“САПРАЎДНЫЯ БЕЛАРУСЫ ЛІШНІХ ПЫТАНЬНЯЎ УЛАДЗЕ ЗАДАВАЦЬ НЕ ПАВІННЫЯ…”

Валянцін Жданко

Значную частку нашай пошты апошніх тыдняў складаюць лісты слухачоў, занепакоеных зьвесткамі пра тое, што Аляксандар Лукашэнка ў хуткім часе можа ініцыяваць чарговы рэфэрэндум, каб зьмяніць Канстытуцыю і адкрыць сабе шлях для ўдзелу ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Аўтары допісаў, якія падтрымліваюць у гэтым пытаньні пазыцыю Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, нярэдка дакараюць нас за тое, што мала ўвагі надаем іхным заклікам да байкоту. Вось які ліст даслаў Віктар Шоць са Смаргоні. Слухач піша:

“Я цалкам пагаджаюся з Канстанцінам Міронавым, ліст якога вы чыталі ў адной з апошніх сваіх перадачаў. Сапраўды, трэба байкатаваць усе выбары і рэфэрэндумы, якія праводзіць дыктатар. Бо на іх перамагае толькі той, хто іх праводзіць. У выбарчых камісіях будуць тыя, каго прызначыць улада, і яны зробяць усё так, як загадаюць зьверху. Такія выбары ці рэфэрэндумы нагадваюць бой двух баксэраў, рукі аднаго зь якіх зьвязаныя.

Вы, спадар Жданко, камэнтуючы ліст Канстанціна Міронава, сказалі, што ў Беларусі байкатавалі ўжо неаднойчы, але нічога, апроч пройгрышу, апазыцыя не атрымала. Гэта ня так! Апошнія выбары ў “палатку” байкатавала большасьць палітычных партый, і яны не былі прызнаныя Захадам. Хіба гэта не станоўчы вынік? А на выбарах у мясцовыя саветы АГП, Народная Грамада, “вячоркінцы” ды яшчэ некаторыя ўзялі ўдзел — і атрымалі 5-10 месцаў на ўсю Беларусь, уключна з сельскімі саветамі. Хіба можна гэта назваць посьпехам?

...Нельга ісьці на выбары і рэфэрэндумы з тае прычыны, што цяперашняй уладзе важна, каб на ўчасткі прыйшло больш за 50 адсоткаў выбаршчыкаў. А як мы прагаласуем — няважна — лічбы яны напішуць самі.

Дык ці не злачынства гэта, спадар Жданко, заклікаць, як гэта вы робіце амаль у кожнай перадачы, ісьці на выбары і рэфэрэндумы? Занялі вы на Свабодзе месца, і як апошняя інстанцыя на ўсю Беларусь заклікаеце беларусаў зрабіць памылку. Пабойцеся Бога, спадар Жданко”,

— дакарае мяне ў сваім лісьце на Свабоду Віктар Шоць са Смаргоні.

Ні ў адной са сваіх перадачаў, спадар Шоць, я ні да чаго не заклікаю — проста чытаю вашыя лісты, спрабую разважаць разам з вамі і адказваць на вашыя пытаньні.

А ўвогуле, мы падрабязна распавядаем пра стаўленьне розных палітычных сілаў да маючых адбыцца выбараў і магчымага рэфэрэндуму. Даем слова і тым, хто зьбіраецца ў іх удзельнічаць, і тым, хто, як Вы, лічыць такі ўдзел ледзь не злачынствам.

