“ЛУКАШЭНКА ЗРАБІЎ ДЗЕЛЯ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БОЛЬШ, ЧЫМ УСЯ АПАЗЫЦЫЯ...”

Валянцін Жданко, Менск

Для многіх нашых слухачоў сталі нечаканасьцю апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, які фактычна адмовіўся выконваць настойлівыя патрабаваньні Масквы і прысьпешваць ліквідацыю ў Беларусі уласнай фінансавай сыстэмы дзеля пераходу на расейскія рублі.

Вось які ліст з гэтай нагоды даслаў нам настаўнік Алег Лемяшэўскі з Маладэчанскага раёну. Ён піша:

“Кожнаму, хто бачыў апошнія выступы Лукашэнкі, відавочна: адмаўляцца ад нацыянальнай валюты ён не зьбіраецца. Даволі дзіўна чуць, як ён фактычна паўтарае тое ж, што ўсе апошнія гады гаварыла апазыцыя: маўляў, сёньня адмовімся ад сваёй валюты, а заўтра будзем паўзьці да расейскага Цэнтрабанку, каб даў грошай на выплату заробкаў.

Зрузумела, што Лукашэнка дбае найперш пра ўласную ўладу. Адмовіцца ад валюты — значыць, аддаць значную частку асабістай улады, якая пакуль што ў Лукашэнкі непадзельная.

А вось з пункту гледжаньня простага чалавека — якая мне розьніца, як будуць называцца грошы (тым больш, што і называюцца яны гэтак жа, як у Расеі)? Мне галоўнае, каб яны былі надзейныя, цьвёрдыя, не абясцэньваліся. А расейскі рубель мацнейшы за беларускі. І ў сьвеце яго больш прызнаюць.

Эўрапейскія краіны адмовіліся ад сваіх валютаў на карысьць эўра — і незалежнасьць іхная ад гэтага не пацярпела”,

— лічыць настаўнік Алег Лемяшэўскі з Маладэчанскага раёну.

Параўнаньне, спадар Лемяшэўскі, не зусім карэктнае. Нават самыя маленькія эўрапейскія краіны адмаўляліся ад сваіх нацыянальных валютаў не на карысьць нямецкай маркі ці францускага франку. Да таго ж, там аб’ядноўвалі свае фінансавыя сыстэмы ня толькі невялікі Люксэмбург і магутная Нямеччына — а паўтары дзясяткі краінаў зь вялізным папярэднім досьведам інтэграцыі і дэмакратычнага супольнага існаваньня.

Пераход Беларусі на расейскі рубель — гэта фактычна страта значнай (калі ня большай) часткі беларускай незалежнасьці на карысьць Масквы.

Зрэшты, некаторыя нашыя слухачы лічаць, што ўся гэтая скандальная сытуацыя вакол пераходу Беларусі на расейскія рублі —ня больш чым тактычная задума Аляксандра Лукашэнкі. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў Іван Гоманаў зь Менску. Ён піша:

“Лукашэнка зрабіў для незалежнасьці беларускай дзяржавы больш, чым усе вашыя вячоркі і лябедзькі, разам узятыя. Ён заўсёды быў незалежнікам. А інтэграцыйныя лёзунгі — гэта тактыка разумнага палітыка. Па-першае, бяз гэтых лёзунгаў у 94-м годзе немагчыма было прыйсьці да ўлады: яны тады былі надзвычай папулярныя. Па-другое, усе гэтыя гады была магчымасьць атрымліваць расейскія энэрганосьбіты па адносна нізкіх коштах.

Цяпер бальшыня беларусаў ужо ня хоча аб’ядноўвацца з Расеяй. А расейскія нафта і газ для Беларусі каштуюць фактычна столькі ж, колькі й для іншых краінаў СНД. Так што патрэба ў гэтых тактычных гульнях адпала, і прэзыдэнт цьвёрда стаіць на пазыцыях абароны незалежнасьці Беларусі, цьвёрдай нацыянальнай валюты і поўнай эканамічнай самастойнасьці”,

— напісаў Іван Гоманаў зь Менску.

У сувязі з вашымі здагадкамі, спадар Гоманаў, адразу ўзьнікаюць пытаньні. Калі гэта — толькі тактыка прадбачлівага палітыка, а насамрэч Аляксандар Лукашэнка ад пачатку зьбіраўся адстойваць незалежную Беларусь, то навошта адначасова спатрэбілася псаваць стасункі з Захадам, ствараць у краіне аўтарытарную сыстэму кіраваньня, праводзіць татальную русіфікацыю грамадзкага жыцьця?

Усе гэтыя гады адначасова зь інтэграцыйнымі гульнямі з Масквой беларускі кіраўнік фактычна адразаў сабе іншыя шляхі, асуджаючы краіну ў выпадку ахаладжэньня дачыненьняў з Расеяй на самаізаляцыю. Цяжка ўсьлед за вамі, спадар Гоманаў, назваць гэта “тактыкай разумнага палітыка”.

