БЕЛАРУСКІЯ МІЛЬЯНЭРЫ: РЭАЛЬНАСЬЦЬ ЦІ “PR” УЛАДАЎ?

Ігар Карней, Менск

Ці лёгка бізнэсоўцу зарабіць свой запаветны даляравы ці эўра-“мільёнчык”? Амаль няма сумневу, што які-небудзь амэрыканец ці немец доўга вагацца ў адказе ня будзе: калі ёсьць мэта, здольнасьці, і, галоўнае, жаданьне, то задача цалкам рэальная. Зрэшты, зараз гэта можа сказаць і бліжэйшы сусед беларуса — паляк, літовец, латыш, нарэшце, расеец, якога з былінным статусам Івана-дурня яшчэ нядаўна ніяк не лічылі прэтэндэнтам на рэальнае, а не “духоўнае” багацьце. А вось словазлучэньне “беларус-мільянэр” дагэтуль успрымаецца прыблізна гэтак жа дзіка, як беларус-каўбой ці беларус-чэмпіён у гольфе. Кожны, хто мае мэту, здольнасьці й нават жаданьне — будзе бясконца гаварыць пра адсутнасьць умоваў, прэсынг дзяржавы, татальны кантроль з боку шматлікіх фіскальных і наглядных органаў. І будзе мець рацыю. Бо падаіць дармавую для дзяржавы “карову”, якая, да таго ж, доіцца пераважна СКВ, хоча кожны, хто мае нават мінімальны дзяржаўны ўплыў на айчынны бізнэс.

На пачатку году, калі быў у Рызе, вельмі зьдзівіўся, убачыўшы ў знаёмага бізнэсоўца справаздачу вынікаў капіталістычнага спаборніцтва за 2002 год: гэта быў сьпіс ста латыскіх мільянэраў (уявіце колькасьць: 100 толькі найбольш пасьпяховых бізнэсоўцаў; колькі насамрэч мільянэраў у 2-мільённай Латвіі — цяжка нават сказаць). На пачэсным месцы бліжэй ад пачатку ўбачыў і свайго знаёмца, 50-гадовага Яна Апаленіса, нараджэнца мястэчка Іўе, што на Гарадзеншчыне. Значыцца, Ян — звычайны, нават шараговы мільянэр? Для Латвіі, дзе ён жыве цягам апошніх дваццаці год, зьява гэта сапраўды шараговая. Карціла запытаць: а вось калі б застаўся ў свой час на Радзіме, у Беларусі? Мяркуючы з дасягненьняў аднаклясьнікаў, суседзяў, прыяцеляў — ганарыца асабліва няма чым. Апаленіс аптымістычна адказвае, што сцэнар уласнага дабрабыту меў яшчэ ў школе.

(Апаленіс: ) “У любым выпадку я займаўся б бізнэсам. Яшчэ ў дзяцінстве, калі хадзіў у іўеўскую школу (дарэчы, побач з атэлье, дзе працаваў фатографам Зянон Пазьняк), ужо тады думаў, што на месцы бацькі жыў бы лепш. Гадаваў бы двух парсюкоў. Потым, праз год, набыў бы яшчэ. Двух прадаў бы, зьявіліся б грошы, пусьціў бы іх на павелічэньне статку. Потым наняў бы суседа (неафіцыйна, бо афіцыйна каралася законам). Паступова прыцягнуў бы да справы кола людзей: і яны зараблялі б, і я. Я займаўся б пераважна, як зараз кажуць, збытам, маркетынгам. У той час, пэўна, я быў бы цэхавіком”.

