ЯКІЯ КРАЎЦЫ ШЫЮЦЬ АДЗЕНЬНЕ ДЛЯ КІРАЎНІКА КРАІНЫ

Ігар Карней, Менск

Мінулі часы, калі дэпутатам Лукашэнка мог валтузіцца з аховай Дому ўраду і увесь дзень пасьля гэтага адседзець на працы з адарваным рукавом. Цяпер у прэзыдэнцкім гардэробе дарагія касьцюмы, якія ён даволі часта мяняе. Часам прэзыдэнт зьяўляецца перад публікай і ў даволі эпатажным выглядзе. Варта ўзгадаць форму Галоўнакамандучага: на залатых генэральскіх пагонах цяперашні герб, шырокія чырвоныя ляпмасы, вялізная фуражка. Форма аналягаў у сьвеце ня мае, паколькі яшчэ ніводін маёр не лічыў пасаду Галоўнакамандучага вайсковым званьнем. Лукашэнка быў і ў спэцоўцы шахцёра, калі спускаўся ў шахту, і ў белым халаце лекара, калі наведваў радзільны дом, і чарнарабочым у часе суботнікаў. Ня кажучы пра надзвычай шырокі спартовы інтарэс: майкі і футболкі з прозьвішчам "Лукашэнка" мільгаюць на тэлеэкране часта.

Апошні ўбор Лукашэнкі – ільняны балахон для паходаў па іржышчы – быў у рэклямных мэтах пашыты ў Воршы.

Хто ўвогуле абшывае і абувае кіраўніка беларускай дзяржавы? Практычна ўсе сталічныя мадэльеры адказваюць: замоваў з прэзыдэнцкай адміністрацыі ня мелі. А вядомы менскі мадэльер Саша Варламаў канстатуе, што з гэтай нагоды зусім не перажывае.

(Варламаў:) "Яго я не абслугоўваю. Я зь ім не зьвязаны і не хацеў бы, так спакайней. Для іншых шыю: апранаю эўрапэйскі дыпляматычны корпус— і ня толькі ў Беларусі. Узровень дазваляе. Наогул узровень нашых адмыслоўцаў вельмі высокі, ёсьць проста выдатныя майстры. Іншая справа, што яшчэ з часоў старажытнага Эгіпту існуе стэрэатып: усё лепшае — замежнае. Фараонам пад час забаўляльных праграмаў увесь час "падсоўвалі" прыежджых артыстаў; яму патрэбна было забаўляцца. Таму і ў нашым выпадку магчыма ўсё, нічога дзіўнага няма. У гэтым сэнсе можа і я зьяўляюся для кагосьці экзотыкай у Эўропе: камусьці там гэтаксама цікава ў мяне касьцюм пашыць".

Былыя ведамасныя атэлье (саўмінаўскія, міністэрскія, вайсковыя) гэтаксама не атрымліваюць замоваў на касьцюмы для прэзыдэнта. У адным зь іх паведамілі, што наўрад ці вышэйшае кіраўніцтва было б задаволенае якасцью выкананьня — былыя адмыслоўцы з установы разыйшліся, а абсталяваньне ўжо маральна састарэла.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч кажа, што ніколі, нават з улікам свайго статусу, ня мог дазволіць сабе гардэроб, які мае зараз Лукашэнка. І можна толькі здагадвацца, колькі было б гвалту, каб разам з сумна вядомай скрыняй цьвікоў часовы кіраўнік антыкарупцыйнай камісіі ВС знайшоў бы ў Шушкевіча пашыты за дзяржаўныя грошы пінжак.

(Шушкевіч:) "Няма гэтага ні ў заканадаўстве, ні ў правілах. І, шчыра кажучы, былі вялікія праблемы, бо я добра разумеў, як трэба выглядаць і добра ўсьведамляў, якія маю магчымасьці".

(Карэспандэнт:) "Можа, пытаньне некарэктнае, але калі прыяжджаў у Беларусь Клінтан, многія газэты пісалі: Шушкевіч на тле амэрыканскага прэзыдэнты выглядаў досыць сьціпла — асабліва дасталося паліту..."

(Шушкевіч:) "Ну, дык так яно і было, таму што я быў ва ўсім сваім, у набытым за свае грошы. Існавала атэлье пры Савеце міністраў, але яно было амаль што для ўсіх даступнае, адкрытае, і адно, што можна было нешта замовіць па-за чаргой. А што тычна мяне, дык я ўпісваўся ў стандартныя памеры. Не хачу асабліва разважаць на гэтую тэму, але адно добра разумею: за той афіцыйны заробак, які ёсьць у прэзыдэнта, так немагчыма апранацца. І, апроч таго, Ціцянкоў на гэтую тэму пісаў сам, даваў інтэрвію, як і кім усё забясьпечваецца".

У прыватным сэктары эканомікі рознага кшталту швачныя міні-фабрыкі зараз займаюць вельмі заўважнае месца. Пад замовы з Расеі, Польшчы, Нямеччыны яны шыюць сучасныя, модныя рэчы. Амаль усе фірмы маюць у сваім штаце як мінімум аднаго мадэльера. Але чамусьці ніводная кампанія не хацела б мець у якасьці заказчыкаў людзей з уладных структураў.