<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>

23-ГА ЖНІЎНЯ, СУБОТА

ВОСТРАЯ БРАМА

Мабільная тэлефонная сувязь у Беларусі – зьява настолькі ж новая, наколькі ўсеахопная. Ужо праз год сотавы тэлефон будзе ў кожнай сям’і. Пры гэтым новая сувязь ніяк ня ўлічвае нацыянальнае спэцыфікі Беларусі – не карыстаецца беларускай мовай, што рэальна абмяжоўвае ў правох беларускамоўнага карыстальніка і спажыўца. Чаму так адбываецца, што робіцца для таго, каб зьмяніць сытуацыю і якім чынам яе можна было б зьмяніць. Гаворка пра гэта – у новым выпуску перадачы “Вострая Брама”. Аўтар – Сяргей Дубавец.


ТЭМАТЫЧНАЯ ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. ЖАНЧЫНЫ Ў ВЭРТЫКАЛІ

У беларускай “вэртыкалі” — жаночы твар: 63% з 54 тысячаў дзяржаўных службоўцаў складаюць прадстаўніцы прыгожай паловы.
Аднак толькі кожная чацьвертая зь іх займае кіраўнічую пасаду. Бальшыня жанчын-чыноўніцаў працуюць у рэгіёнах. Хто яны? Што думаюць пра сваю кар’еру? Як ставяцца да іх людзі?


СЫМБАЛЬ ВЕРЫ

Апошнія 15 гадоў адноснай рэлігійнай свабоды прынесьлі Беларусі нечуваныя за савецкім часам маштабы будаўніцтва цэркваў, касьцёлаў і пратэстанцкіх бажніцаў. Калі ўзяць толькі сталіцу краіны – Менск, дык цяпер там будуецца каля 25 праваслаўных цэркваў, два праваслаўныя манастыры і два дамы міласэрнасьці, а католікі пабудавалі толькі адзін невялікі касьцёльчык, хутчэй капліцу ў Серабранцы... Даволі шмат будуюць і пратэстанты. І вось пытаньне – як цэрквы Беларусі датрымліваюць беларускую традыцыю сакральнай архітэктуры? Пра гэта – новы выпуск перадачы Сымбаль Веры. Аўтар – Сяргей Абламейка.


24-ГА ЖНІЎНЯ. НЯДЗЕЛЯ

ПРАСКІ АКЦЭНТ

Паводле ацэнак міжнародных экспэртаў Беларусь стала міжнародным лідэрам у афшорным праграмаваньні. Як краіна з нерэфармаванай эканомікай здолела выйсьці ў лідэры ў адной з самых сучасных галінаў усясьветнай эканомікі? Ці можа гэтая перавага захоўвацца доўгі час? Ці зьвязаны гэты бізнэс з Расеяй? Чаму беларускія праграмісты не з’яжджаюць зь Беларусі?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч, арт-дырэктар беларускай кампутарнай кампаніі “Red Graphics System” Сяргей Восіпаў і эканаміст, кіраўнік дасьледнага цэнтру імя Мізэса Яраслаў Раманчук. Перадачу падрыхтаваў Юры Дракахруст.



ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111

У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Міхаіл Дашкевіч з Кобрыня, Галіна Вахт з эстонскага гораду Торва, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Аляксей Жук зь Мядзельскага раёну і Ігар Касьянаў з украінскага Севераданецку.

У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
— разважаюць пра тое, чаму ў Беларусі мала палітыкаў, імёны якіх шырока вядомыя ў грамадзтве;
— выказваюць меркаваньні пра лёс Беларускага гуманітарнага ліцэя, які вырашылі ліквідаваць улады;
— распавядаюць пра жыцьцё беларусаў у краінах Балтыі;
— дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.



ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ

Творы пісьменьніка Ўладзімера Арлова называюць цаглінамі ў падмурак Беларускага Дому. Гэта, вядома, мэтафара, але чамусьці здаецца, што, нібы на кутніх камянях, Дом той стаяў бы нязрушна на кнігах “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, “Краіна Беларусь”, “Адкуль твой род” ды “Сны імпэратара”. Астатнія два дзясяткі арлоўскіх кніг добра б умацавалі падмурак па пэрымэтры. Пісьменьнік сустрэў сваё пяцідзесяцігодзьдзе ў росквіце творчых сіл, на піку грамадзянскай актыўнасьці. “Літаратура — гэта тэрыторыя свабоды, якой мне дастаткова”,— гаворыць Уладзімер Арлоў у аўтарскай перадачы Міхася Скоблы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”. Слухайце іх гутарку ў нашай праграме ў нядзелю, 24 жніўня.


БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ. 24-ГА ЖНІЎНЯ

Ці адпавядаюць беларускія сайты сваім зьместам і формай патрабаваньням Інтэрнэту, пра што распавядаюць беларускія транспартныя старонкі ў Сеціве? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы Віталя Цыганкова.