Ян кажа, што, амаль як і кожны сучасны бізнэсовец, можа спаслацца на вялізную ролю выпадка. Колісь ня спраўдзілася навязьлівая дзіцячая мара стаць лётнікам: ня здолеў трапіць у Тамбоўскую авіявучэльню. Пасьля была іншая скрайнасьць: няўдалая спроба скарыць Ленінградзкую вышэйшую інжынэрна-марскую вучэльню. Урэшце пачаў займацца тым, чым і астатнія. У выходныя мяняў на чыгунцы шпалы, раз на год езьдзіў у Польшчу па тавар, працаваў інкасатарам у банку. Але зноў пацягнула ў неба: іспыты ў Інстытут грамадзянскай авіяцыі ў Рызе гэтым разам прайшлі пасьпяхова. Ды працаўладкавацца аказалася няпроста, і хтосьці падбухторыў падацца на Крайнюю Поўнач. Расейскі “кляндайк” аказаўся надзвычай гасьцінным, і два гады мыцьця золата на Чукотцы ўрэшце сталіся добрым жыцьцёвым трамплінам. Вярнуўшыся ў Рыгу, ўладкаваўся ў новую для сябе сфэру — гатэлевы бізнэс.

(Апаленіс: ) “Я заўсёды кажу: грошай у мяне ў кішэні пуста. Але я сапраўды ў сьпісе ста мільянэраў Латвіі. Так мусіць быць: грошы ў кішэні ляжаць не павінныя, яны мусяць быць у справе. Сёньня я займаюся рознабаковым бізнэсам, бо аднаму віду дзейнасьці пэрыядычна ўласьцівыя крызысы. Для таго, каб іх пераадольваць, патрэбныя сродкі на пераабсталяваньне вытворчасьці, на новыя тэхналёгіі. Тады бізнэс выжыве. Калі няма — звалішся і, мажліва, больш ніколі не падымешся. Крызыс не бывае адначасна ў многіх сфэрах. Ён бывае ў адной, потым у другой, у трэцяй... І калі ёсьць чым “падсілкавацца” зь іншых галінаў дзейнасьці, тады заўсёды будзеш на плыву”.

Біяграфія Апаленіса хоць у чымсьці й тыповая для ягонага пакаленьня, аднак скарыстаць жацьцёвы шанец, не пракуціць заробленае, ня сьпіцца здолеў далёка ня кожны. Цяпер ісьці ў бізнэс праз пакуты ня хоча ніхто: прыклад расейскіх алігархаў сьведчыць, што галоўнае зараз — знайсьці “патрэбнага чалавека”, якому аднойчы даўшы на лапу, можна камфортна спачываць на нафтавай ці газавай трубе, плаваць у бэнзынавых рэках, загараць на радовішчах нікелю ці ўрану. Вельмі хутка сучасную ісьціну ўцямілі і прадпрымальныя беларусы. Былы жыхар Барысава, Анатоль Чубайс — расейскі кароль энэргетыкі; гамяльчук Зьміцер Мартыненка — заснавальнік адной з уплывовых маскоўскіх банкавых установаў — “МДМ-банку”. Ёсьць прыклады і геаграфічна аддаленай бізнэс-інтэграцыі: былая каралева беларускага маянэзу Жана Няхайчык інвэстуе эканоміку Францыі. Апальны Аляксандар Пупейка, якія ачольваў адну з найбольш вядомы напачатку 90-х фірмаў “Пуше” асеў у Нямеччыне; некалі актывістка фінансавага рынку Натальля Шаўко жыве ў Чэхіі; адмысловец у нерухомасьці Аляксандар Кругавы мае сваю справу ў Польшчы; мясны “барон” Уладзімер Кудзінаў пераехаў ва Ўкраіну. Практычна ня чутна сёньня прозьвішчаў, якія складалі бізнэс-эліту маладой Беларусі: Андрэй Клімаў, Адам Палюховіч. Супрацьстаяньне з уладай прымусіла іх часова “залегчы на дно”.

Камітэт дзяржкантролю агалосіў днямі адну лічбу, сапраўднасьць якой, шчыра кажучы, насьцярожыла. Паводле зьвесткаў з падактовых інспэкцыяў, дзьве сотні беларусаў задэкляравалі свае даходы за год, як мільён даляраў і больш. Павеяла нечым фантастычным, і я папрасіў пракамэнтаваць гэтае цьверджаньне Аляксандра Патупу, якога за прыязнасьць да ўсяго фантастычнага так і называюць — прафэсар будучыні.