Што да тактыкі байкоту. І Вы, спадар Шоць, і вашыя аднадумцы з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якія часта пішуць на Свабоду і вельмі заклапочаныя гэтай тэмай, чамусьці абсалютызуеце, надаяце вырашальнае значэньне самому факту зьяўленьня людзей на выбарчых участках. Маўляў, атрымаюць людзі бюлетэні — і Захад прызнае выбары легітымнымі. У такім разе лягічнае пытаньне: калі ўлада фальшуе вынікі галасаваньня — што ёй замінае сфальшаваць і лічбу тых, хто ўзялі ўдзел у галасаваньні? І ці ня так і здарылася на апошніх парлямэнцкіх выбарах, калі ў многіх менскіх акругах выбары яўна не адбыліся (людзі падтрымалі заклікі да байкоту), але, паводле выбарчых камісіяў, за апошнюю гадзіну на ўчасткі нібыта зьявілася рэкордная колькасьць выбаршчыкаў.

Але галоўнае, бадай, у тым, што большасьць людзей ня надта разумее сутнасьць і тактыку байкоту, і ўскладае надзею ў справе зьмены ўлады найперш на выбары.

Ліст ад Іанэсы Гайдэль зь літоўскага Вісагінасу. Яна піша:

“Вас я ня слухаю — так, уключыла выпадкова, каб праверыць гадзіньнік. І што ж я пачула? Мяне проста прыціснуў нябачны цяжар. Лукашэнка, як і ўсе Божыя прарокі, непрымальны для вашых заакіянскіх гаспадароў.

Беларуская мова вам патрэбная? Але гэтая мова ня дасьць сялянам палёгкі.

Сапраўдныя беларусы сваімі працоўнымі рукамі аднаўлялі разбураную Беларусь. Паўгалодныя, паўраспранутыя працавалі дзень і ноч. І не задавалі лішніх пытаньняў, ня скардзіліся, не вышуквалі розныя плёткі пра кіраўнікоў дзяржавы, як гэта вы робіце.

[Подпіс:] Іанэса Гайдэль, 79 гадоў. Родам з Паставаў”.

Вы, спадарыня Гайдэль, безумоўна, добра памятаеце той час, калі людзі баяліся задаваць лішнія пытаньні, а ў дзяржаве на ўсе зьявы жыцьця і на ўсе падзеі ў сьвеце існаваў толькі адзін пункт гледжаньня, які нельга было аспрэчваць і ставіць пад сумнеў.

Відавочна, Вы настальгічна згадваеце той час. Справа вашага асабістага выбару — лічыць беларускага кіраўніка праведнікам і прарокам. У нас іншы погляд на ягоную палітыку і на вынікі гэтай палітыкі.

У той самы час, калі людзі страцяць права выказваць ўласны пункт гледжаньня на сваіх лідэраў і іх прымусяць лічыць гэтых лідэраў бязгрэшнымі прарокамі — грамадзтву наканавана будзе зноў замест упарадкаванага жыцьця быць паўгалодным, паўраспранутым, гераічна пераадольваць так званыя “часовыя цяжкасьці” і не задаваць пры гэтым лішніх пытаньняў.

Ліст ад Івана Бязьмена са Слоніму. Слухач піша:

“Назіраю за людзьмі і бачу, што некаторыя беларусы ня ведаюць нават, хто яны ёсьць — да такой ступені ўсе абруселі. Народ наш у большасьці нацыянальна несьвядомы, наіўны, цёмны. Што зь імі зробіш: даводзіцца з гэтым мірыцца. На Беларусі я прывык да рускай мовы, хаця не адмаўляюся і ад “трасянкі”. Іншы раз нават думаю: сумна было б без рускай мовы — амаль усе песьні ў нас пяюцца па-руску.

А паколькі руская мова ў нас такая хадавая, дык і прэзыдэнт амаль пастаянна гаворыць па-руску. Але заўважце: калі трэба было гаварыць па-беларуску, дык ён гаварыў. І так хораша, што слухаць было прыемна.

Увогуле, да Лукашэнкі ў мяне ёсьць прэтэнзіі: навошта столькі грошай аддаваць на лядовыя палацы, калі працоўны люд часта сядзіць без зарплаты. Але, з іншага боку, паглядзіце, як у нас усё адбудоўваецца. Тым жа нашым Слоніму: фарбуюць і рамантуюць дамы, дарожкі выкладаюць прыгожай пліткай. Праўда, ёсьць і недаробкі. Ну, але ж усё адразу ня зробіш.

