ЗУБНОЕ ШЧАСЬЦЕ ПРАВІНЦЫІ – НЯ ВЫЛЕЧЫЦЬ, А ВЫДРАЦЬ ХВОРЫ ЗУБ. КАБ ДОЎГА НЕ ПАКУТАВАЦЬ

Аляксандар Уліцёнак, Менск

З зубамі ў краіне бяда: практычна ўсім пэнсіянэрам патрэбнае пратэзаваньне, 95% дзяцей пакутуюць на розныя стаматалягічныя хваробы, людзі сярэдняга веку па інэрцыі стомлена змагаюцца зь імі, але без асаблівае надзеі атрымаць хоць бы часовую перамогу ў той пажыцьцёвай вайне... Адкуль гэтае нявер’е? Чаму ў такой крытычнай сытуацыі да лекараў зьвяртаюцца за год толькі 15 мільёнаў чалавек, хоць трэба мінімум утрая больш?

Аляксандар Уліцёнак, Менск

Вось шчырае, хоць і горкае прызнаньне: што-што, але зубы мае клінічна адпавядаюць сумнаму нацыянальнаму стандарту... У выніку працяглай барацьбы зь неўміручым карыесам ды іншай дрэньню ацалелі ўсяго штук пяць, выстаялі пад націскам жахлівых бормашын, але пазбавіліся нэрвовых канчаткаў — штук пятнаццаць...

Тут самае мейсца працытаваць земляка з Магілёўшчыны дзядулю Міхала:

(Спадар: ) “Яны ўжо згнілі, зубы. Во!… Там пазаставаліся“чарапашкі” адныя”.

Як бачна, мне пашанцавала болей — яшчэ сямёра часова схаваў пад мэталякерамічныя каронкі... Чую, аднак, што нават тая “крупаўская” сталь ня выратуе левы ніжні крайні і верхні трэці правы... Такі вось лёс 27-х маіх зубоў. Астатнія пяцёра яшчэ бээсэсэраўскі дантыст безапэляцыйна прызнаў беспэрспэктыўнымі і... Так, выдаліў. Больш дакладна — выдраў. Пры гэтым ён крахтаў ад напружаьня, а я паміраў ад болю, захлынаўся крывёю...

І зноў слова — дзядулю Міхалу:

(Спадар: ) “У Шклове вырвалі, дык 11 гадзінаў кроў не маглі спыніць. А тута вырвала нармалёва, бязбольна”.

(Карэспандэнт: ) “А абязбольваюць?”

(Спадар: ) “Не! Проста вырвала, і ўсё”.

Некалькі год пасьля памятнай для сябе экзэкуцыі я ня мог па-людзку ўсьміхацца — баяўся напужаць знаёмцаў, так бы мовіць, “зіяючымі пустотамі”. І ўжо ў Беларусі сувэрэннай на пятым дзясятку жыцьця падтрымаў маладую камэрцыйную стаматалёгію звонкаю манэтай: яе хапіла ажно на тры ўстаўныя зубы-прыгажуны. Затое “галівуджу”, амаль як Брэд Піт!

Але так, як нам з галівудзкай кіназоркай, шанцуе ня ўсім. Бальшыні наканаваны іншы лёс. Вось што распавядае спадар Васілевіч з Гомельшчыны:

(Васілевіч: ) “Паставілі пратэзы, дык я іх у шклянку з вадою кінуў. Няхай стаяць! Верхні нічога, а ніжні — няўдалы. Як нажом рэжа дзёсны. Нельга ні жаваць, ні ўкусіць. Драблю прадукт нажом або чым давядзецца. Пацісну драбней трохі — і ем”.

