СІЛАВЫЯ ВЕДАМСТВЫ ЗАЦІКАВІЛІСЯ АКТЫВІСТАМІ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ, ЯКІЯ СУПРАЦОЎНІЧАЛІ З ДЭПАРТАВАНЫМ ЯНАМ БУШАМ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Уладзімер Шанцаў — кіраўнік магілёўскай філіі Фонду імя Льва Сапегі. Апошнія тры гады ён разам з дэпартаваным нядаўна нямецкім актывістам Янам Бушам арганізоўваў сэмінары для моладзі, якія і спрычыніліся да высылкі Буша зь Беларусі. Падчас гэтых сэмінараў сацыяліст зь Нямеччыны нібыта парушыў нейкія фінансавыя правілы і за гэта быў пакараны. Аднак кара, як лічыць Уладзімер Шанцаў, напаткала ня толькі немца, але й магілёўскую філію Фонду імя Льва Сапегі. Літаральна праз тыдзень пасьля пачатку скандала зь Янам Бушам з магілёўскага гарвыканкаму прыйшла адмова ў прадастаўленьні памяшканьня, якое ужо было выдзеленае фонду. Чыноўнікі ў кулюарах патлумачылі Ўладзімеру Шанцаву, што “ён ня з тым кантактаваў”. Дзейнасьць арганізацыі цяпер фактычна паралізаваная, да таго ж актывіст не выключае, што асабіста супраць яго могуць ужыць нейкія небясьпечныя захады.

(Шанцаў: ) “Складанасьці, відаць, будуць працягвацца. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі дэпартаваў Буша, кіраўніка сэмінару зь нямецкага боку, але застаўся я, кіраўнік сэмінару зь беларускага боку, таму ім нешта трэба зрабіць таксама і супраць мяне. Калі Буш вельмі стрымана адказваў на вострыя пытаньні моладзі падчас сэмінараў — бо ён прадстаўнік іншай краіны — то я казаў тое, што думаю. Я — грамадзянін гэтай краіны, чаго я буду палохацца?.. Усе мае адказы у іх запісаныя відэакамэрай, якая была ўсталяваная ў кандыцыянэры”.

Выснову адносна відэакамэры ўдзельнікі сэмінару зрабілі пасьля таго, як пабачылі па дзяржаўных тэлеканалах сюжэт пра Яна Буша, запісаны ў канфэрэнц-залі гатэлю “Алеся” ў Салігорску, дзе праводзіўся адзін з сэмінараў . Падчас сэмінару ніхто відэакамэрай не карыстаўся, такім чынам здымкі маглі зрабіць толькі чэкісты праз схаваную апаратуру, мяркуе Ўладзімер Шанцаў.

У тым, што за імі вядзецца трывалае сачэньне, перакананыя і іншыя актывісты Фонду імя Льва Сапегі. Андрэй Завадзкі распавёў, што днямі яго выклікалі ў пракуратуру, дзе заявілі, быццам ён парушыў шэраг артыкулаў закону “Аб грамадзкіх арганізацыях”.

Летась Андрэй Завадзкі спрабаваў зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю “Партнэрства”, якая ставіла сваёй мэтай падвышэньне актыўнасьці грамадзянаў у мясцовым самакіраваньні. “”Партнэрства” ў міністэрстве юстыцыі не зарэгістравалі, і раптам 26 жніўня ў пракуратуры Андрэю заявілі, што арганізацыя быццам дзейнічае і нават атрымлівае грашовую дапамогу з Захаду. Паводле Андрэя Завадзкага, у пракуратуру выклікалі і іншых ягоных калегаў і ўсім выказвалі аднолькавыя прэтэнзіі ў незаконнай дзейнасьці і фінансавай падтрымцы з-за мяжы. Пры гэтым супрацоўнікі пракуратуры карысталіся дакладнымі дадзенымі, хто дзе за мяжой пабываў і з кім сустракаўся.

Паводле Андрэя Завадзкага, аднаго зь ягоных калегаў, шантажуючы такімі дадзенымі, спрабаваў завэрбаваць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. “Гэта тыповы палітычны зыск з мэтай запалохаць усіх, хто застаўся ў трэцім сэктары. Гісторыі зь Янам Бушам яўна рыхтуюць працяг унутры краіны”,— лічыць актывіст Фонду імя Льва Сапегі Андрэй Завадзкі.