ВІЦЕБСКІ МЭР ЗАГАДАЎ ТЭРМІНОВА РАСЧЫСЬЦІЦЬ РЭЧЫШЧА ВІЦЬБЫ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Заўтра – апошні дзень працы падлеткаў-валанцёраў, дзеля дапамогі якім на суботнік “мабілізаваныя” дзесяткі віцяблянаў.

Ідэя прызначанага нядаўна на пасаду старшыні гарвыканкаму Пятра Драздова далёка ня новая: расчыстка рэчышча Віцьбы зьяўляецца асобным пунктам плянаў гарадзкога разьвіцьця ды добраўпарадкаваньня ўжо цягам некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў. І дзяржаўным моладзевым арганізацыям гэтая справа даручаецца таксама не ўпершыню: летнікі ахвотных валанцёраў з усяе вобласьці, якія яшчэ й плацяць за пуцёўку па 10 тысячаў рублёў, зьбіраюцца ўжо трэці год запар.

На добраўпарадкаваньне Віцьбы нават ужо ёсьць грошы – абласны фонд аховы прыроды гатовы выдаткаваць на гэта 300 мільёнаў рублёў. Няма дагэтуль толькі праекту, паводле павінны весьціся працы. І таму намаганьні выканаць загад мэра ды спрычыніцца да абвешчанага ўрадам “Году навядзеньня парадку” маюць у Віцебску хіба стыхійны характар.