“ВІДАВОЧНА, ШТО ПЕРАВАЖНАЯ БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ ЖАДАЕ БЫЦЬ БЕЛАРУСАМІ”

Аляксей Знаткевіч, Прага

Сярод тэмаў, якія амэрыканскі дыплямат закрануў на брыфінгу было і пытаньне беларуска-расейскай інтэграцыі. Тэд Контэк заявіў, што пазыцыя амэрыканскага ўраду ў гэтым пытаньні застаецца нязьменнай – сувэрэнныя дзяржавы маюць права прымаць рашэньні аб аб’яднаньні, але ў цяперашніх умовах нельга казаць аб магчымасьці дэмакратычнага выбару беларускага народу. Контэк падкрэсьліў, што вынікі сацыялягічных апытаньняў наконт інтэграцыі шмат у чым залежаць ад таго, як фармулюецца пытаньне.

(Контэк: ) “Вельмі відавочна, што пераважная большасьць беларусаў жадае быць беларусамі, нават калі яны вызначаюць сябе як этнічных расейцаў, палякаў, літоўцаў ці ўкраінцаў. Яны усё роўна лічаць сябе беларусамі, нават калі размаўляюць па-расейску, а гэта робіць большасьць, і яны не жадаюць паглынаньня Расеяй”.

Амэрыканскі дыплямат зазначыў, што ў самой Расеі палітыку ў дачыненьні да Беларусі вызначаюць розныя інтарэсы.

(Контэк: ) “Расея пакуль ня вельмі жорстка рэагавала на адмову Лукашэнкі ад прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Мне здаецца, гэта зразумела, бо расейскі ўрад неабавязкова падтрымлівае расейскіх алігархаў, якія спрабуюць наладзіць прыватызацыю. Унутры Расеі існуюць супярэчлівыя інтарэсы. Таму, мне здаецца, Лкашэнка можа і надалей супрацьстаяць прыватызацыі. Бо для расейскіх нацыянальных інтарэсаў не патрэбная прыватызацыя, каб мець уплыў у Беларусі, як палітычны, гэтак і эканамічны”.

На думку Тэда Контэка, падыходы ўраду Расеі да Беларусі апошнім часам крыху зьмяніліся.

(Контэк: ) “Расея гадамі глядзела на Беларусь скрозь пальцы. Мы спрабавалі заахвоціць Расею, каб яна далучылася да нас з патрабаваньнямі дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Яны адмаўляліся. Але у апошнія 6-8 месяцаў яны фактычна далучыліся да нас у падтрымцы абмежаваных дэмакратычных рэформаў – у прыватнасьці рэформы выбарчага заканадаўства. Гэта новы і вельмі пазытыўны момант”.

Амэрыканскі дыплямат таксама выказаўся наконт адносінаў Беларусі з іншымі краінамі суседзямі. Ён, у прыватнасьці зазначыў, што беларуская палітыка Польшчы зьмянілася з прыходам да ўлады польскіх сацыял-дэмакратаў. На думку Контэка, польскі ўрад часам балянсуе на мяжы парушэньня санкцыяў Эўразьвязу, якія забараняюць кантакты з найвышэйшымі службовымі асобамі Беларусі. Урад Польшчы, тлумачыць гэта неабходнасьцю абараняць інтарэсы польскай меншасьці ў Беларусі. Аднак, зазначыў амэрыканскі дыплямат, гэтыя кантакты не далі плёну.

У той жа час Тэд Контэк вельмі высока ацаніў пазыцыю Літвы, якая спрабуе спрыяць дэмакратызацыі Беларусі, нягледзячы на сваю залежнасьць ад гандлю зь Беларусьсю і ціск на літоўскіх бізнэсоўцаў з боку беларускіх уладаў. Паводле Контэка, роля Літвы ў дачыненьнях Захаду зь Беларусьсю стане яшчэ больш важнай пасьля далучэньня Літвы да Эўразьвязу ў наступным годзе.

Літву апошнім часам называюць прыкладам пасьпяховага эканамічнага разьвіцьця ня толькі ва Ўсходняй, але й ва ўсёй Эўропе. У гэтай сувязі цікавыя наступныя слова амэрыканскага дыплямата:

(Контэк: ) “Калі б у Беларусі было прынятае палітычнае рашэньне аб рэформах, эканамічных і палітычных, Беларусь магла б, верагодна, нават абыйсьці Літву ў руху да заходніх стандартаў”.