ЭЎРАЗЬВЯЗ ПЛЯНУЕ СПРОШЧАНЫ ВІЗАВЫ РЭЖЫМ ДЛЯ ЖЫХАРОЎ ПАМЕЖЖА

Юры Дракахруст, Прага

Эўразьвяз не зацікаўлены ў тым, каб ягонае пашырэньне спарадзіла новы Бэрлінскі мур у Эўропе. Таму ўчора Эўракамісыя, кіруючы орган Эўразьвязу, выступіла з прапановай ўвесьці лякальныя візы для грамадзянаў Беларусі, Расеі ды Ўкраіны, якія жывуць на памежных тэрыторыях з краінамі, новымі сябрамі Эўразьвязу.

Звычайна такая віза будзе давацца грамадзянам, якія маюць родных ці маёмасьць ў суседняй краіне, што ўваходзіць у Эўразьвяз. У рашэньні Эўракамісыі падкрэсьліваецца, што гэты спрошчаны візавы рэжым будзе спрыяць памежнаму гандлю. Лаура Карада, экспэрт Эўракамісіі ў візавых пытаньнях, тлумачыць, чым новая віза будзе адрозьнівацца ад звычайнай шэнгэнскай візы.

Новая віза будзе адмысловай візай. Мяркуецца, што на ёй будзе стаяць літара “Л” (лякальная), каб памежнік ведаў, якога тыпу гэтая віза, і якія правы мае яе ўладальнік. Важна падкрэсьліць, што гэтая віза будзе дзейнічаць толькі на абмежаванай тэрыторыі вызначанай краіны Эўразьвязу. Гэта ня будзе поўнавартаснай шэнгэнскай візай, якая дазваляе падарожнічаць у любую краіну Эўразьвязу. Калі ўладальнік такой адмысловай візы будзе знойдзены па-за межамі зоны, на якую віза распаўсюджваецца, ён будзе высланы з гэтай краіны.

Паводле прапановы Эўракамісыі лякальная віза будзе мець тэрмін дзейнасьці ад аднаго да пяці гадоў. Мяркуецца, што яна будзе каштаваць вельмі мала альбо, наагул, будзе выдавацца бясплатна. Гэтая віза дазволіць знаходжаньне ў суседняй краіне ня больш як тыдзень запар, і агулам ня больш як тры месяцы на працягу паўгода. Што асабліва важна, лякальная віза будзе даваць дазвол на знаходжаньне ў вызначанай памежнай зоне адпаведнай краіны Зьвязу – ня далей як 50 кіламэтраў ад мяжы.

Эўракамісія паведамляе, што яны ўжо распачалі кансультацыі на гэты конт з краінамі, які ў наступным годзе ўступяць у Эўразьвяз. Большасьць зь іх выказалі зацікаўленасьць у спрашчэньні візавага рэжыму для памежных жыхароў краінаў-суседзяў. Прапанова Эўракамісіі дазваляе адпаведным краінам вар’яваць ўмовы лякальных візаў, прынамсі , звужаць зону дазволенага знаходжаньня з 50 да 20 кіламэтраў.

Што датычыць такіх краінаў, як Харватыя, Румынія і Баўгарыя, то для іхных грамадзянаў, што жывуць на мяжы з Эўразьвязам, для наведваньня памежнай зоны ня будзе патрэбна мець нават лякальную візу – дастаткова будзе пасьведчаньня аб асобе.

Спадарыня Карада, экспэрт Эўракамісіі ў пытаньнях візаў, падкрэсьліла, што новы візавы рэжым можа быць усталяваны толькі на прынцыпе ўзаемнасьці.

(Карада: ) “Паводле нашай прапановы, калі краіна Эўразьвязу будзе весьці перамовы пра такія візы з трэцяй краінай, неабходна патрабаваць узаемнасьці. Гэта значыць, што і жыхары адпаведнай краіны, што жывуць на мяжы, мусяць атрымаць такія ж правы на наведваньне памежнай тэрыторыі гэтай трэцяй краіны. Узаемнасьць – гэта адна з умоваў такога пагадненьня. Гэта нармальная умовы, калі вы вядзеце перамовы аб пагадненьні.”

Прадстаўнікі Эўракамісіі спадзяюцца, што сыстэма лякальных візаў можа быць уведзеная яшчэ да траўня наступнага году, калі ў Эўразьвяз уступяць новыя краіны-сябры.

Калі гэтая сыстэма стане рэчаіснасьцю, яна будзе вялікай палёгкаю шмат для якіх жыхароў Берасьцейшчыны, Гарадзеншчыны і Віцебшчыны, якія жывуць з памежнага гандлю з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Але перашкодай можа стацца прынцып узаемнасьці, пра які гаворыць спадарыня Карада – для заключэньня адпаведнага пагадненьня Менск павінен будзе даць такія ж правы палякам, літоўцам і латвійцам, што жывуць на мяжы зь Беларусяй.