ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 15 ВЕРАСЬНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Камунар Магілеўшчыны”, 1933 год. Пастанова Магілёўскага гарадзкога савету рабочых і сялянскіх чырвонаармейскіх дэпутатаў “Аб барацьбе з спэкуляцыяй хлебам”:

“У звязку з увядзеньнем у горадзе Магілеве вольнага гандлю хлебам праз магазыны Белгандлю Прэзыдыўм Магілеўскага Гарадзкога Савету пастанаўляе: 1. Забараніць усялякую скуплю і перапрадажу хлеба з мэтай спэкуляцыі. 2. Абавязаць органы міліцыі гор. Магілева павесьці самую рашучую барацьбу з асобамі, якія будуць замечаны ў скупцы і перапрадажы хлеба. 3. Даць права Начальнікам Гарадзкіх аддзяленьняў міліцыі накладаць штрафы на вінаватых у продажы-спэкуляцыі хлебам ад 50 да 100 р. з канфіскацыяй хлеба. 4. Прасіць пракурора і апэрсэктар міліцыі прыцягваць да судовай адказнасьці злосных спэкулянтаў-перакупшчыкаў хлеба”.

“Беларуская газэта”, 1943 год. “Беларуская моладзь у радыё”:

“Краёвая радыёстанцыя Менск ужо ў шмат якіх перадачах давала слова беларускай моладзі. Мы маем на ўвазе натхнёныя апавяданьні хлапцоў і дзяўчат аб іхнім уражаньні ад падарожжа ў Нямеччыну, аб наведваньні двара Дразды, у якім заложаны прыгожы ўзгадавальны лягер. Ад 4-га верасьня штосыботы ў часе 18.30-18.45 краёвая радыёстанцыя Менск пачынае перадаваць новую сэрыю перадачаў “Беларуская Моладзь”. У гэтых перадачах, якія будуць праводзіцца ў супрацоўніцтве з кіраўнічым штабам СБМ, маладыя людзі будуць самі ў сваёй роднай мове расказваць пра падзеі ў новым руху і ў узгадавальных лягерах моладзі”.

“Вечерний Минск”, 1973 год. Паведамленьне БЕЛТА “Волю народу не зламіць!”:

“Мітынг салідарнасьці з чылійскім народам адбыўся 14 верасьня на Менскім тонкасуконным камбінаце. У ткацкі цэх пасьля сканчэньня першай зьмены прыйшло больш за 700 чалавек. Адкрываючы мітынг, сакратар парткаму Л.Таўгіна сказала, што ў гэтыя цяжкія для чылійскага народу дні савецкія людзі поўныя рашучасьці мацаваць зь ім салідарнасьць. Ад імя вэтэранаў камбінату выступіў сьлесар аддзяленьня галоўнага мэханіка П.Рыбін: “Тэрор чылійскай рэакцыі супраць рабочых, іх прафсаюзаў ды іншых дэмакратычных арганізацыяў цалкам раскрывае выключна ілжывы характар так званай буржуазнай дэмакратыі. Мяцежнікі не спыніліся перад найбольш гнюсным злачынствам — подлым забойствам законна выбранага народам прэзыдэнта Сальватора Альендэ”.