32-гадовы грамадзянін Нямеччыны Ян Буш, якога выслалі зь Беларусі, добра вядомы беларускім маладым сацыял-дэмакратам. Цягам двух гадоў ён дапамагаў праводзіць сэмінары і іншыя навучальныя мерапрыемствы для актывістаў арганізацыі.
Марына Азаронак, старшыня арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў, згадвае.
(Азаронак: ) “Чалавек добра разумее Беларусь, вельмі хацеў дапамагчы нешта добрае тут зрабіць. У яго тут шмат сяброў, знаёмых, ён заўсёды для іх быў адкрыты”.
Сказала лідэр маладых сацыял-дэмакратаў Беларусі Марына Азаронак. Для яе дэпартацыя Яна Буша была цалкам нечаканай. Ён вядомы ёй выключна з добрага боку, і харакратам ён, паводле дзяўчыны, стрыманы і ўраўнаважаны . Марына Азаронак не выключае, што беларускія улады ўчынілі нейкую правакацыю, каб скампрамэтаваць Яна Буша і на падставе быццам “неэтычных паводзінаў” выдаліць з краіны. На пытаньне “Навошта?” Марына адказвае наступным чынам.
(Азаронак :) “Ведаю, што адбыўся першы з шасьці сэмінараў для Віцебскай вобласьці і прайшоў ён вельмі ўдала, было шмат моладзі, і я мяркую, гэта выклікала незадавальненьне нашай улады, якая пайшла на такі вось крок”.
У КГБ Беларусі, які звычайна праводзіць дэпартацыю замежных грамадзянаў, не ўдалося высьветліць, за што дакладна быў дэпартаваны нямецкі сацыяліст і чаму яго не прыцягнулі да судовай адказнасьці, калі ён зрабіў нешта незаконнае. Увесь дзень тэлефоны прэсавай службы КГБ не адказваюць, і адмысловай заявы для медыяў на гэты конт пакуль не было. Дэпартацыю нямецкага грамадзяніна пацьвердзілі ў міністэрстве замежных справаў, але па падрабязнасьці накіравалі зноў жа ў КГБ.
У амбасадзе Нямеччыны ў Беларусі пацьвердзілі дэпартацыю Яна Буша і паведамілі, што пра гэта праінфармаваны федэральны ўрад Нямеччыны. Паводле амбасады, прычыны дэпартацыі вывучаюцца, і нямецкі ўрад пакідае за сабой права “адэкватна адрэагаваць”. Больш ніякіх камэнтароў у амбасадзе не даюць.
Крыніцы ў Бэрліне сьцьвярджаюць, што гэты факт быў успрыняты вельмі нэгатыўна, бо сэмінары, якія ладзіліся з дапамогай Яна Буша, былі ўзгоднены паміж міністэрствамі замежных справаў дзьвюх краінаў.
Нагадаю, беларускі урад не ўпершыню выкарыстоўвае дэпартацыю супраць замежных грамадзянаў, якія займаліся грамадскай дзейнасьцю. У свой час гэтай працэдуры былі падвергнутыя вядомы прафсаюзны дзеяч Польшчы Мар’ян Кшаклеўскі, журналісты з Чэхіі і Расеі. Амаль год таму зь Беларусі быў дэпартаваны лідэр СПС Расеі Барыс Нямцоў, які прыляцеў у Менск для ўдзелу ў навуковым сэмінары. Нямцова выслалі з фармулёўкай “за падрыўную дзейнасьць”. Адметна, што дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне ўжо назвала нямецкага сацыяліста Яна Буша “клясычным падрыўніком”.