(Буш: ) “Два гады таму я казаў Кангрэсу і нацыі, што вайна з тэрорам можа быць працяглай вайной, што розныя віды вайны спатрэбяцца на розных франтах і ў розных месцах. Ірак цяпер зьяўляецца цэнтральным фронтам.”
Прамова прэзыдэнта ЗША прагучала напярэдадні другой гадавіны тэрарыстычнай атакі на Амэрыку 11 верасьня 2001 году. Аналітыкі адзначаюць, што палітычная сытуацыя ў Іраку далёкая ад стабільнай. З 1 траўня, калі Джордж Буш абвесьціў пра перамогу ў вайне, з-за нападаў партызанаў загінула больш амэрыканскіх жаўнераў, чым падчас уласна самое вайны. Знакамі нестабільнасьці сталі буйныя тэракты, якія адбыліся ў жніўні – выбухі каля прадстаўніцтва ААН у Багдадзе і каля магілы імама Алі ў Наджафе. У сваёй прамове прэзыдэнт ЗША тлумачыў, чаму амэрыканскія жаўнеры павінны весьці змаганьне за тысячы кіламэтраў ад дому.
(Буш: ) “Амэрыка ня вернецца ў пэрыяд да 11 верасьня 2001 году – у пэрыяд ілюзорнага камфорту ў небясьпечным сьвеце. Мы даведаліся, што тэрарыстычныя акты выкліканыя не ўжываньнем сілы, а адчуваньнем тэрарыстамі нашай слабасьці. І таму самы надзейны шлях пазьбегнуць атакаў на нашых людзей – гэта наносіць удары па ворагу там, дзе ён жыве і выношвае свае пляны.”
Гэтая палітыка накладае вялікі цяжар, і прэзыдэнт Буш не хаваў гэтага.
(Буш: ) “Нашая стратэгія ў Іраку запатрабуе новых рэсурсаў. Мы правялі дакладны аналіз патрэбаў нашага войска і ацэнку кошту адбудовы ў Іраку і ў Афганістане. Я зьвярнуся да Кангрэсу з просьбаю аб выдзяленьні 87 мільярдаў даляраў. Гэты запыт забясьпечыць працяг баявых і разьведных апэрацыяў у Іраку, Афганістане і ў іншых месцах.”
Паведамлялася, што цяпер апэрацыі па стабілізацыі Іраку абыходзяцца амэрыканскаму бюджэту у мільярд даляраў штотыдзень. Прэзыдэнт ЗША прапануе істотна павялічыць гэтыя выдаткі. У сваім звароце да нацыі ён заклікаў да пашырэньня ролі ААН у адбудове і стабілізацыі Іраку.
(Буш: ) “Сябры ААН цяпер маюць магчымасьць і нясуць адказнасьць за тое, каб адыгрываць больш значную роль для таго, каб Ірак стаў свабоднай і дэмакратычнай нацыяй.”
У мінулую пятніцу Злучаныя Штаты накіравалі ў Раду бясьпекі ААН праэкт новай рэзалюцыі, якая б дазволіла працягнуць да міратворчых апэрацыяў у Іраку больш шірокае кола краінаў. Прапанова Вашынгтону выклікала крытыку з боку Нямеччыны, Францыі і Расеі. У сваёй учорашняй прамове Джордж Буш, не назваючы гэтая краіны наўпрост, заклікаў іх пакінуць супярэчнасьці ў мінулым.
(Буш: ) “Я памятаю, што ня ўсе нашыя сябры пагадзіліся з нашым рашэньнем выканаць рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН і адхіліць Садама Хусэйна ад улады. Але мы ня мусім дазваляць нашым мінулым супярэчнасьцям перашкаджаць выконваць нашыя сёньняшнія абавязкі.”
Шэраг палітыкаў-дэмакратаў выступілі з крытыкай прамовы Джорджа Буша. Аднак паводле ацэнкі ўплывовага сэнатара ад дэмакратычнай партыі Джозэфа Байдэна Кангрэс задаволіць фінансавы запыт прэзыдэнта, каб справа дэмакратызацыі Іраку і Афганістану не правалілася.