“Савецкая Беларусь”, 1923 год, “Якія кнігі патрэбныя працоўным масам?”:
“Побач з ліквідацыяй непісьменнасьці мы павінны стварыць для пісьменных працоўных масавую папулярную бібліятэку на беларускай мове. Трэба выдрукаваць некалькі дзесяткаў кніжак размаітага характару, якія разам узятыя далі-бы чытачу агульныя ўразуменьні ва ўсіх пытаньнях акружаючага жыцьця. Гэтая бібліятэчка павінна абхапіць элемэнтарны курс папулярнага народнага ўнівэрсытэту. Гэта справа неадкладная. Аб гэтым павінны былі-б падумаць нашыя галоўпалітпрасьветы і выдавецтвы”.
“Звязда”, 1983 год, допіс тагачаснага карэспандэнта БЕЛТА Ўладзімера Глода:
“Цэлую выстаўку змаглі адкрыць работнікі Барысаўскай фабрыкі піяніна, каб наглядна прадэманстраваць выпускаемыя імі тавары масавага попыту. Усе 65 вырабаў выпушчаны з адходаў асноўнай вытворчасьці. Для музычных інструмэнтаў у справу ідзе далёка ня ўсё дрэва, а толькі пэўная ягоная частка. Але нават самым невялікім абрэзкам тут знайшлі прымяненьне. Толькі ў гэтым годзе фабрыка выпусьціць 36 мільёнаў шашлычных палачак, 5 мільёнаў ручак для фарбавальных пэндзляў, 450 тысяч вешалак, 140 тысяч дзіцячых ксыляфонаў, 100 тысяч прышчэпак, 50 тысяч ручак для мясарубак”.
Штотыднёвік “Биржи и банки. Белорусская деловая газета”, 1993 год, вядомы бізнэсовец і мэцэнат, прэзыдэнт кампаніі “ВІТТ” Валеры Мацулевіч, адказваючы на пытаньні Сьвятланы Карпекавай, гаворыць:
“І ўсё-ткі сапраўдныя людзі справы ўжо пачалі працаваць. Так што, як бы там ні было, яны — эліта дзяржавы, якую мы ствараем. І гэтага ня трэба палохацца і ня варта ўсіх зноў раўняць. Ад таго, наколькі будуць згуртаваныя гэтыя элітныя каманды, настолькі будзе падымацца і агульны ўзровень культуры. Сёньня, напрыклад, дзяржава ня ў стане наладзіць нармальную канцэртна-гастрольную дзейнасьць, а вось гэтая каманда бізнэсоўцаў можа: для рэклямы, для ўласнага задавальненьня. Для ўласнага славалюбства, нарэшце. У выніку выйграюць усе. Не сумняваюся: бізнэсоўцы і мастакоўская эліта павінны быць разам. Ва ўсім сьвеце так. Разам!”