ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЭ НАВЕДАЛА ПАМЯШКАНЬНІ, ДЗЕ ВУЧАЦЦА ЛІЦЭІСТЫ ЗЬЛІКВІДАВАНАГА ЛІЦЭЮ ІМЯ КОЛАСА

Любоў Лунёва, Менск

Кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас паказаў прадстаўнікам дэлегацыі Рудыгеру Досаву і Ёнасу Чэкуолісу памяшканьні, дзе даводзіцца займацца навучэнцам. Дом літаратара быў апошнім пунктам, дзе дэпутаты ПАРЭ сустрэліся з вучнямі і выкладчыкамі.

Ёнас Чэкуоліс узначальвае падкамітэт у справах Беларусі ПАРЭ. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода:

(Чэкуоліс: ) “Для Рады Эўропы пытаньне права на адукацыю — вельмі сур’ёзнае. Права на адукацыю на мове нацыянальнай меншасьці, альбо большасьці — гэта адно з асноўных правоў. Сытуацыя зь беларускамоўным ліцэем ненармальная. Моцныя эмоцыі перажываеш, гледзячы на гэтых дзяцей. Сапраўды, падпольная школа. Але тут ёсьць пэўная рызыка, калі падумаць пра атэстаты, бо навучэнцам трэба будзе неяк вучыцца далей.

Зь іншага боку, адзінства калектыву — дзяцей, іх бацькоў і выкладчыкаў — гэта цудоўны прыклад зараджэньня грамадзянскай супольнасьці. Я не хачу камэнтаваць юрыдычныя падрабязнасьці закрыцьця ліцэю, але хочацца, каб гэтае пытаньне як мага хутчэй перагледзелі…

Адзін з бацькоў выказаў вельмі цікавую думку. Ён прывёў такі прыклад: калі ў краінах Прыбалтыкі пачынаюць што-небудзь рабіць з расейскамоўнымі школамі, то адразу пачынаецца шум. Едуць розныя дэлегацыі, камісіі, пішуць ураду нейкія заўвагі. А хто прыедзе ў Беларусь? Вось тут у мяне ўзьнікае іншае пытаньне. Магчыма, трэба перагледзець пытаньне наконт сяброўства Беларусі ў Радзе Эўропы? Калі Беларусь будзе паўнавартасным сябрам, то можна па- іншаму ўплываць на ўрад. Тут шмат думак для абмеркаваньня. Сытуацыя зь ліцэем будзе адлюстраваная ў справаздачы”.

Кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас спадзяецца, што місія ПАРЭ станоўча паўплывае на лёс навучальнай установы.

(Колас: ) “Яны самі на свае вочы ўбачылі, у якіх умовах апынуліся нашы навучэнцы. Яны пазнаёміліся з выкладчыкамі ліцэю, убачылі ўзровень выкладаньня, на якім вядзецца навучаньне і магло б весьціся і надалей. Безумоўна, мы спадзяемся, што нам дапамогуць вырашыць нашы праблемы і нармалізаваць сытуацыю. Безумоўна, уся гэтая сытуацыя выглядае папросту ганебнай, калі беларускі ліцэй у Беларусі павінен прасіць дапамогі за мяжой, але мы апынуліся ў такой сытуацыі, калі выбару ў нас няма”.

Дзецям падабаецца вучоба ў ліцэі. Яны просяць толькі, каб ім далі магчымасьць вярнуцца ў свой будынак. Сёньня да іх прыходзіў Уладзімер Арлоў. Ён падараваў дзецям свае кнігі, а ўвечары навучэнцаў чакае сустрэча з Вольгай Іпатавай.
Ё