Дзядуля шкадуе аб адным: ня спраўдзілася ягоная надзея, што з дапамогаю пратэзаў здолее лускаць семкі — любы занятак з часу яшчэ здаровай маладосьці... Не перастаю абурацца: зубныя страхі й праблемы майго далёкага вясковага дзяцінства ў рэгіёнах засталіся амаль без пераменаў... Хоць у сьвеце адбываецца такое! Сабаку Анатоля Чубайса — туркмэнскаму алабаю Джэку — за тысячу даляраў пад наркозам паставілі некалькі залатых зубоў замест выпадкова згубленых. Брытанскія вучоныя пачалі вырошчваць сапраўдныя, натуральныя зубы для наступнай імплянтацыі пацыентам, а гэта азначае, што зусім хутка ўстаўныя-штучныя стануць гістарычным анахранізмам. А ў правінцыйнай Беларусі па-ранейшаму “каменны век”: клопат нумар адзін — як увогуле трапіць у паліклініку... Каб заняць чаргу туды, жыхары Баранавічаў, напрыклад, мусяць уставаць хіба ці не на золку.

(Мужчына: ) “У колькі прыйшоў? Так, дзесьці хвілінаў дваццаць на сёмую”.

(Жанчына: ) “Я — першы раз. Прыйшла на выдаленьне. Было недзе хвілінаў пятнаццаць на сёмую”.

(Другі мужчына: ) “Тут заўсёды трэба рана прыходзіць, каб заняць чаргу. Гэта адвеку так”.

(Другая жанчына: ) “Я жыву ў Паўночным мікрараёне. У нас нібы свая паліклініка стаматалягічная. Але, каб Вам не зманіць, разоў чатыры займала там чаргу, паднялася а шэстой раніцы, аднак ніводнага разу так і не змагла ўзяць талён. Там працуюць толькі два тэрапэўты. Людзі кажуць, што падымаюцца а пятай раніцы, каб раней заняць чаргу. Вось змушаная была прыйсьці сюды. Спадзяюся хоць тут дастаяцца”.

Заўважце: Баранавічы — далёка не занядбаны гарадок. Новае стагодзьдзе на двары, а ўсё тое самае, праз што я прайшоў трыццаць пяць год таму. Адной з прычынаў вялізных наэлектрызаваных страхам чэргаў у зубных паліклініках, асабліва вясковых, зьяўляецца кадравая неўкампектаванасьць — бракуе 15% спэцыялістаў. Гэта вельмі шмат, бо беларускія нормы штатнага раскладу ідуць з савецкага часу, калі 10 тысячаў насельніцтва абслугоўвалі толькі пяцёра стаматолягаў. Але зараз памяняліся тэхналёгіі, паўсюль з адным хворым у кабінэце працуюць ужо два адмыслоўцы... Да таго ж шмат дзе народу менее, і тады згодна старым нарматывам участковыя больніцы ўвогуле пазбаўляюцца ставак... І людзям ужо трэба дабірацца або ў суседні сельсавет, або ў горад. А на чым? Як пасьпець да шасьці раніцы, каб заняць чаргу? Вось і кажа кіраўніца Баранавіцкай паліклінікі Марыя Ашманкевіч:

(Ашманкевіч: ) “...Мы стараемся, каб хоць з вострым болем людзям дапамагчы. Але каб усіх жадаючых — не задавальняем”.

І што ім застаецца? Народныя сродкі: абуваньне зь левае нагі, паласканьне травамі, прыкладваньне да хворага месца старога пажоўклага сала, добры гарэлачны “кампрэсік”... Даходзіць да рэанімацыі шэптаў-загавораў. Бяруць бабулькі часнык ці цыбуліну і гледзячы на маладзік ціхенька так: “Месяц-месяц, а дзе ты быў? — За акеянам. — Каго бачыў? — Мерцьвякоў. — Не баляць у іх зубы? — Не баляць. — Дык хай і ў раба Аляксандра не баляць, не шумяць ні правыя, ні левыя, ні ніжнія, ні верхнія! Ні правыя, ні левыя, ні ніжнія ні верхнія! Ні правыя, ні левыя, ні ніжнія, ні верхнія!..” Абавязкова да трох разоў. Затым грызеш той загавораны часнык і... І празь нейкі час усё адно мусіш шукаць паратунку ў стаматоляга. Мусіш падтрымліваць адвечныя беларускія чэргі да людзей з бормашынамі. Так было са мной калісьці, так застаецца сёньня з маімі вясковымі пляменьнікамі... Гаворыць намесьнік галоўнага лекара Гомельскай абласной стаматалягічнай больніцы Васіль Жогла:

