ШЛЯХТА ПІНСКІХ БАЛОТАЎ

Ягор Маёрчык, Шаломічы—Болгары—Лозічы—Крывое Сяло

Асфальтаваная дарога сканчаецца за некалькі кілямэтраў да Шаломічаў. Ды й само паселішча не адразу назавеш вёскай у традыцыйным разуменьні: вуліцаў няма, дамкі раскіданыя па ўсёй ваколіцы, злучаныя яны сьцежкамі.

Звычайная драўляная хата з саламянай страхою. Хлеў і склеп таксама без дахоўкі. Замест яе — трысьнёг. Менавіта так напачатку XXI стагодзьдзя выглядае сядзіба беларускага шляхціча.

Гаспадар — Вячаслаў Шаламіцкі — пачынае размову з экскурсу ў гісторыю.

(Шаламіцкі: ) “Шляхецтва далі, калі Іван Жахлівы выправіў на Беларусь войска. Вялікае войска было!.. Рачулка Крапіўная ля Воршы — Княства Літоўскае яго там пакалаціла добра”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта бітва пад Вошай?”

(Шаламіцкі: ) “Ага”.

(Карэспандэнт: ) “А хто вам даў шляхецтва?”

(Шаламіцкі: ) “Кароль даваў. Тады ён узнагародзіў усіх, хто там быў”.

(Карэспандэнт: ) “Можа ў вас захаваліся нейкія дакуманты?”

(Шаламіцкі: ) “Была шляхецкая грамата. Але ж усё загінула”.

(Карэспандэнт: ) “Якія ўзаемаадносіны былі з мужыкамі?”

(Шаламіцкі: ) “Яны шляхту ненавідзелі. Ненавідзеў той, хто дурны. Мужыкі нас дражнілі: “кундаль-кундаль” (дурны). А нашыя іх дражнілі: “гад-гад”. І цяпер такое працягваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Як цяперашняя шляхта ставіцца да ўладаў?”

(Шаламіцкі: ) “Шляхта прэзыдэнта падтрымлівае можа ня горш, чым тыя мужыкі, бо ён харошы. Гаражане яго ня любяць. Сволачы!.. Прабач за моцнае слова, але як іх можна хваліць, калі яны ня хочуць рабіць і жадаюць шмат грошай атрымліваць?”

(Карэспандэнт: ) “Але ж, ведаеце, апошнімі гадамі лягчэй жыць ня стала: пэнсіі малыя, кошты вялікія…”

(Шаламіцкі: ) “Пэнсіі нам шмат ня трэба, абы можна было жыць”.

У Пінскім раёне ўздоўж Прыпяці раскіданы добры дзясятак вёсак, якія тут называюць “шляхецкімі”. Іхныя насельнікі — гэта нашчадкі тых самых ваяроў, якія ў XVI стагодзьдзі біліся пад Воршай. Праўда, пацьвердзіць сваё паходжаньне сёньнья могуць ня ўсе. Дакуманты тых і пазьнейшых часоў па-просту не захаваліся. А некаторыя нішчылі тыя доказы зь меркаваньняў уласнае бясьпекі. Прыкладам — бацька Марыі Шаламіцкай.

(Шаламіцкая: ) “У нас маёнтак моцны быў. І герб — Гіпацэнтаўрус зваўся. Былі на гэта дакуманты. Але ў 41-м прыйшлі Саветы. Бацька спужаўся, што нас за гэта вывязуць і ўсе дакуманты папаліў… У мужыцкую вёску возьмяць нашую дзяўчыну. Яе там дражняць “шляхцянка”. І на карову ейную крычаць “шляхцянка”. А як у шляхту хто трапіць ад іх — не ўзгадваем ніколі. Цяпер ужо ўсе роўныя. Але муж мой казаў: “я дачку не аддам да мужыка!”

(Карэспандэнт: ) “А як атрымалася? За каго дачка выйшла?”

(Шаламіцкая: ) “Палешчук, ужо не шляхціч”.

(Карэспандэнт: ) “І як ваш нябожчык муж на гэта паглядзеў?”

(Шаламіцкая: ) “Ну што тут зробіш? Нічога ня зробіш! Хай жывуць. Зяць — вельмі добры. І нявестка — о-о-ой! Але нешляхецкі акцэнт у іх!”

(Карэспандэнт: ) “Сённьня, у XXI стагодзьдзі, як жыве шляхта?”

(Шаламіцкая: ) “Як і ўсе. Усе спакойна. Але ёсьць тут адна хата такіх вырадкаў, што страх!”

(Карэспандэнт: ) “Яны так сама шляхта?”

(Шаламіцкая: ) “Шляхта няшчасная!”

