ЯК БЕЛАРУСЫ САМАГОНКУ ГОНЯЦЬ

Валянцін Акудовіч, Менск

Яшчэ была ноч, а мы ўжо ўсхапіліся і паехалі. Ад грукату двух матацыклаў прачнулася ўсё мястэчка. Прынамсі, мне так здавалася. Вядома, у страху ня толькі вочы, але і вушы вялікія. А баяцца было чаго — мы ехалі ў Белавескую пушчу гнаць самагонку.

Увогуле я законапаслухмяны грамадзянін. Нават вуліцу пераходжу выключна на зялёнае сьвятло. Ды надта цікава было, як мае сябрукі робяць тое, што забаронена рабіць, але дазволена спажываць. І аднойчы я напрасіўся да хлопцаў у хаўрус, уяўляючы сабе, як мы крадком зашыемся пад густое кустоўе, асьцярожна раскладзем цяпельца бяз дыму, паставім на яго ладны чыгунок са зьмеявіком і, апасьліва слухаючы цішыню, будзем чакаць, каб хутчэй зацурчэў першачок…

Ужо прыкметна разьвіднела, калі мы спынілі матацыклы і пехатой рушылі ў непралазныя нетры.

— Трохі далей Віскулі, — паказалі мне рукой. — Тут Брэжнеў любіў паляваць.

На тую пару Брэжнева ўжо не было, аднак яшчэ і далёка было да сьнежня 1991 году, калі блізу гэтай глухой балаціны Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паставяць крыж на Савецкім Саюзе. А потым добра хапануць белавескай зуброўкі за спачын імпэрыі...

Неўзабаве мы выплюхалі на сухую выспачку, і я ледзьве не абамлеў… Якое там кустоўе, якое цяпельца?! Тут быў сапраўдны бровар, адно што бяз даху і сьценаў. На добра ўтаптаным лапіку сушы там і cям стаялі вялізныя бочкі (хіба іх зь верталёту сюды скідвалі?), злучаныя паміж сабой гнутымі трубамі і гумовымі шлянгамі. Ля дбайна ўпарадкаванага кастрышча былі ўкапаныя козлы для пілаваньня дроваў, трохі ўбаку — стол і лаўка, а пад невялічкім навесам ляжалі розныя прылады ды начыньне...

Натуральна, хлопцаў мая разгубленасьць усмак пацешыла. Каб дадаць дзіва, яны пачалі выцягваць то з-пад адной, то з-пад другой купіны закаркаваныя паперай пляшкі.

— Тут самагонка сама расьце, — патлумачылі. — Галоўнае, каб потым не забыцца, дзе ты яе пасадзіў.

— Можа першачка дачакаемся? — наіўна запытаўся я.

— Хто ж цёплую самагонку п’е? — здзівіліся хлопцы і ўключылі “Сьпідолу”.

Я кінуўся сьцішаць прыймач.

— Ты што? — спынілі мяне. — Іншыя з магнітафонамі і дзеўкамі прыяжджаюць, фаервэркі ладзяць… А мы цішком.

— Нічога сабе цішком, — абурыўся я. — А як лясьнік пачуе?!

— Чаго яму слухаць, ён і так прыйдзе, — супакоілі мяне.

Лясьнік сапраўды прыйшоў, але толькі пад вечар, калі саракалітровы бідон быў амаль поўны. Колькі гаёваму зь бідону адлівалі, я не глядзеў. На тую пару мяне ўжо мала што цікавіла і нічога не палохала. Ачмурэлы ад самагонкі ды заедзі, а найбольш ад саладжавага паху выпаранай бражкі (ён слупом стаяў да самага неба), я і думаць забыўся на свае ранейшыя страхі. Што там лясьнік, цяпер я ўжо не баяўся ні дзікоў, якія прыходзілі да гэтай балаціны ласавацца адпрацаванай бражкай, ні нават амонаўцаў, якіх гады ў рады пасылалі на зачыстку пушчы, каб яны, не шкадуючы аўтаматных куляў, рабілі з жалезных бочак альтанкі для скразьнякоў.

Зрэшты, на страхі і лішняга часу не заставалася. Трэба было секчы і цягаць сухамліны, а потым пілаваць іх на дровы, трэба было вёдрамі насіць з балаціны ў бочкі халодную ваду, а з бочак выбіраць гарачую і зьліваць у другую балаціну, трэба было сачыць за вогнішчам і гатаваць абед, а яшчэ і халодную самагонку трэба было піць, што таксама адымала і час, і сілы.