Так што, калі будуць выбары, я ўсё ж прагаласую за Лукашэнку. Ён такі энэргічны і, здаецца, сумленны: лае ўсіх лайдакоў, злодзеяў, прайдзісьветаў. А больш і галасаваць няма за каго”,

— напісаў Іван Бязьмен са Слоніму.

Напэўна, спадар Бязьмен, Вы ведаеце: паводле Канстытуцыі Аляксандар Лукашэнка ня можа выстаўляць сваю кандыдатуру на яшчэ адзін прэзыдэнцкі тэрмін. Ён і без таго на час наступных выбараў будзе пры ўладзе ўжо дванаццаць гадоў. Так што спачатку, верагодна, паспрабуе зьмяніць Канстытуцыю.

Што да заняпаду беларускай мовы. Зьява гэтая, спадар Бязьмен, зусім не стыхійная, як вам падаецца, а вынік мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Людзі сьпяваюць расейскія песьні не таму, што няма беларускіх, а таму, што ўвесь радыё- і тэлеэфір амаль цалкам запоўнены ўсім расейскім. Гэтак сама і ва ўсіх іншых сфэрах грамадзкага жыцьця. Так, Аляксандар Лукашэнка ведае беларускую мову: размаўляў на ёй у дзяцінстве, вучыўся ў вясковай школе. Але ён выступае па-беларуску толькі адзін раз на год — чытаючы даклад 3 ліпеня. Увесь астатні час — толькі па-расейску. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму гэта азначае, што ўсьлед за першай асобай увесь дзяржаўны апарат будзе выкарыстоўваць толькі гэтую мову — нягледзячы на фармальнае дзьвюхмоўе.

Таму ня дзіва, што ў Беларусі на кожным кроку сутыкаешся з фактамі дыскрымінацыі беларускай мовы. Пра адзін зь іх згадана ў лісьце, які прыйшоў да нас электроннай поштай. Яго аўтар — Павал Гук зь Берасьця — піша:

“Стараюся слухаць вас кожны дзень. Дзякуй за тое, што вы ёсьць, што з любога пункту сьвету магу чуць сваю родную мову. Тым больш непрыемна сутыкацца з праявамі грэблівага стаўленьня да мовы ў паўсядзённым жыцьці. Мяне проста абражаюць адказы апэратараў пэйджынгавых кампаніяў пасьля таго як зьвяртаюся да іх па-беларуску. Адказы звычайна такія: “...А нa каком это языке?..”; “А можно по-нормальному?..”; “Я не понимаю, говорите по-русски...”

Гэта што, беларуская мова, аказваецца, ненармальная? А можа, проста нехта памыліўся з краінай пражываньня? Беларуская мова не падабаецца? A беларускі хлеб падабаецца? Едзь у Расею і размаўляй там па-расейску колькі заўгодна!

[Подпіс:] Павал Гук зь Берасьця”.

Ня варта, Павал, абвінавачваць ва ўсім толькі гэтых людзей. Яны пастаўленыя ў такія ўмовы, калі беларуская мова незапатрабаваная. Ад іх не патрабавалі веданьня мовы, прымаючы на працу. І, на маю думку, памылкай было б адказваць на іхную нетактоўнасьць грубасьцю, папрокамі пра “беларускі хлеб” і парадамі зьяжджаць у Расею. Ведаю з уласнага досьведу: у бальшыні людзей, якія не размаўляюць па-беларуску, ніякай антыпатыі да мовы няма. У такой сытуацыі дастаткова вашай ветлівасьці, цярплівасьці й тактоўнасьці, каб канфлікт быў пагашаны і ваш субяседнік паставіўся да вас з увагай і нават сымпатыяй.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава, Анатоль Жэрдзеў і Віктар Курлукоў з Гомелю і Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by.