ГЭС ЗЬБІРАЮЦЦА БУДАВАЦЬ, НЕ ПАРАІЎШЫСЯ З ГРАМАДЗКАСЬЦЮ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Праблемай будаўніцтва Нёманскай ГЭС некалькі гадоў займаецца Ніна Палуцкая — экспэрт экалягічнага праекту TACIS, прысьвечанага Нёману, тэрмін якога скончыўся пры канцы лета. Раней ёй удалося наладзіць грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя праблемам будаўніцтва гідраэлектрастанцыі. Прадстаўнікі “Гроднаэнэрга” слуханьні праігнаравалі.

Асноўнай шкодай, на думку Ніны Палуцкай, будзе тое, што плаціна спыніць рух донных наносаў. Напрыклад, за Каўнаскай ГЭС у рацэ ўтварыліся яміны даўжынёй да 15 кілямэтраў…

(Палуцкая: ) “Што гэта азначае? Гэта паніжэньне ўзроўню ракі. Колькасьць вады праходзіць па рацэ тая ж, але яна сыходзіць углыбіню. Зьяўляюцца дадатковыя выспы, агаляюцца косы, берагі. Ці мала што можа быць? Мы нават ня ведаем, колькі праходзіць па дну ракі разнастайных камунікацыяў”.

Спадарыня Палуцкая зазначае, што гатовага праекту будаўніцтва станцыі яшчэ няма, але ўлады саму задуму вельмі падтрымліваюць. Насельніцтву абяцаюць выдатны адпачынак на вадасховішчы і бурлівае разьвіцьцё водных відаў спорту.

(Палуцкая: ) “Вадасховішчы маюць звычку заільвацца. На берагах вадасховішчаў вельмі рэдка адпачываюць людзі, фактычна ніколі. А каб там разьвіваліся базы адпачынку, дык для гэтага не вадасховішча патрэбнае. Для гэтага патрэбная нармальная эканоміка ды інвэстыцыі. Я вельмі сумняюся, што як толькі зьявіцца вадасховішча, адразу зьявяцца нейкія белыя параходы і ветразі”.

Самым заганным Ніна Палуцкая лічыць тое, што з грамадзкасьцю наконт будаўніцтва ГЭС раіцца ня хочуць. Само паняцьце грамадзкай экалягічнай экспэртызы ў заканадаўстве існуе, але яна ня мае ніякага вырашальнага значэньня побач з экспэртызай дзяржаўнай.

(Палуцкая: ) “У сваім заключэньні Мінпрыроды, апроч некалькіх нязначных заўвагаў, указала “Гроднаэнэрга”: перад ажыцьцяўленьнем сваіх задумаў абавязкова параіцца з грамадзкасьцю. Гэта значыцца, правесьці нейкія публічныя ці грамадзкія слуханьні з удзелам альтэрнатыўных бакоў, незалежных экспэртаў, журналістаў”.

Аднак кіраўніцтва “Гроднаэнэрга” абмежавалася пакуль тым, што на мясцовай тэлевізіі, у прэсе стала шырэй распавядаць пра станоўчыя бакі будаўніцтва электрастанцыі. Ніна Палуцкая гаворыць, што ў гэтай сытуацыі грамадзкасьць застаецца пасыўным бокам. Ні пра якую незалежную экалягічную экспэртызу, нават альтэрнатыўнае меркаваньне гаворкі папросту няма. А значыцца, улічваць іх рэальна ніхто не зьбіраецца.