ДЗЯРЖАЎНАЯ ІДЭАЛЁГІЯ НЯ ЛІЧЫЦЬ УЛАДЗІМЕРА АРЛОВА НІ ПІСЬМЕНЬНІКАМ, НІ БЕЛАРУСАМ

Ганна Соусь, Менск

Заўтрашні нумар газэты “Літаратура і Мастацтва”, падрыхтаваны пры дзейным удзеле Адміністрацыі прэзыдэнта, з большага прысьвечаны пытаньням ідэалягічнай працы. У гэты ж нумар літаратурны крытык Ала Сямёнава на замову рэдакцыі падрыхтавала вялікі артыкул да юбілею Ўладзімера Арлова. Плянавалася гэтаксама надрукаваць фотаздымкі пісьменьніка разам з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным. Аднак у апошні момант, калі тэкст артыкулу ўжо было ў гранках, дырэктарка рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” Таіса Бондар загадала прыбраць з нумару артыкулы пра Ўладзімера Арлова. Адметна, што артыкул быў прысьвечаны выключна літаратурнай дзейнасьці вядомага пісьменьніка, і ў ім ніяк не згадваліся ягоныя палітычныя погляды.

Я зьвязалася з галоўным рэдактарам “ЛіМу” Віктарам Шніпам і запытала яго, чаму быў зьняты з нумару артыкул да юбілея Арлова? Ягоны адказ быў вельмі няпэўным…

(Шніп: ) “Яшчэ гэта невядома. Яшчэ ж газэта ня выйшла”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык Вы кажаце пра тое, што гэтыя матэрыялы ня зьнятыя з нумару…”

(Шніп: ) “Ніхто не здымаў нічога”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык яны выйдуць?”

(Шніп: ) “Рана ці позна ўсё будзе надрукавана”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці выйдуць яны ў гэтым нумары за пятніцу?”

(Шніп: ) “Газэта пакуль яшчэ ня выйшла, так што не хвалюйцеся. Нешта будзе, не цяпер — дык у чацьвер”.

(Карэспандэнтка: ) “У наступны чацьвер?”

(Шніп: ) “Паглядзім. Напісанае не прападае”.

Гэтак адказаў галоўны рэдактар “Літаратуры і Мастацтва” Віктар Шніп. Як стала вядома Радыё Свабода, калі сёньня нумар газэты здаваўся ў друкарню, у ім не было артыкула пра Арлова.

Дырэктарка рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” Таіса Бондар не пажадала камэнтаваць гэтую сытуацыю для Радыё Свабода. Дарэчы, напярэдадні Таіса Бондар насіла ў Адміністрацыю прэзыдэнта на ўзгадненьне гранкі кнігі “Мы — беларусы”, які выдае літаратурны холдынг. Як стала вядома нашаму радыё, у Адміністрацыі загадалі выкрасьліць з кнігі імя Ўладзімера Арлова.

Супрацоўнікі газэты “Літаратура і Мастацтва” зьвязваюць гэтыя падзеі з ўзмацненьнем гэтак званай ідэалягічнай працы ў літаратурнай сфэры. Тым больш, што яшчэ некалькі месяцаў таму выдадзеная нядаўна энцыкляпэдыя Ўладзімера Арлова “Краіна Беларусь” актыўна рэклямавалася на дзяржаўнай тэлевізіі.