(Патупа: ) “100-150 чалавек можа й маюць статус “даляравых мільянэраў”… Часткова гэта паі, уклады ў камэрцыйныя справы. але з улікам, што мы маем вельмі нестабільныя адносіны ў сфэры маёмасьці, то, як кажуць, сёньня ёсьць, а праз тыдзень нічога ня будзе. Шмат буйных бізнэсоўцаў маюць свае актыўныя грошы ў замежжы і вядуць справы свае ў Цэнтральнай ці Заходняй Эўропе, у Расеі, ва Ўкраіне. Бо ў нас невялікія гарантыі для таго, каб пасьпяхова весьці бізнэс. І, наколькі я ведаю, ёсьць кола дзяржаўных чыноўнікаў, якія маюць вельмі сур’ёзныя грошы, і таму да ліку мільянэраў іх таксама можна далучыць. Рахункі банкавыя, натуральна, у замежжы. Гэта больш складаная сытуацыя, але яна існуе”.

Адшукаць легальнага мільянэра ў Беларусі аказалася нашмат складаней, чым разважаць на гэтую тэму. Аднаго з патэнцыйных “багатых Бурацінаў” я ведаў даўно, але заставаліся сумнівы, ці не разбазарыў ён свае сродкі ў казіно ды барах. Набраўшыся нахабства, затэлефанаваў і наўпрост запытаўся: ці ўваходзіць ён у сьпіс тых 200 сьмелых, што распавялі падатковым інспэкцыям пра свае мільёны? Той адразу ж выдаў, што ніводзін нармалёвы грамадзянін ня скажа, што мае ў актыве такія грошы. А наконт сьмеласьці — дык і гэта перабольшаньне: звычайны “піар” улады. І вось як пракамэнтаваў сваю пазыцыю — з-за адсутнасьці сьмеласьці, натуральна, без указаньня імя і свайго нумару падаткаплатніка”.

(Бізнэсовец: ) “Мільянэры ў Беларусі ёсьць, але каб легальна задэкляравалі 200 чалавек такія даходы — моцна сумняюся. Афіцыйна задэкляраваць мільён даляраў — гэта трыста тысячаў аддаць на падаткі. Таму, хутчэй за ўсё, гэта звычайны “піар”, каб людзі не баяліся дэкляраваць вялікія сумы. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра асабістыя даходы, гэта нават не даходы фірмаў, а даходы, задэкляраваныя асобамі ў прыватным парадку. Дагэтуль быў “піар”, што “Financial Times” пісала пра тое, наколькі Беларусь прывабная, што банкавы сэктар тут будзе хутка разьвівацца... Але зноў жа, асабістыя даходы тых жа кіраўнікоў ЛУКойлу, топ-мэнэджэраў ЮКОСа — 500 тысячаў — 1 мільён даляраў. Яны задэкляраваныя афіцыйна. Дык гэта алігархічныя расейскія структуры! Але ці можна параўнаць тых алігархаў зь беларускімі? Ну, а незалежныя экспэрты кажуць, што ў нас мільянэраў каля тысячы — проста мільянэраў, якія нічога не дэкляруюць, але маюць звыш мільёну даляраў уласнасьці”.

Адрозна ад іншых бізнэсоўцаў, якія любяць адмахвацца, маўляў, грошы — гэта не галоўнае, мой латыскі знаёмы Ян Апаленіс разважае цьвяроза: грошы не патрэбныя ў Паўночнай Карэі, дзе за іх усё адно нічога ня купіш. Калі хочаш жыць годна, ды знаходзіцца ў эўрапэйскім кантэксьце, мусіш зарабляць. І яшчэ адна нечаканая выснова: наяўнасьць пэўнага фінансавага становішча аўтаматына не азначае, што трэба падстаўляць плячо астатнім.

