БРАЗАЎСКАС: “ПРАБЛЕМУ БЕЛАРУСІ ЭЎРОПА МОЖА ВЫРАШЫЦЬ УЛАСНЫМІ НАМАГАНЬНЯМІ”

Ул. інф.

Як піша ўплывовая швайцарская “Neue Zuercher Zeitung”, у часе нядаўніх дэбатаў у Страсбургу адносна сытуацыі з правамі чалавека ў трэціх краінах, дэпутаты ЭЗ выказалі нямала крыткі на адрас брусэльскага кіраўніцтва, назваўшы ягоную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, Малдовы, Расеі ды краінаў балканскага і паўночнакаўскаскага рэгіёнаў недастаткова пасьлядоўнай. Канечне, тое, што адбываецца ў гэтых краінах, залежыць ад палітычнай волі грамадзтваў, але й Брусэль мусіць ствараць пэўныя мэханізмы ціску для спыненьня парушэньня ў галіне правоў чалавека. Паводле эўрапарлямэнтароў, захаваньне правоў чалавека ў краінах — партнэрах ЭЗ мусіць быць галоўнай перадумовай двухбаковых стасункаў паміж Брусэлем і трэцімі краінамі. Аднак краіны-сябры ЭЗ так і не аказалі патрэбнага ціску ні на Менск, ні на Кіеў, ні на Маскву…

Аналізуючы беларускую сытуацыю, эўрапарлямэнтары з жалем зазначалі, што тут па-ранейшаму назіраецца ўпартае нежаданьне ўладаў прыняць і захоўваць асноўныя чалавечыя і дэмакратычныя каштоўнасьці. Як перадае нямецкае “Deutschlandfunk”, нідэрляндзкі дэпутат Боб ван дэн Бос прапанаваў на разгляд эўрапарлямэнтарам уласны праект рэзалюцыі адносна дыялёгу зь Менскам, Кіевам, Масквой і шэрагам іншых праблемных краінаў… Як вынікае з гэтага праекту, крытэры да ўрадаў новых суседзяў ЭЗ мусяць быць больш жорсткімі, аднак пры гэтым тое ж беларускае грамадзтва мусіць быць вызваленае зь ізаляцыі, у якой яно штучна апынулася. Праект нідэрляндзкага дэпутата ды іншыя прапановы эўрапарлямэнтароў будуць разгледжаныя цягам бліжэйшага часу ў Радзе Эўразьвязу.

Тым часам, у інтэрвію аўстрыйскай газэце “Der Standard” вядомы літоўскі палітык Альгірдас Бразаўскас заявіў, што праблема Беларусі ня можа быць вырашанай без намаганьняў суседніх зь ёй новых сябраў ЭЗ, у тым ліку і Літвы. “Для нас, літоўцаў, сытуацыя ў Беларусі ёсьць вельмі адказным пытаньнем, бо тое, што адбываецца зь 10-мільённым беларускім народам, адбываецца ўсяго ў 35 кілямэтрах ад Вільні, — заявіў Альгірдас Бразаўскас, і дадаў.— У перамовах зь Менскам мы можам прадстаўляць ЭЗ, тым больш, што мы асабіста ведаем яе кіраўнікоў, нават самога прэзыдэнта. На кіраўніцтва трэба рабіць уплыў, нельга рабіць стаўку на адную толькі апазыцыю”.