ПАД ПСЭЎДАНІМАМ ФРАНЦІШАК ВЯДЗЬМАК-ЛЫСАГОРСКІ ТРЫ ДЗЯСЯТКІ ГАДОЎ ХАВАЎСЯ НАРОДНЫ ПАЭТ БЕЛАРУСІ НІЛ ГІЛЕВІЧ

Ігар Карней, Менск

Аказалася, што пад вясёлай мянушкай Францішак Вядзьмак-Лысагорскі нечакана нават для калегаў па цэху ўсе трыццаць гадоў хаваўся знакаміты паэт Ніл Гілевіч. Чаму творца зрабіў такое прызнаньне, надрукаваўшы ў газэце “Народная воля” гісторыю стварэньня паэмы.

Ад моманту зьяўленьня ў 1971 годзе “Сказу пра Лысую гару”, калі паэму напаўпадпольна перадавалі з рук у рукі друкаванай на папяроснай паперы, вядуцца спрэчкі пра ейнае аўтарства. Апроч самай распаўсюджанай вэрсіі, маўляў, усё гэта — плён народнай творчасьці, пад падазрэньне траплялі асобныя пісьменьнікі й цэлыя пісьменьніцкія зьвязкі: Барадулін-Караткевіч, Вярцінскі-Макаль, Аўрамчык... “Вылічыць” сапраўднага аўтара спрабаваў нават колішні першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў, які з падачы атачэньня лічыў аўтарам “Сказу...” Анатоля Вялюгіна.

Пра фэномэн паэмы спрачаюцца дагэтуль. Чаму такую цікавасьць у грамадзтве выклікаў твор, прысьвечаны пісьменьніцкім лецішчам на “Лысай гары”? Чаму ўсіх прыводзілі ў захапленьне, прыкладам, такія радкі?..

...Там рэдзьку з хрэнам ем ад пуза,
Турнэпсы ўволю храбашчу,
А як налопаецца Муза —
Да ночы вершамі трашчу.

Валянцін Тарас, якога спадар Гілевіч узгадвае ў сваім артыкуле ледзьве ня як адзінага, хто сьцьвярджаў, што “Сказ пра Лысую гару” — гэта праца не калектыўная, а вынік высілкаў аднаго канкрэтнага чалавека, лічыць: твор цалкам выбіваўся са звыклых савецкіх сатырычных рамак. Але ў тым і была адметнасьць паэмы.

(Тарас: ) “Няхай бы гэта засталося ананімным творам. Я, прыкладам, упэўнены, што “Тарас на Парнасе” — рэч таксама некалектыўная. Гэта напісаў адзін, вельмі таленавіты паэт таго часу. І якраз прывабнасьць гэтай паэмы ў тым, што за ёй стаіць загадка аўтарства. І няхай літаратуразнаўцы, гісторыкі літаратуры корпаюцца, шукаюць, бо, вядома ж, цікава і знайсьці — хто гэта? Раптам адчынілася б імя, якое мы ня ведаем, і яно зазіхацела б у сузор’і нашай паэзіі. Але гэта недасягальная мэта, і няхай бы так было і ў дадзеным выпадку... Вельмі цяжка рабіць такія дапушчэньні, і ставіць сябе на месца аўтара, але мне здаецца, я перасіліў бы сябе, не сказаўшы, хто аўтар. Але строга судзіць я Ніла Сымонавіча не магу: гэта ягонае асабістае, аўтарскае і чалавечае права”.

Ніл Гілевіч ня вельмі ахвотна тлумачыць прычыну свайго рассакрэчваньня; пераважна спасылаецца на век і ўнутраную неабходнасьць гэта зрабіць.

(Гілевіч: ) “Адчуў, што прыйшла пара (ня ведаю, колькі засталося жыць) пра гэта распавесьці. Артыкул “Як быў напісаны “Сказ...” распачаў я ў сьнежні мінулага году і сёлета ў сакавіку закончыў. А тады лягла ў шпіталь жонка, Ніна Іванаўна, і мне ўжо было не да гэтага: я ня мог ні пра што думаць іншае. Мог бы надрукаваць напачатку красавіка, але гэта ўжо ня мае прынцыповага значэньня, бо ўсё, што меў сказаць, я сказаў у гэтым артыкуле. Хоць блізкія сябры, якія ведалі праўду, даўно патрабавалі, каб я выступіў з такім артыкулам. Чатыры месяцы я пісаў, апрацоўваў, рэдагаваў, давёў да такой кандыцыі, каб уважлівым і разумным чытачам было зразумела, што невыпадкова, проста так, выскачыў, як Піліп з канапель”.

Тым самым “Піліпам” Ніл Гілевіч лічыць свайго былога паплечніка Міколу Аўрамчыка, які, паводле прызнаньня Гілевіча, напачатку 70-х быў ідэйным натхняльнікам “Сказу...”. Аднак у 80-х Гілевіч западозрыў Аўрамчыка ў тым, што той хоча прысабечыць супольную працу. Каб гэтага ня здарылася, кажа Гілевіч, пэўна, да сьмерці трымаў бы гісторыю ў таямніцы. На жаль, меркаваньне спадара Аўрамчыка з гэтай нагоды атрымаць не ўдалося: ягоная родная вёска на Бабруйшчыне, дзе ён звычайна праводзіць усё лета, не тэлефанізаваная.

Аднак некаторыя літаратуразнаўцы канстатуюць, што на аўтарства Гілевіча яшчэ раней сьведчылі многія факты. Гаворыць кандыдат філялягічных навук Янка Саламевіч.

(Саламевіч: ) “Сказ пра Лысую гару” вельмі супадае зь ягоным раманам у вершах “Родныя дзеці”. Цэлыя кавалкі ёсьць агульныя. Калі я чытаў яшчэ лекцыі на філфаку, дык намесьнік дэкана Лазоўскі ўвесь час чапляўся да Гілевіча (той, адпаведна, злаваўся): маўляў, дачка была ў Нямеччыне, і там зьмясьцілі “Родных дзяцей” і “Сказ...” на апрацоўку ў кампутар. І кампутар зрабіў выснову: абодва творы напісаныя адным чалавекам”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму гэта публічна зроблена толькі зараз, а ня 20 год таму?”

(Саламевіч: ) “Колісь ён хаваўся, але ж кожны хоча, каб даведаліся пра аўтарства хоць пасьля. А тое, што Гілевіч і ёсьць Вядзьмаком-Лысагорскім, ён ускосна прыадчыніў яшчэ ў ЛіМе. Была такая ўрэзка: “Сказ…” — гэта калектыўны твор”. Але фігуравалі дзевяць псэўданімаў Ніла Сымонавіча… Я мяркую, што артыкул выклікала сьмерць жонкі Гілевіча, Ніны Іванаўны. Ён гэтаксама вырашыў, што надыйшоў час зьбірацца, і пара прызнавацца...”

Шмат хто з калегаў Ніла Гілевіча лічыць, што ад ягонага прызнаньня “Сказ пра Лысую гару” страціць свой першасны калярыт. Аднак усе сыходзяцца ў меркаваньні, што для свайго часу сатырычная паэма стала адной з самых адметных зьяваў.