ПРУЖАНСКІЯ “ДАЖЫНКІ” БУДУЦЬ ПРЫРАЎНАНЫЯ ДА КАРНАВАЛУ

Ігар Карней, Менск

Дык ці сапраўды надвор’е вінаватае ў тым, што тэрміны дажынак чарговым разам адкарэктаваныя? Адказаць можна звыклым яшчэ з савецкіх часоў жартам: зіма і жніво на нас звальваюцца зьнянацку. Кожны беларускі кіраўнік ведае пра капрызы перадвосеньскага надвор’я, калі цягам аднаго дня можа быць і сонца, і дождж і ледзьве не замаразкі. Таму апэляваць да прыроды — гэта дэмагогія, якую можна сабе дазволіць тады, калі насамрэч перашкаджае нешта іншае.

Прыгадваю, як некалькі год таму Лукашэнка ў часе чарговай сэлектарнай нарады літаральна крычэў сваім падначаленым: “Вы прасілі дождж, я даў вам дождж” — маўляў, што вам яшчэ трэба, каб трымацца генэральнай лініі? Калі цяперака менавіта дождж перашкаджае, то падначаленым, пэўна, варта зьвярнуцца да яго зь іншай просьбай: дайце нам сонца, каб завершыць кампанію жніва.

Гэта, натуральна жарт, а што да фактараў, на якія сапраўды не зважаюць увагу, дык іх процьма: гэта і адсутнасьць тэхнікі, і немагчымасьць здаць збожжа па рынкавых, а не па дзяржаўных, амаль бясплатных коштах, і непатрэбнасьць у такой колькасьцьі збожжа наогул. Я днямі быў у Літве; такое адчуваньне, што там наогул няма ніякай “бітвы за ураджай” — прынамсі, абапал дарог ніякіх камбайнаў няма. Як потым распавялі сваякі, якія працуюць у адной з фэрмэрскіх гаспадарак, Літве зараз куды прасьцей набыць збожжа ў аграрна разьвітай Польшчы, чым лезьці вон са скуры, кагосьці пераконваючы, маўляў, мы такія героі, узнагародзьце нас вымпэлам “перадавік жніва”.

Таму першай прычынай затрымак на фронце “бітвы за ўраджай” — не надвор’е, а паказуха, і ранг, у які ў Беларусі ўведзенае жніво. Нават прагляд расейскіх телеканалаў сьведчыць на тое, што ў Расеі жніво — гэта нармальная, шараговая зьява, ніяк ня ўведзеная ў ідэалягічны культ. Людзі працуюць, бо гэта, прабачце за калямбур, іхная праца. Але праграмы з палёў не пачынае ні НТВ, ні РТР, ні астатнія каналы.

Тым ня меней, “Дажынкі” адбудуцца, сыходзячы, прынамсі, з таго, што ў Пружаны ад імя міністэрства культуры запрошана, паводле зьвестак, 1500 разнастайных артыстаў — ня толькі зь Беларусі, але й з замежжа. Цягам апошніх гадоў дажынкі абсалютна штучна пераўтвораныя ў нейкае дзяржаўнае сьвята — гэтак жа як “Славянскі базар” ці хакейныя турніры на прызы абласных кіраўнікоў.

Раней гэтаксама існавалі дажынкі, але яны заставаліся ўнутрыкалгасным ці раённым мерапрыемствам: камбайнэрам уручалі гадзіньнікі і шахматы, а завяршалася ўсё аднолькава — грандыёзнай п’янкай на паўтысячы пэрсонаў. Зараз, так бы мовіць, п’янка набывае агульнадзяржаўныя памеры.

Мне нядаўна тэлефанаваў сябра, які са сваёй радзімы, з Ружанаў, вяртаўся ў Менск. Каб скараціць шлях, спрабаваў ехаць праз Пружаны, і доўга пра гэта шкадаваў: усё ў руінах, перакапана, ня тое што праехаць, прайсьці немагчыма. Прынамсі, у яго склалася ўражаньне, што тут і за год не навядзеш марафет, а першапачаткова была задача — да пачатку верасьня. Таму ў саміх Пружанах, натуральна, навіну пра адтэрміноўку дажынак ўспрымаюць як падарунак лёсу — ажно на паўмесяца застаецца больш часу, каб пусьціць пыл у вочы.

Ну, а наконт праграмы з запрошанымі артыстамі... Можна абмежавацца толькі фактам, які скажа пра ўсё: на фінальную частку канцэртнага шоў запрошаны карнавальны гурт зь Італіі. Калі ў Беларусі паміж карнавалам і дажынкамі ставяць знак роўнасьці, дык можна зрабіць выснову, якое шапіто чакае гасьцей гэтага сьвята ўзору навейшай Беларусі.