Галоўны пастаўшчык вымушаных мігрантаў у Беларусь — Афганістан: больш за паўтысячы афганцаў маюць у Беларусі сталы статус уцекачоў. Сярод афіцыйна зарэгістраваных гэтаксама 76 грамадзянаў Грузіі, 28 — Таджыкістану, 23 — Этыёпіі, 22 — Азэрбайджану, 7 — Палестыны, 5 — Ірану, па 2 — Індыі ды Лібэрыі, па адным прадстаўніку Армэніі, Іраку, Камэруну і Руанды. Усяго ад пачатку году 673 замежнікі былі афійцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі як уцекачы, і прагназуецца, што да канца году гэтая колькасьць дасягне 800 чалавек. Усяго ж за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць вымушаных мігрантаў дасягнула 35 тысячаў чалавек.
Лёс патэнцыйных уцекачоў цалкам у кампэтэнцыі пашпартна-візавай службы МУС. Але спроба сумясьціць у працы маласумяшчальнае якраз і прыводзіць да таго, што заявы ад замежных грамадзянаў на атрыманьне статуса ўцекача ляжаць пад сукном цягам доўгіх гадоў. Прадстаўнік МУС Віктар Новікаў кажа, што ў бліжэйшай пэрспэктыве сытуацыя кардынальным чынам зьменіцца.
(Новікаў: ) “Зараз праходзіць узгадненьне праект указу прэзыдэнта “Аб некаторых захадах ва ўдасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў галіне міграцыйнай палітыкі”. У адпаведнасьці з дакумэнтам, у структуры МУС прадугледжваецца стварэньне дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі — у аналёгіі з Расеяй. Дагэтуль функцыі ляжалі выключна на пашпартна-візавых службах, якія хоць і працавалі разам зь іншымі ведамствамі, у прыватнасьці, зь Міністэрствам сацыяльнай абароны, але не пасьпявалі за колькасьцю зваротаў”.
Адзін зь цяперашніх уцекачоў, Джымі Нэльсан, застаўся ў Беларусі напачатку 90-х пасьля заканчэньня БДУ. На ягонай радзіме, у Лібэрыі, ужо тады распачыналіся хваляваньні й грамадзянская вайна была толькі справай часу. Зараз Джымі — даволі папулярная ў менскіх клюбах пэрсона: ён вядучы дзіцячых дыскатэкаў у клюбе “Рэактар”, яго запрашаюць весьці канцэрты. Джымі ўпэўнены, што каб не публічная праца, наўрад ці атрымаў бы статус уцекача і празь дзесяць гадоў свайго знаходжаньня ў Беларусі. Прынамсі, першыя хаджэньні па інстанцыях былі бессэнсоўнымі.
(Нэльсан: ) “Асабіста мне давялося чакаць пяць гадоў: я неаднаразова падаваў заявы і толку не было ніякага. А потым за мяне пачаў хадайнічаць кіраўнік студыі “Сябры” Анатоль Ярмоленка, і гэта дало пэўны плён. Фактычна, Ярмоленка выбіў для мяне статус уцекача. Нас, дарэчы, у Менску двое зь Лібэрыі. Мой сябра ажаніўся і від на жыхарства атрымаў хутчэй. Я маю пакуль у пацьверджаньне статуса ўцекача зялёную кніжачку, у якой запісаныя ўсе мае дадзеныя, дзе я жыву, як даўно і г.д. Цяпер я тут на законных падставах. А раней міліцыянты маглі спыніць і на месцы выпісаць штраф або завезьці ў пастарунак. Хоць сам я, праўда, ніколі туды не трапляў”.
Бальшыня ўцекачоў ад’яжджаць зь Беларусі не зьбіраецца. Прынамсі, як распавёў мне кіраўнік афганскай суполкі Рахман Сафі Абдул, ніхто з паўтысячы ягоных суайчыньнікаў у разбураны вайной Афганістан вяртацца ня хоча. Наадварот, можна казаць пра іншую тэндэнцыю: кожны, хто акліматызаваўся ў Беларусі, спрабуе выцягнуць з радзімы сваякоў ды знаёмых. У выніку ўжо цяпер колькасьць нелегалаў з аднаго толькі Афганістану сягае, па некаторых ацэнках, пяці тысячаў. Але гэтак званая “ланцуговая рэакцыя” характэрная ня толькі для афганскай дыяспары. Аналягічная працэс усё больш яскрава прасочваецца ў дачыненьні да тых, хто едзе з Каўказу, Сярэдняй Азіі, некаторых краінаў Афрыкі.