Памер прэміяльных для беларускіх спартоўцаў на чарговай летняй Алімпіядзе, якая адкрыецца 13 жніўня 2004 году ў грэцкіх Атэнах, не зьмяніўся з часу папярэдніх гульняў, што праходзілі чатыры гады таму ў аўстралійскім Сыднэі. Там алімпійцы Беларусі заваявалі 17 мэдалёў: па 3 залатых і срэбраных, а таксама 11 бронзавых. Такім чынам, прэміяльныя за іх склалі больш за паўмільёну даляраў.
На Атэнскіх гульнях Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу атрымаць 25 мэдалёў.
60 тысячаў даляраў прэміі за тытул алімпійскага чэмпіёна на гульнях у Сыднэі ўвялі Беларусь у першую дзясятку краінаў, якія плацяць сваім атлетам найбольшыя прэміяльныя. Для параўнаньня адзначу, што нават Расея за першае месца выплачвала менш — 50 тысяч даляраў, яшчэ таньней ацэньвалі алімпійскае золата такія багатыя дзяржавы як Швайцарыя, Швэцыя, Францыя ды іншыя. Цікава, што ў той жа Расеі за бронзу гатовыя плаціць толькі 10 тысяч даляраў, у той час як у Беларусі — 22,5.
Трохразовы алімпійскі чэмпіён, сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч, на маё пытаньне: 60 тысяч — гэта многа ці мала, адказаў наступным чынам:
(Парфяновіч: ) “Гэтую праблему трэба разглядаць з двух бакоў — вялікія гэта грошы ці невялікія? Калі ўзяць заробак мэханізатара, я ўпэўнены ў тым, што гэта вельмі вялікія грошы. А калі ўзяць заробак нейкага алігарха, то гэта — капейкі. Калі мэханізатар ці даярка ў нейкія месяцы атрымліваюць за сваю працу па 10–15 даляраў, з гэтага выцякае, што яны павінны за 60 тысяч даляраў рабіць усё сваё жыцьцё несупынна. Гэта вельмі вялікія грошы для Беларусі. Таму я ўпэўнены, што гэтая лічба — 60 тысяч — нармалёвая”.
Я пацікавіўся ў трохразовага чэмпіёна маскоўскай Алімпіяды-80, колькі грошай у якасьці прэміі атрымаў тады ён. Уладзімер Парфяновіч гаворыць, што параўнальна зь цяперашнім часам гэта была мізэрная лічба:
(Парфяновіч: ) “За выняткам падаткаў, тры з паловай тысячы рублёў на той час. Калі я выйграў тры мэдалі, мне прыйшлося, каб купіць “Волгу”, дадаць яшчэ чатыры тысячы. Быў іншы час, былі іншыя грошы”.
Тым часам беларускія ўлады праз абл– і гарвыканкамы прымушаюць розныя прадпрыемствы літаральна ўзяць на ўтрыманьне вядучых спартоўцаў. Заводы і фабрыкі прымушаюць купляць для патэнцыйных алімпійцаў экіпіроўку, трэнажоры ды іншыя неабходныя рэчы. У прыватнасьці, Гомельскі шклозавод купіў для Ірыны Ядчанкі так званую “бягучую дарожку” коштам 7 мільёнаў рублёў.
А калектыў “Гомельтранснафта “Дружба” набыў такую ж дарожку для Натальлі Сазановіч. Усяго ж да Атэнскай алімпіяды, паводле зьвестак намесьніцы міністра спорту і турызму Галіны Забур’янавай, цяпер вядуць падрыхтоўку больш за 300 беларускіх спартоўцаў.