(Карэспандэнт: ) “Пэнсію ў час плацяць? Хапае на жыцьцё?”

(Шаламіцкая: ) “Хапае, але ў мяне пэнсія малая. Цяпер падвысілася й стала 61 тысяча”.

(Карэспандэнт: ) “Калгас ёсьць?”

(Шаламіцкая: ) “Ёсьць. Так пляцецца ў хвасьце, што амаль яго й няма”.

Калі у вёскі на пінскіх балотах прыйшла савецкая ўлада, паводле ўзроўню свайго добрабыту, бальшыня тутэйшай шляхты мала чым розьнілася ад мужыкоў: такія ж бедныя і гаротныя. Сёньня вяскоўцы перакананыя, што менавіта галеча іх тады і выратавала. Раскулачылі ды выслалі толькі заможных, астатніх жа — загналі ў калгасы.

Народжаная ў Болгарах Соф’я Шпакоўская дагэтуль ня можа дараваць прадстаўнікам савецкай улады і свамім суседзям.

(Шпакоўская: ) “Мой бацька багаты быў, але яго раскулачылі. У нас былі суседзі — мужыкі. І яны сталі сьведкамі. У нас хата была бляшанкай крытая. І сусед крыў нам гэтую хату. А пасьля ён паказаў на бацьку: ён — кулак, я яму дом пакрыў. Бацьку судзілі й далі яму 6 год. А маці, брата і сястру вывезьлі ў Казахстан”.

(Карэспандэнт: ) “Бо яны шляхта былі?”

(Шпакоўская: ) “Шляхта ды яшчэ й заможная”.

(Карэспандэнт: ) “А чым ваш бацька-шляхціч пакрыўдзіў гэтых мужыкоў, што яны пайшлі супраць яго?”

(Шпакоўская: ) “Ім проста так захацелася”.

(Карэспандэнт: ) “А вашыя дзеці ведаюць, што яны шляхта?”

(Шпакоўская: ) “О-о-о! Натуральна ведаюць!”

(Карэспандэнт: ) “Ганарацца?”

(Шпакоўская: ) “Я б не сказала, што яны ганарацца. Не!”

(Карэспандэнт: ) “Як шляхта ставіцца да ўладаў? Мясцовыя ўлады клапоцяцца пра вас?”

(Шпакоўская: ) “Мы да іх часта не зьвяртаемся. Але нам ад іх ужо нічога ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вялікі, што распавялі пра сваё шляхецкае жыцьцё. Нізкі вам паклон за гэта”.

(Шпакоўская: ) “Таксама й вам”.

(Карэспандэнт: ) “Ля вёскі Лозічы знаходзяцца радавыя могілкі Шаламіцкіх. Тут незвычайныя помнікі: гэты род — праваслаўныя, але тут над каменнымі глыбамі ўзвышаюцца каталіцкія крыжы. Хоць навакольныя вёскі пакрысе й выміраюць, але людзі працягваюць даглядаць помнікі. Сям-там, дзе час і мох ужо зьелі выбітыя словы, тутэйшыя пэнсіянэры звычайнай фарбай пішуць імёны нябожчыкаў, а таксама даты нараджэньня й сьмерці. Гэта — адзіныя прыкметы таго, што могілкі яшчэ нейкім чынам даглядаюцца, бо непасрэдна магілаў ужо не ўгледзець. Ацалелі толькі помнікі пасярод пустоўя”.

Жыхар Лозічаў Андрэй Калаўр у савецкія часы быў паважаным чалавекам: спачатку ўдзельнічаў у Другой усясьветнай вайне, пасьля — перадавік сельска-гаспадарчай вытворчасьці. Але й праз дзесяцігодзьдзі ён прадстаўляецца адмысловым чынам. Варта толькі папрасіць.

(Калаўр: ) “Андрэй Калаўр, шляхціч”.

(Карэспандэнт: ) “Які ў вас герб?”

(Калаўр: ) “Герб татарскі: меч і паўмесяц. Як бычыце, дамы пустыя, выміраюць людзі”.

(Карэспандэнт: ) “А маладых няма?”

(Калаўр: ) “Няма”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго ў вёсцы не застаюцца?”

(Калаўр: ) “Калгас разваліўся. Тэхніка стаіць. Няма чаго ім зараз рабіць. Адзін тут застаўся рабацяга. Ён па людзях працуе. Дапамог саломы прывезьці — я яму за гэтую справу заплаціў, даў тры тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “І вам выгадна даць яму грошы?”

(Калаўр: ) “Натуральна, што выгадна. Я сам ня здолею гэта зрабіць”.