Дарэчы, працы было б значна больш, ды хлопцы прыладзіліся замест дроваў паліць салярку. З прымацаванай на дрэве каністры яна па тонкай трубцы самахоць цякла ў фарсунку, а тая пырскала па дне самай вялікай бочкі роўным і моцным полымем. Таму дровы мы падкладвалі адно ў вогнішча пад той бочкай, з якой празрыстым струменьчыкам цвыркаў у вядро гатовы прадукт. Толькі мне на яго нават глядзець было млосна, ня тое што каштаваць і ласавацца. Я ўжо быў настолькі правэнджаны алькагольнай парай, што каб сёньня патрапіў на вячэру канібалам, то назаўтра яны ня ўніклі б апахмелкі.

Ужо добра сьцямнела, калі мы разбоўталі ў бочцы з вадой мех мукі на новую порцыю бражкі, пасеялі пад купінамі некалькі пляшак цёплай самагонкі (хай астываюць да наступнага разу) і сяк-так упарадкаваўшы начыньне, пацягнулі праз балота паўнюткі бідон з-пад малака.

Як мы ехалі дахаты (і як даехалі) — гэта асобная гісторыя, але нават пасьля лазьні я і сам ад сябе нос вярнуў. Цяпер я добра разумеў, чаму мой дзед, які жыў на хутары за кілямэтры тры ад бліжэйшай вёскі, мог некалькі начэй запар чакаць ветру ў пусты далягляд, каб паставіць на агонь бражку з цукровых буракоў. Бацька ж, наадварот, пільнаваў ціхай пагоды, бо ў мястэчку суседзі з усіх бакоў. Ужо на пэнсіі, ён зрэдзьчас “ціснуў” сабе на летняй кухні некалькі літраў таксама “цукроўкі”, толькі не з буракоў, як дзед, а з кубінскага рафінаду.

А вось як вырашаюць праблему смуроду ў горадзе, я і дагэтуль ня ведаю. Адзін з маіх гарадзкіх сяброў, хімік па адукацыі, падчас гарбачоўскага змаганьня за агульную цьвярозасьць рабіў на гаўбцы такі напой, што яго і піць было шкада, хіба замест дэзадаранту на сябе пырскаць…

Дарэчы, якраз з гэтым сябрам мы добра насёрбаліся ў Туве самагонкі з малака. Дзён дваццаць наш спартовы хаўрус бадзяўся сам-насам высока па гарах, а як спусьціўся ніжэй у даліну, то сустрэў пастухоў, і яны вынесьлі нам зь юрты тазік (пазьней дакладна ў такі будуць грукаць бум-бам-літаўцы), поўны нейкай бляклай вадкасьці. Самагонка была слабенькая, як нашае піва… Зрэшты, пасьля трох тыдняў голаду і холаду мацнейшая нам была б і залішне.

Разумею, што апошняя згадка ня мае ніякага дачыненьня да заяўленай тэмы. Толькі я яе не абмінуў наўмысна, каб у адначасьсе сказаць, што самагонку можна рабіць з чаго заўгодна і як заўгодна, і на тым спыніцца. Бо далей яшчэ трэба пасьпець запытацца, з чаго беларусы гэтак адданыя самагонцы?

Похапкам здаецца — ясная рэч: дзе ж тых грошай набярэсься на крамную халеру? Але ж ці ўсё так проста? Яно і ў іншых краях ня кожнай людзіне заробку хапае ўдосыч, аднак там чамусьці не хаваюцца па лясох і сутарэньнях дзеля таннай гарэлкі?

Бачыце, каб рабіць самагонку, трэба ня толькі ўмець, а яшчэ і любіць хавацца. Зразумела, ня кожнаму такое даспадобы. А вось беларусам няма большай прыемнасьці, чым зьнікаць у нікуды, бо хованкі — наша нацыянальная гульня, якой мы бавімся ад веку… З таго ў нас і “партызанка” што заўсёды раней, што за немцамі, была як нідзе, ды і падпольшчыкаў у гарадох хапала…

Так яно і дасюль цягнецца. Відочным прыкладам — тыя сьціжмы самагоншчыкаў, што сёньня хаваюцца па лясных нетрах і гарадзкіх сутарэньнях. Яны і ёсьць ні чым іншым, як часткай нашага адвечнага партызанскага руху. А тое, што цяпер на іх ладзяць аблогі не іншаземныя карнікі, а родныя ўлады, па сутнасьці, нічога не іначыць.

Тым я і зьбіраўся скончыць свой эсэй, толькі якраз учора адзін прыблуда абразіў мяне:

— І калі гэта беларусы кінуць жлукціць гарэлку? — між іншым запытаўся ён.

На што я спакойна, аднак з гонарам, адказаў:

— Беларус — не скаціна. Гарэлку на ваду ніколі не прамяняе.