(Апаленіс: ) “Я не адчуваю сябе занадта ўзьнёсла. Мне здаецца, я захаваў нармалёвую рысу — ня зьнішчыў у свой час залежнасьць ад грошай. І можа таму цяпер адчуваю сябе добра. Я ніколі не разумеў, як можна камусьці аддаць рубель, калі ў самога толькі два. А хацелася купіць і тое, і іншае. А цяпер я адчуваю лёгкасьць у душы, задавальненьне, калі дапамагаю сёстрам, яшчэ камусьці. Натуральна, дапамагаю ня ўсім. Бо грашыма можна дапамагчы чалавеку, які стараецца, але ня можа зарабіць, не атрымліваецца. А вось хто нічога ня робіць, а толькі чакае падачкі, яму грашыма ніколі не дапаможаш. Толькі больш сапсуеш, а ў выніку станеш ворагам: рана ці позна наступіць момант, калі ты ня будзеш даваць, зразумеўшы — нельга ж так!..”

Ва ўсім сьвеце бізнэсоўцы так ці інакш уплываюць на палітычныя працэсы — ня толькі ў краіне “прапіскі”, а далёка за яе межамі. Беларускіх алігархаў, якія маглі б істотна паўплываць на хаду гістарычнага разьвіцьця, амаль няма — усе яны пад пятой дзяржавы. Ян Апаленіс у суседняй Латвіі — фігура дастаткова заўважная. Таму самі палітычныя партыі запрашаюць далучыцца да сябе, атрымаўшы адначасна і фундатара, і чалавека зь імем. Апаленіс часам згаджаецца на палітычныя авантуры, але робіць гэта, каб, як ён кажа, “прыкрыць” уласны бізнэс.

(Апаленіс: ) “Увогуле бізнэсовец ня можа быць па-за палітыкай. Гэтыя дзьве рэчы ўзаемазьвязаныя. Я і сам цяпер сябра сацыял-дэмакратычнай партыі “Дабрабыт”, але мяне знаходжаньне ў партыі не прываблівае. Шкада часу, ды й ня хочацца. У партыю збольшага ідуць, каб прыкрыць бізнэс, бо ў кіраўніцтве дзяржавы пераважна дылетанты, бюракраты, людзі, якія ня маюць свайго бізнэсу, яны далёкія ад гаспадарчай дзейнасьці. Яны сядзяць і толькі думаюць, як узяць хабар у такога, як я, Яна. Іх не хвалюе, як гэтыя грошы зарабляюцца. Яны пераважна “ўчорашнія”, “былыя” — ніхто, няўдачнікі. Кожны чалавек, які хоча годна жыць, да нечага імкнуцца — павінен працаваць. Мне дзед зь дзяцінства казаў: унучак, працуй з ранку да вечара, і ў цябе ўсё будзе. Я тады не разумеў — як гэта ўсё? Ад таго, што буду зранку да вечара рыдлёўкай махаць? Ён адказаў: вось надакучыць кідаць зямлю, паразумнееш, тады будзеш рабіць іншае. А зямлю будуць кідаць тыя, хто нічога не зразумеў”.

Сучасны беларускі досьвед яскрава дэманструе: каб жыць годна, не абавязкова працаваць на знос. Дастаткова атрымаць статут “набліжанага да імпэратара”, а ўжо дзяржаўнае прыкрыцьцё зробіць сваё: нелегальны бізнэс стане легальным, гандаль зброяй будзе праходзіць як “гуманітарная дапамога”, нават алькагольны ды тытунёвы бізнэс ад імя Праваслаўнай царквы будзе падавацца з волі Божай. Для “месца пад сонцам” многія дзелавыя людзі ўжо адмовіліся ад ранейшых маральных прынцыпаў: маўляў, бізнэс, як і палітыка, справа брудная, а значыцца, і прынцыповая пазыцыя можа быць “гнуткая”. Але ўвесь дзесяцігадовы беларускі досьвед сьведчыць: такая непераборлівасьць можа мець балючыя наступствы. Сёньня ты ў дошку свой, а заўтра гэтыя самыя дошкі, але ўжо ў выглядзе нараў, распачынаюць прынцыпова новы жыцьцёвы этап.