З усёй наваколіцы першымі ў горад падаліся дзеці шляхцічаў. Там яны атрымалі адукацыю і вырашылі ўжо не вяртацца. Да бацькоў пачалі наведвацца пераважна ў выходныя. А яшчэ на летнія месяцы прысылаюць сюды ўжо сваіх нашчадкаў.

Памятаеце, як Соф’я Шпакоўская з Болгараў узгадвала, што ейныя сыны гісторыю роду ведаюць, але не сказаць, каб гэтым яны вельмі ганарыліся?.. Сям’я Шпакоўскіх выглядае выключэньнем. Рэчу тым, што гарадзкія шляхцюкі першага пакаленьня, ня кажучы ўжо пра другое, часта нават не здагадваюца пра сваё адметнае паходжаньне.

Жыхарка Лозічаў — Аляксандра Калаўр.

(Карэспандэнт: ) “Вы сваім дзецям казалі, што яны — шляхта?”

(Калаўр: ) “Не. Ня ўзгадвалі пра гэтую шляхту”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Калаўр: ) “Цяпер усе аднолькавыя!”

(Карэспандэнт: ) “Узгадалі. Хай бы дзеці ганарыліся продкамі”.

(Калаўр: ) “Няма чаго казаць. Мы ня ведаем, калі тая шляхта ўтварылася”.

(Карэспандэнт: ) “Можа ўсё ж такі раскажыце ім…”
(Калаўр: ) “Не-не-не! Цяпер ужо ўсе пермяшаліся: хто з шляхты, а хто з мужыкоў”.

(Карэспандэнт: ) “Як шляхце жывецца ў вашай вёсцы?”

(Калаўр: ) “Цяпер усім добра жывецца. Хлеб прывозяць нам машынаю. Аўталаўка раз на тыдзень. Пэнсію даюць. Бывае, што хапае. А як не, разьлічваем так, каб хапіла, хаця бы на хлеб”.

Паселішчы з жыхарамі ў 20 пэнсіянэраў у пінскіх балотах лічацца вялікімі. Усе ведаюць адно аднаго. Таму й хатаў не замыкаюць. А як зьяўляецца чужынец — усім адразу становіцца вядома.

А вось ў шляхецкай вёсцы Крывое Сяло жыве толькі 3 чалавекі. Тут на дзьвярах хатаў і склепаў — па некалькі замкоў. Такім чынам састарэлыя жанчыны бароняцца ад рабаўнікоў.

Любоў Ласіцкая поле агарод. Бульбу накрываюць вялікія лісты хрэну.

(Карэспандэнт: ) “Я гляжу, што хрэн такі вырас, што ажно па пояс. Ён сам расьце ці Вы адмыслова займаецеся хрэнаводзтвам?”

(Ласіцкая: ) “Не, сам расьце. Мы ўжо хацелі збавіцца ад яго, да немагчыма гэта зрабіць”.

Нібыта даючы паказаньні ўчастковаму міліцыянту спадарыня Ласіцкая чарговым разам паўтарае сваю сумную гісторыю.

(Ласіцкая: ) “Сабака загаўкаў, а я пабаялася выйсьці. Ня бачыла і нічога не магу сказаць: хто там быў і колькі іх было… Ноччу паадрывалі са склепаў замкі. Там нічога такога не было. Пабралі інструмэнты. Пасьля сьвята адна бутэлька засталася — і тую бутэльку забралі. Вазок у мяне маленькі такі быў. Як бульбу накапаю, каб завезьці было можна, бо цягнуць на сабе ўжо няма сілаў. Дык скралі той вазок”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта хто мог зрабіць: шляхта ці мужыкі?”

(Ласіцкая: ) “Ня ведаю гэтага, ці ён шляхта быў, ці мужык”.

(Карэспандэнт: ) “А шляхціч бы такое зрабіў?”

(Ласіцкая: ) “Ці з вашых, ці з нашых, а як шэльма, дык шэльма!”

На першы погляд, вонкава шляхта пінскіх балотаў мала чам адрозьніваецца ад сваіх суайчыньнікаў простага паходжаньня. Прызнаюцца, што нейкага абмысловага шляхецкага выхаваньня ў іх не было. Але можна заўважыць, што сьпіну яны заўсёды трымаюць роўна. А яшчэ ніколі не перабіваюць суразмоўцу, выслухваюць да канца.

Стагодзьдзямі продкі гэтых людзей служылі дзяржаве. А таму й сёньня адкрыта жаліцца і наракаць на прадстаўнікоў улады — гэта не ў традыцыях шляхты. Тут у пінскіх балотах любяць паўтараць: хоць галодны й голы, але з гонарам.