Вось што піша пра такую, так бы мовіць “тактыку” іншы наш слухач — настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

“Улада сёньня ўпэўнена ўзяла курс на палітычную ізаляцыю. Мэта — захаваць уладу. Можна ствараць Канстытуцыю, законы, але ўсё гэта — для міжнароднага іміджу. У рэальнасьці яны не выконваюцца. Палітычны ціск на ўсё і на ўсіх дзеля ўласных амбіцыяў працягваецца. Улада не рэагуе на тое, што міжнародная супольнасьць нэгатыўна ацэньвае тыя ці іншыя беларускія падзеі. Здаецца нават, што для яе — беларускай улады — не існуе міжнароднага права. Можна прыводзіць безьліч прыкладаў гэтай самаізаляцыі — колькасьць іх увесь час павялічваецца”,

— напісаў на Свабоду настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

Тое, што афіцыйны Менск нібыта беспакарана ігнаруе меркаваньне міжнароднай супольнасьці — толькі вонкавае ўражаньне, спадар Волчык. У сапраўднасьці цана гэтай упартасьці надзвычай высокая. Расплочваецца за такую палітыку беларускага кіраўніцтва ўсё грамадства — уласным дабрабытам, страчанымі магчымасьцямі, адгароджанасьцю ад цывілізаванага сьвету.

Ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара, удзельніка вайны Віктара Скарахода зь Менску. Ён піша:

“Дзікунскія паводзіны ўлады ў дачыненьні да Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа вытлумачваюцца ўнутраным зьместам гэтай улады: яна, як і расейскія шавіністы, ня лічыць нас за нацыю і зь вялікім імпэтам увіхаецца, каб найхутчэй на нашай зямлі запанаваў русізм. Хоць яму і зараз тут пачуваецца няблага.

...Што кіраўніцкая “вэртыкаль” выступае супраць тысячагадовай беларушчыны — гэта я магу яшчэ неяк вытлумачыць: нанятыя халопы адпрацоўваюць зарплату. Але ж ёсьць яшчэ ў краіне і так званыя “народныя слугі і абаронцы” — дэпутаты-“палатнікі”. Чаму ж яны ня бачаць, ня чуюць — як руйнуецца родная мова, як размываецца нацыянальная культура, нішчыцца школа, руйнуецца эканоміка, бяднее народ і адзінаўладна-дыктатарскай робіцца ўлада.

Калі вы, абраньнікі й заступнікі народа, у часе наступнай выбарчай кампаніі будзеце біць у грудзі й клясьціся ў вернасьці народу — не паверым. Хіба толькі групе Фралова-Парфяновіча”,

— напісаў Віктар Скараход зь Менску.

Ва ўмовах сёньняшняй Беларусі, спадар Скараход, няма вялікай розьніцы паміж дзяржаўнымі чыноўнікамі і пераважнай бальшынёю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Справядлівых, дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў у Беларусі не было: амаль усе сёньняшнія дэпутаты у свой час прайшлі праз сіта выканкамаў, былі правераныя на лаяльнасьць да ўлады. Яны цалкам залежныя ад уладнай “вэртыкалі”, і цяжка чакаць ад іх нейкіх самастойных учынкаў, нават калі хтосьці зь іх і незадаволены заняпадам мовы і культуры. Тое, як дорага абыходзіцца самастойнасьць, яны бачаць на прыкладзе той жа згаданай вамі дэпутацкай групы Фралова-Парфяновіча.

На заканчэньне — ліст Эдуарда Тобіна са Смалявічаў. Наш даўні слухач гэтым разам паспрабаваў адказаць на пытаньне, якое мы колькі тыдняў таму задавалі мінакам на менскіх вуліцах: “Хто ці што можа аб’яднаць беларусаў?” Эдуард Тобін з гэтай нагоды піша:

“Каб быць грамадзянінам сваёй краіны, трэба, па-першае, дасканала ведаць мову свайго народа; а па-другое, ведаць Канстытуцыю і законы сваёй дзяржавы, прынятыя легітымным парлямэнтам.

Але ж мы, насельнікі гэтай зямлі — зьява ўнікальная. Беларусы — ня нацыя, гэта — насельніцтва, штучна створанае нашымі ворагамі. У 1890 годзе акупацыйны маскоўскі рэжым абазваў этнічную Літву, нашую прарадзіму, Белоруссией. Жамойтаў жа абазвалі літоўцамі. Гэта, аднак, чамусьці мала хто ведае — патомнае нявольніцтва замінае.

Каб нешта кансалідаваць — яго трэба мець. Нацыі ж беларусаў не існуе і ніколі не існавала.

Гэтай праблематыцы на Радыё Свабода трэба было б надаць шмат часу і ўвагі. Каб не марнаваць сілы на дробязныя рэчы.

Без элемэнтарных ведаў гісторыі нельга дасягнуць нацыянальнай еднасьці”,

— напісаў Эдуард Тобін са Смалявічаў.

Вы, спадар Тобін, ужо даўно і пасьлядоўна настойваеце на тым, што першапрычына ўсіх бедаў беларусаў у тым, што паўтара стагодзьдзя таму ў іх адабралі гістарычную назву нацыі і краіны. З назвамі на працягу вякоў, сапраўды, адбываліся парадаксальныя зьявы. І ня толькі ў беларусаў. Назвы многіх сёньняшніх эўрапейскіх краінаў параўнальна маладыя. Хто мог сто год таму меркаваць, што ўзьнікнуць на мапе незалежныя дзяржавы Славенія, Латвія, Македонія... (З назвай апошняй, дарэчы, дагэтуль ня можа пагадзіцца суседняя зь ёй Грэцыя).

Вярнуць Беларусі гістарычную назву Літва сёньня немагчыма гэтак жа, як аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Ня думаю, што гэта ёсьць галоўнай перашкодай для захаваньня і кансалідацыі беларускай нацыі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Лясовіч і Міхаіл Калтуноў зь Менску, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну, Андрэй Фамін з Горадні, Іван Сядой зь Менскай вобласьці, Раман Зіноўеў з Маладэчны, Андрэй Шчура з Апочкі Пскоўскай вобласьці і Сьвятлана Якіменка зь вёскі Рудня Чэрвеньскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by.