НА ЎЗЬДЗЕНШЧЫНЕ СТАРШЫНЮ СЕЛЬСАВЕТА ЗВОЛЬНІЛІ ЗА СЬМЕЦЬЦЕ

Міхал Стэльмак, Менск

Прозьвішча Тумаса фігуруе ў абласной зводцы пакараных кіраўнікоў на Меншчыне. Кіраўніка сельвыканкаму з Узьдзеншчыны зволілі, паводле афіцыйнай вэрсіі, за нядбайнае стаўленьне да парадку ў вёсцы Возера. Спадар Тумас нібыта абыякава ставіўся да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, які абвесьціў сёлетні год “Годам навядзеньня парадку” ў Беларусі. Паводле тлумачэньня пакаранага, у цяперашніх варунках рэалізаваць гэтую палітыку немагчыма:

(Тумас: ) “Я ў прынцыпе задаволены, што сышоў. Гэта гіблая справа — старшынёўства… Няма грошай, няма з кім працаваць. Трэба зьбіраць камяні, трэба перабіраць бульбу… Увесь сельскі савет займаецца добраўпарадкаваньнем. Калі што-небудзь дрэнна ў сельскай гаспадарцы, то вінаваты старшыня сельсавету. Старшыня — гэта хлопчык для біцьця. Я быў старшынём выбарчай камісіі апошнія гадоў 10-15. А цяпер той жа самы Міхаіл Лапотка прасіў перад выбарамі, што калі “раптам што-небудзь”, то — за Лукашэнку. Таму што баяўся зьмены ўлады, што партфэль адбяруць”.

Міхаіл Лапотка — намесьнік старшыні Ўзьдзенскага райвыканкаму. Паводле яго меркаваньня, былога кіраўніка Азёрскага сельвыканкаму зволілі абгрунтавана:

(Лапотка: ) “Ён быў зволены за тое, што не працаваў — не было парадку. Быў аб’езд тэрыторыі сельскага савету, мы прыехалі, паглядзелі — не працуе. Ен дэпутат, але як старшыня сельскага савету ён не спраўляўся са сваімі абавязкамі”.

Цяпер раённыя ўлады паставілі на чале Азярыцкага сельвыканкаму новага кіраўніка. Сяргей Тумас жа пасьля звальненьня ня можа працаўладкавацца вось ужо тры месяцы.

Бальшыня жыхароў Возера дагэтуль лічаць яго пакараньне неабгрунтаваным. Гаворыць пэнсіянэрка Яўгенія Шымановіч:

(Шымановіч: ) “Я ведаю Тумаса, што ён харошы. Вельмі добры як чалавек. І як старшыня ён яшчэ ня мог нічога кепскага ў сельсавеце зрабіць, бо ён жа мала зусім быў. За яго бытнасьць нічога не пагоршылася. Мне здаецца, што яго ня трэба было здымаць. А цяперашняга старшыню я яшчэ ў вочы ня бачыла і ня ведаю яго, але ён таксама нічога ня зьменіць”.

Паводле спадарыні Шымановіч, аднавяскоўцы шкадуюць беспрацоўнага дэпутата Тумаса, але дапамагчы яму нічым ня могуць.