(Жогла: ) “Ёсьць чэргі. Каб патрапіць на прыём, трэба адстаяць чаргу і ўзяць талён. Вось, я ведаю, у Рэчыцкім раёне такія праблемы, і яны вельмі слушныя”.

Па традыцыі спэцыялісты, асабліва з вышэйшай адукацыяй, неахвотна затрымліваюцца ня толькі ў аддаленых вёсках, але і ў невялічкіх райцэнтрах. Бо працы вельмі шмат, а заробак крыху больш за сто тысячаў. Ня дзіва, што ў Зэльве дэфіцытнага дантыста вельмі доўга заманьвалі ажно трохпакаёвай кватэрай, аднак дабрахвотнік, кажуць, ледзьве знайшоўся. Многія лічылі, што сытуацыю выправіць легалізацыя прыватнага лекаваньня — маўляў, зьявіцца магчымасьць мець добрую капейчыну. Але пакуль не атрымліваецца: на ўсю Беларусь толькі 500 камэрцыйных стаматалягічных кабінэтаў, зь якіх больш за палову — у Менску. Затое платныя паслугі актыўна ўкараняюцца ў звычайных дзяржаўных паліклініках. Слова — спадару Васілю Жогла:

(Жогла: ) “Чаму мы ўводзім платныя паслугі? Не ад добрага жыцьця. У нас ёсьць кабінэт платнага прыёму, дзе чалавек плаціць за ўсё. А ў астатніх кабінэтах — проста платныя паслугі. Чалавек проста плаціць за матэрыял. У розных паліклініках па рознаму. Памер вылазіць з прычыны кошту абсталяваньня і дробных інструмэнтаў, матэрыялаў. Самая праца стаматоляга каштуе капейкі. Каронка простая, мэталічная з напыленьнем — каля 5 тысячаў, мэталякерамічная — каля 30 тысячаў”.

Для рэгіёнаў гэта немалыя грошы — далёка ня ўсе згодныя траціць іх на лекаваньне зубоў. І ўсё ж лёд крануўся... Настаўніца са шклоўскай вёскі Гарадзішча спадарыня Ўладзіслава Паўлаўна кажа, што і для яе такія паслугі зусім нятанныя, аднак...

(Спадарыня: ) “…Аднак разам з тым камфортна адчуваеш сябе. Надзейнасьць нейкая забясьпечваецца, у параўнаньні з тым, калі прыходзім у дзяржаўную ўстанову, а там адразу гавораць: “У нас матэрыялы дрэнныя. Вашая пломба хутка выляціць”.

У адрозьненьне ад дзяржаўных установаў, прадпрымальнікаў больш жорстка кантралююць. Аднак сёньня адмысловы кантроль за якасьцю стаматалягічных паслугаў (дарэчы, уведзены зусім нядаўна) відавочна не адпавядае рэальнай сытуацыі. Хіба вартая ўвагі лічба: 18 адмысловых экспэртызаў па пастановах пракуратур ды сьледчых органаў усяе краіны за два гады? Для параўнаньня: гэта ўдзесяцёра меней, чым у Маскве за адзін толькі квартал... А фактаў, калі гора-лекары літаральна калечаць сваіх пацыентаў, ну проста мора!..

