КОЛЬКІ “ФЭНІКСАЎ” АДРОДЗІЦЦА ЗЬ “ПЕСЬНЯРОЎ”?

Ігар Карней, Менск

Пра намер увекавечыць памяць Мулявіна казалі й раней. Ці будуць унесеныя істотныя карэктывы ў першапачатковыя пляны? Мяркуючы па ўсім, наўрад ці.

Аляксандар Лукашэнка яшчэ ўвесну сваім распараджэньнем зацьвердзіў пералік мерапрыемстваў, накіраваных на ўшанаваньне заснавальніка “Песьняроў”. Цягам амаль паўгоду “ўтрасаліся” тэхнічныя пытаньні, шукаліся грошы на ажыцьцяўленьне прэзыдэнцкіх загадаў і г.д.

Так што, можа будуць невялікія адхіленьні ў тэрмінах выкананьня, але пералік мерапрыемстваў мусіць быць наступны.

Найперш, помнік Мулявіну ля Белдзяржфілярмоніі: сёньня павінны агалосіць імя скульптара. Бульвар Луначарскага, які месьціцца тут жа, будзе пераназваны ў вуліцу Мулявіна. Дом на вуліцы Бяды, што зусім блізка ад цяперашняй студыі “Песьняроў”, і дзе жыла сям’я Мулявіных, атрымае мэмарыяльную дошку з указаньнем, што тут жыў вядомы выканаўца і кампазытар. Калі не пашкодзіць справе цяперашні канфлікт у “Песьнярах”, дзяржаўны ансамбаль будзе расфармаваны, а замест гэтага будзе створаны Нацыянальны культурны цэнтар імя Мулявіна, які аб’яднае усё, што засталося ад уласна “Песьняроў”, студыю “Сябры”, аб’яднаньне “Белдзяржканцэрт”, Тэатар Васіля Раінчыка, а таксама асобных музыкаў, сярод якіх Мікалай Скорыкаў, Уладзімер Ухцінскі ды іншыя.

Плянуецца гэтаксама заснаваць некалькі стыпэндыяў імя Мулявіна у кансэрваторыі ды іншых музычных установах краіны. На шэрагу музычных фэстываляў, у прыватнасьці, на “Славянскім базары” і “Залатым шлягеры” будуць уручацца адмысловыя Мулявінскія прэміі, а таксама плянуецца ладзіць канцэрты памяці музыкі, дзе розныя выканаўцы сьпявалі б ягоныя песьні. Нарэшце, адна з расейскіх студыяў гуказапісу атрымае замову на выпуск музычнай анталёгіі “Песьняроў” — плянуецца выпусьціць ажно два дзясяткі кампакт-дыскаў з запісамі твораў мулявінскае пары. Магчымыя нейкія нязначныя дапаўненьні, але менавіта гэтыя захады завізаваныя асабіста Лукашэнкам і наўрад ці хтосьці возьмецца іх аспрэчыць ці істотна адкарэктаваць.

Іншае пытаньне, ці могуць нейкім чынам адкарэктаваць пляны падзеі, якія зараз скалынаюць музычны асяродак? “Песьняры” існуюць ужо ў трох варыянтах. Іншымі словамі, ці вартыя пасьлядоўнікі Мулявіна, каб карыстацца ягоным імем?

Момант гэты сапраўды вельмі істотны і ў пэўным сэнсе драматычны. “Песьняры” пучкуюцца звышактыўна, і лічба “3”, паводле меркаваньня музычных крытыкаў, у гэтым шэрагу не апошняя. Апроч “Беларускіх песьняроў”, у якім, дарэчы, найбольшая колькасьць сапраўдных экс-паплечнікаў Мулявіна, усе астатнія — гэта фантомы, якія папросту імкнуцца патрапіць пад крыло дзяржаўнага фінансаваньня.

“Песьняры”, якіх апякуе Міністэрства культуры, — гэта яшчэ й прыклад непераборлівасьці чынавенцтва, знаходжаньня па-за рэальным кантэкстам падзеяў. Вакаліст Валеры Скаражонак, які загадам міністра прызначаны дырэктарам “Песьняроў”, у калектыве — як кажуць, “бяз году тыдзень”. Пасьля таго, як на гурт са скандалам пакінулі Барткевіч і кампанія, Скаражонак застаўся сам-насам зь дзяржаўнымі праблемамі, і на ўзмацненьне ягонага, крыху падарванага маральнага духу, літаральна пазаўчора была кінутая дачка Мулявіна Марына. Яна ў пакуль яшчэ пустым сьпісе кадраў фармальна цяпер намесьніца Скаражонка.

Што да каманды Барткевіча, то, апынуўшыся на вуліцы, апальныя бадзяжныя музыкі пакуль што без усялякага сумніву выкарыстоўваюць ранейшы брэнд “Песьняры” і нават актыўна гастралююць — зараз яны ў турнэ па расейскай Сібіры.

Дарэчы, мой калега Зьміцер Падбярэскі прынёс учора плякат “Песьняроў” №3 (Барткевіцкіх), дзе па-руску быў указаны назоў гурту і кіраўніком пазначаны не Скаражонак, як загадаў міністар культуры, а менавіта Барткевіч. Натуральна, што Скаражонка зь ягоным адзіным паплечнікам Шарапавым на плякаце няма. Сьведчыць гэта толькі на тое, што да разрыву рыхтаваліся даўно, і замовілі плякаты нашмат раней за “развод”. Або за тыдзень пасьля рэвалюцыі пасьпелі тэрмінова надрукаваць салідны наклад.

Дарэчы, цікава, хто зь “Песьняроў” будзе выступаць 26 верасьня на “Дажынках” у Пружанах, бо ад пачатку плянавалася, што менавіта там “Фэнікс” мусіў адрадзіцца з попелу. І ў рэчышчы апошніх падзеяў будзе вельмі сымбалічна, калі на месца пад сонцам будуць прэтэндаваць адразу некалькі гэтак званых “фэніксаў”.