польскага Сэйму часта ладзяць супольныя паседжаньні з дэпутатамі з іншых суседніх краінаў, акрамя Беларусі. Цяпер, на думку спадара Яскерні, у польскіх дэпутатаў ёсьць шанец зарганізаваць падобнае паседжаньне і зь сябрамі групы “Рэспубліка”.

Паводле гасьцей зь Беларусі, у Польшчы ёсьць чаму павучыцца ня толькі ў справах парлямэнтарызму.

(Фралоў: ) “Мне падаецца, што ў Беларусі ўсё менш добрых стасункаў нават з Расеяй. А тое, што няма дачыненьняў з заходнімі краінамі, гэта вельмі дрэнна, бо гэтыя краіны далей прасунуліся ў справах дэмакратыі, правоў чалавека, нейкіх эканамічных і сацыяльных праблемаў. Тут яны трохі лепш вырашаюцца, чым у Беларусі.”

Спадар Фралоў пракамэнтаваў для радыё Свабода і апошнія падзеі вакол падвышэнья Расеяй цаны газу для Беларусі:

(Фралоў: ) “Гэта вынік палітыкі, якую вёў кіраўнік нашай краіны. Ён больш займаўся рыторыкай і аказаўся у крытычнай сытуацыі. Калі прыйшоў час пераходзіць да прагматычных і канкрэтных стасункаў з Расеяй, ён аказаўся да гэтага не гатовы”.

Беларускія дэпутаты, якія на запрашэньне польскай фундацыі “Дыялёг і супрацоўніцтва” прыехалі ў Варшаву з такім візытам упершыню, сустрэліся таксама з генэральным сакратаром кіруючай партыі Саюз левых дэмакратаў Маркам Дыдухам, дэпутатамі парляманцкай групы “Польшча-Беларусь” і мелі працяглую гутарку з намесьнікам упаўнаважанага па правох чалавека Станіславам Трацюком.