ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 12 ВЕРАСЬНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная зьмена” ў 1933 годзе друкуе другую частку гутаркі “Што павінен ведаць прызыўнік”: “Царская ўлада, прызываючы грамадзян на вайсковую службу, зусім не клапацілася аб сем’ях прызваных. Зусім інакш абстаіць справа зараз. Так, пры чарговым прызыве, прызыўнік ня можа быць звольнены па скарачэньню штатаў, пачынаючы зь 1 жніўня да дню яўкі ў прызыўную камісыю. Прынятыя ў кадры РСЧА аслабаняюцца ад работы за 6 сутак да адпраўкі ў частку. Пры разьліку выдаецца дапамога ў разьмеры сярэдняга заробку за 12 рабочых дзён і за нескарыстаны адпачынак. У выпадку зварачэньня прызыўніка з часткі па хваробе на працягу 2-х месяцаў пасьля яго адпраўкі ў частку, ён мае права заняць сваю мінулую пасаду, сем’і прызваных накіроўваюцца на работу ў першую чаргу”.

Газэта “Беларус” у 1983 годзе паведамляе з Амэрыкі падрабязнасьці пахаваньня Ларысы Геніюш: “На паховіны здолеў прыехаць з Польшчы толькі сын Юрка з жонкай Валяй, унукі ўжо не пасьпелі (дазвол на ўезд у БССР даецца толькі на тэлеграму). Увесь архіў Нябожчыцы сын перадаў у Акадэмію Навук БССР з умоваю, што будзе магчымасьць у будучыні апрацаваць яго й карыстацца ім. Фармальнасьці пераданьня архіву былі зробленыя пры дапамозе юрыдычнага аддзелу польскага кансуляту ў Менску. Крыху памятак і экспанатаў здадзена ў музэй старасьвецкага мастацтва ў Менску ды ў этнаграфічны музэй у Горадні. Усе фатаграфіі перавезеныя ў Беласток”.

“Биржы и банки: Белорусская деловая газета” на гэтым тыдні ў 1993 годзе інфармуе: “З 7 па 10 верасьня ў Беларускай Акадэміі навук пройдзе міжнародная канфэрэнцыя “Аб стратэгіі ў галіне навакольнага асяродзьдзя Беларусі”. Мэтай канфэрэнцыі стане абмеркаваньне дакладу Ўсясьветнага банку “Дасьледваньне экалягічнай стратэгіі”. У ім прааналізаваны асноўныя экалягічныя праграмы і дадзены прагноз зьмяненьняў тэхнагеннай нагрузкі на навакольнае асяродзьдзе пры розных сцэнарах эканамічных рэформаў. Аналіз захворваньняў у Беларусі паказвае, што 15-20% хваробаў у краіне ўзьнікаюць з-за ўзьдзеяньня неспрыяльных фактараў навакольнага асяродзьдзя. А ў шэрагу гарадоў (…) гэты фактар найпершы. Таксама на сумныя роздумы наводзіць няўхільнае зьніжэньне сярэдняй працягласьці жыцьця насельніцтва, асабліва ў мужчынаў, якая складае ў Беларусі 66 гадоў, тады як у Эўропе — 70. У 115 з 118 раёнаў Беларусі сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць”.