Мяне самога, калі ставіў каронкі, ледзьве не адправілі на той сьвет: унесьлі нейкую інфэкцыю, пачалося заражэньне, а я па нацыянальнай звычцы ўсё думаў — ай, абыйдзецца! Калі сярод ночы літаральна ўзвыў і мусіў ехаць у больніцу “хуткае дапамогі”, дык там не знайшлося абязбольваньня, і паколькі размова ішла пра запаленьне крыві, дык гной са сківіцаў мне з добрую гадзіну выціскалі, як кажуць, “жыўцом”...

Чаму не судзіўся са сваім доктарам? Дык жа раней сказаў: мой зубны лёс клінічна беларускі... А ў Беларусі часьцей за ўсё суды на баку мэдыкаў. Хоць нядаўна быў зусім экстрэмальны выпадак: пацыент памёр проста ў зубным кабінэце... З-за элемэнтарных памылак мэдыкаў. Але найчасьцей пакутуюць не ад недахопу лекарскага прафэсіяналізму, а зь іншых, традыцыйных для краіны зубадрабільных тэхнічных ды тэхналягічных прычынаў. На гэтым і робіць акцэнт спадар Жогла, калі разважае, што замінае высакаякаснай дапамозе хворым:

(Жогла: ) “Недахоп апаратуры, калі браць вобласьць у цэлым. Адсоткаў 80 трэба мяняць. Узяць стаматалягічныя ўстаноўкі, дык мікраматоры там на 30-40 тысячаў абаротаў. А ёсьць ужо турбінныя ўстаноўкі. Там за кошт паветра — да 300 тысячаў абаротаў. Многае залежыць і ад бораў. Або алмазны востры бор, або жалезны”.

Калі сучасная стаматалягічная апаратура на захадзе мяняецца праз 5 гадоў, дык дапатопныя расейскія бормашыны, якімі найчасьцей карыстаюцца ў Беларусі, адпрацавалі да пяці тэрмінаў. І не таму, што тут надзвычай умелыя, беражлівыя цуда-майстры. Усё прасьцей: няма грошай купіць сучасную тэхніку. Добрая каштуе за 10 тысячаў даляраў, нядрэнная — 6-10 тысячаў. Хто ж іх набудзе для маіх землякоў-вяскоўцаў? Вось і калечаць людзям псыхіку жудасным гулам і маральна, і фізычна састарэлых машын, разьбіваюць прымітыўнымі, грубымі борамі яшчэ здаровыя зубы... Сродкаў бракуе нават на больш-менш прыстойныя пломбы, іншыя прэпараты. Здараецца, выкарыстоўваюць нават тое, што па ўсіх нормах патрабавалася выкінуць на сьметнік яшчэ задоўга да канца мінулага стагодзьдзя. Ня дзіва таму непраходзіць беларускі страх перад стаматолягамі: замучаюць, скалечаць... А найноўшае ягонае адценьне — боязь застацца з пустымі кішэнямі. Цікава, што маладыя гатовыя заплаціць апошняе, абы ня зьведаць болю і стрэсу традыцыйнага дзяржаўнага “мэдсэрвісу”. Распавядае загадчыца старадароскай паліклінікі Ала Татур:

(Татур: ) “У нас дзяржаўнае пратэзаваньне. Але побач Слуцак, і сёньня ёсьць права выбару ў хворых. У каго ёсьць грошы, той можа пайсьці ў камэрцыйныя структуры. Там у нейкай ступені, можа, і лепшай якасьці пратэзаваньне. Калі ёсьць грошы, то ў чалавека ёсьць права выбару”.

Спадарыня Тур прызнае: зуб за 7 тысячаў, якія ставяць ейныя дантысты, аніяк не адпавядае ўяўленьням пра сучасную стаматалягічную эстэтыку. А зь іншага боку, маўляў, навошта тая прыгажосьць за шалёныя грошы? Падумаеш, зубы чорна-жоўтыя! Але ж якая талія ў дзяўчыны!.. Які характар!.. Хіба ён не важнейшы за дурны пах з роту? Такая досыць распаўсюджаная псыхалёгія — яшчэ адное тлумачэньне таго, чаму беларуская ўсьмешка, мякка кажучы, ня самая прыгожая...

