Дырэктарка паліграфічнага прадпрыемства “Тытул” Сьвятлана Драгун адмову друкаваць незалежную газэту тлумачыць надыходам сэзону выпуску календароў. Маўляў, адна сталічная фірма замовіла на новы год шмат перакідных настольных календароў. Замова выгадная, і паліграфічныя машыны будуць заняты менавіта выпускам календароў.
Тлумачэньне некалькі дзіўнае, бо менавіта прадпрыемства “Тытул” працягвае друкаваць шэсьць раённых дзяржаўных газэтаў, у тым ліку і афіцыйную райвыканкамаўскую газэту “Сьветлагорскія навіны”.
Я спытаўся ў дырэктаркі, ці магла бы яна адмовіць друкаваць хаця б адну з шасьці афіцыйных “раёнак”, скажам, з Лоеву альбо далёкага ад Рэчыцы райцэнтра Акцябрскі?
(Драгун: ) “Канечне, дзяржаўнай газэце, мы, напэўна, не адважыліся бы адмовіць. Мы тут выбіралі ўсе плюсы і мінусы”.
Праўдападобна, незалежныя газэты ў дзяржаўных чыноўнікаў заўсёды “ў мінусе”. Вольнага слова ня церпяць ані ў сталіцы, ані ў рэгіёнах. Друкаваць незалежныя выданьні становіцца ўсё цяжэй. Распавядае рэдактар газэты “Регион-вести” са Сьветлагорску Мікалай Паседзька:
(Паседзька: ) “Я вярнуўся з Жлобіну, дзе меў размову з дырэктарам выдавецтва “Тэхнічная кніга” Юр’ем Пузыровым наконт заключэньня дамовы на друкаваньне газэты “Регион-вести”. На жаль, прыехаў з адмовай. Спадар дырэктар спаслаўся, што ў іх занадта загружаныя паліграфічныя машыны, і друкаваць нашую газэту няма магчымасьці. Дагэтуль былі ў Бабруйску. Там таксама атрымалі адмову. Сказалі, што мы ня зь іхняй вобласьці. Едзьце ў сваю Гомельскую вобласць і там разьбірайцеся”.
Сёлета з падобнымі праблемамі сутыкнуліся рэдакцыі баранавіцкай газэты “Шаг”, “Новай газэты Смаргоні”, недзяржаўнай газэты са Слоніму і некаторых іншых незалежных выданняў.