Усе 19 супрацоўнікаў берасьцейскай мытні “Заходні Буг” працавалі на памежным пераходзе “Казловічы” на беларуска-польскай мяжы. Паводле зьвестак сьледчых органаў, цягам 2000 і 2001 гадоў мытнікі з грубымі парушэньнямі афармлялі грузавыя аўтамабілі, што накіроўваліся зь Літвы ў Чэхію транзытам празь Беларусь.
За перавезены ў гэтых аўтамабілях груз ня былі сплочаныя мытныя пошліны, і сьледчыя мяркуюць, што мытнікі зрабілі гэта наўмысна. Цяпер іх абвінавачваюць у тым, што выкарыстоўваючы службовае становішча, мытнікі дапамагалі злачынцам. Хто гэтыя злачынцы, і што на сам рэч перавозілася ў аўтамабілях, пакуль застаецца невядомым. Прадстаўнікі сьледчага камітэту ад камэнтароў на гэты конт устрымліваюцца.
Падобная рэакцыя на заведзеную крымінальную справу і ў супрацоўнікаў мытні “Заходні Буг”. Яшчэ раніцай 16 верасьня ў гэтай установе спасылаліся на адсутнасьць зьвестак пра тое, што адразу 19 іхных калегаў абвінавачваюцца ў злачынстве. Пазьней, у прыватных размовах, супрацоўнікі мытні казалі, што парушальнікаў закону ў сваіх шэрагах яны выкрылі самастойна – намаганьнямі службы уласнай бясьпекі – і толькі пасьля пра гэтае здарэньне даведаліся сьледчыя органы.
Варта дадаць, што гэта ня першы гучны скандал, зьвязаны зь дзейнасьцю берасьцейскіх мытнікаў. Дагэтуль цягнецца сьледзтва ў справе шасьці супрацоўнікаў мытні, якая месьціцца на чыгуначным вакзале Берасьця. Іх абвінавачваюць у бяздзейнасьці падчас афармленьня цягнікоў, што накіроўваліся з Варшавы ў Маскву празь Беларусь летась у кастрычніку.
Паводле самых сьціплых падлікаў, тады ня былі сплочаныя мытныя пошліны агулам амаль на 1 мільён амэрыканскіх даляраў. Цяпер мытнікі знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Калі іхная справа будзе перададзена ў суд, яшчэ ня вызначана.