ЖЫВАЯ МОВА: ЗДАЦЬ СПРАВУ / ЛIЧБУ, ЗРАБIЦЬ СПРАВАЗДАЧУ…

Юрась Бушлякоў, Менск

Месяц назад мы разьбiралi пару выпадкаў, калi пры паслоўным перакладзе словазлучэньняў з расiйскае мовы ў беларускiх адпаведнiках здараецца непажаданы паўтор каранёў (напрыклад, забясьпечыць бясьпеку цi атрымаць падтрымку). Па-беларуску, напомню, гаворым iначай: даць або гарантаваць бясьпеку, заручыцца падтрымкаю, а таксама падтрымку займець або здабыць.

Наш сталы слухач Аляксандар Алесiк зь Вялейкi прапанаваў зьвярнуць увагу на некаторыя iншыя скалькаваныя спалучэньнi аднакаранёвых словаў. Часам, напрыклад, гавораць i пiшуць у нас, што здалi справаздачу. Ёсьць некалькi спосабаў, каб выказаць гэтую думку па-iншаму, не дублюючы кораня. Найпрасьцейшы спосаб – паставiць пры слове справаздача дзеяслоў зрабiць (зрабiць справаздачу). Таксама можам сказаць: здаць справу – з гэтага словазлучэньня, уласна, i вынiкае назоўнiк справаздача. У старабеларускую пару ў значэньнi справаздачы выкарыстоўвалi слова лiчба. Было тады: здаць лiчбу (здати личбу). Можа, варта паспрабаваць ажывiць такое спалучэньне?

А зараз коратка пра iншыя выпадкi каранёвага паўтору, на якiя зьвярнуў увагу наш слухач. Вызначыць прызначэньне – дзеяслоў вызначыць у гэтым выпадку лёгка замяняецца. Прызначэньне, да прыкладу, нейкай прылады мы ўстанаўляем або выяўляем, яшчэ – высьвятляем. Дзеяслоў устанавiць ужываем таксама, каб не паўтараць каранёў у спалучэньнi усталяваць абсталяваньне. Абсталяваньнеустанавiць або паставiць. Выканаць наканаваньне – тут таксама трэба замянiць дзеяслоў. Поруч з назоўнiкам наканаваньне дарэчы дзеясловы спраўдзiць i зьдзейсьнiць.

Пры канцы папрактыкуем яшчэ раз, засьцерагаючы сябе ад кáлек з паўторамi. Скажам па-беларуску: зрабiць справаздачу, або здаць справу, або – ужываючы старабеларускую канструкцыю – здаць лiчбу; устанавiць цi выявiць прызначэньне; паставiць абсталяваньне; спраўдзiць, зьдзейсьнiць наканаваньне.