У размове пра элемэнтарную санітарную культуру спадарыня Татур узгадала характэрны эпізод:

(Татур: ) “Пытаюся ў дзядулі: калі апошні раз шчотка ў яго была? І той адказвае: “Дзеткі, у войску”. А дзеду — сёмы дзясятак. Ну пра што тут можна казаць?!.”

Ды што дзяды? Шклоўская настаўніца Ўладзіслава Паўлаўна лічыць, што і куды больш маладыя вяскоўцы мала дбаюць ня толькі пра ўласнае здароўе:

(Спадарыня: ) “Купіць бы меней на адную кофту, блузку ці нешта іншае, а замест гэтага вылечыць зубы. Аднак 50% бацькоў, напэўна, абыякава, якое здароўе ў дзяцей. Гэта ж сяло!”

Невыпадкова, як і ў мае малечыя гады, карыес застаецца самым распаўсюджанай дзіцячай хваробаю. Пытаемся ў вяскоўцаў, хто ці што вінаватыя ў такім становішчы?

(Спадарыня: ) “Напэўна, нашая культура. Мы не разумеем, што галоўнае”.

(Спадар: ) “Калі б чысьціў іх штодня!..”

(Спадарыня: ) “Хто іх ведае. Чысьці — ня чысьці… Канечне, нашая доктарка кажа, што трэба раз на тры месяцы прыйсьці й сесьці ў крэсла, каб яна ўсё ўважліва паглядзела, аднак рукі ў нас не даходзяць”.

(Спадар: ) “Калі мне іх чысьціць? Гэта трэба нешта спэцыяльнае… Трэба ж і парасю “зубы пачысьціць”, а то галодны пішчыць, травы трэба нарваць, наварыць. Усё гаспадарка! Карацей, не да зубоў!”

Між іншым, ангельцы наўпрост зьвязваюць якасьць зубоў зь якасьцю жыцьцёвых стандартаў. Тут у прапагандысцкіх мэтах праводзяць нават апытаньне на тэму, хто зь вядомых людзей служыць узорам стаўленьня да сваіх “трыццаці двох”, а хто — звычайны барбар... Дык вось, беларусам трэба раўняцца на актора Пірса Броснана і мадэль Элізабэт Херлі. А Тоні Блэру і Джорджу Бушу экспэрты параілі тэрмінова заняцца “рамонтам” сваіх сківіцаў. У той жа Ангельшчыне вось-вось прынялі адмысловы закон пра абавязковае фтараваньне ўсяе пітное вады, каб папярэдзіць атаку карыеса, асабліва на дзяцей. Пра беларускую сытуацыю распавядае лекар-гігіеніст Пухавіцкай санэпідстанцыі Канстанцін Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Каб зубы былі здаровыя, патрэбны ня проста фтор, а нармалёвы балянс паміж фторам і кальцыем, якія чалавек спажывае з вадой, з харчамі і гэтак далей. У нас няма тэхналёгіяў. У нас рэгулююць яго з харчовымі прадуктамі. У Беларусі паўсюдна фтора і ёду недахоп. Таму ў нас такое выйсьце знайшлі з сытуацыі. А іншых спосабаў няма. У нас не практыкуюцца іншыя спосабы”.

Хоць у сьвеце іх хапае. У Ізраілі, напрыклад, вынайшлі ўжо замену нават славутым фторыстым зубным пастам. У ЗША і Эўропе пастаўленая мэта захаваць 70-гадовым пацыентам ня менш за 20 родных зубоў! Але для беларускай правінцыі па-ранейшаму зубное шчасьце нават маладзейшых якраз у тым, каб бяз чэргаў, асаблівага болю і непрыемных наступстваў ня вылечыць, а — менавіта выдраць чарговы хворы зуб! Каб меней мучыцца…