АВІЯДЫСПЭЧАРЫ ДАЛУЧЫЛІСЯ ДА ДЭМПРАФСАЮЗУ ТРАНСПАРТНІКАЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

У сходзе ўдзельнічала больш за 30 сяброў ліквідаванага прафсаюзу. Былыя лідэры гэтага аб’яднаньня Юры Мігуцкі й Алег Доўбік прапанавалі людзям абмеркаваць сытуацыю і вырашыць, што рабіць далей. На іх думку, Вярхоўны суд, ліквідаваўшы прафсаюз нібыта з прычыны ягонай малалікасьці (паводле дэкрэту Лукашэнкі любы прафсаюз мусіць налічваць ня менш за 500 сяброў), пакінуў авіядыспэчараў сам-насам зь вялікімі праблемамі.

Адміністрацыя прадпрыемства “Белаэранавігацыя” ўжо неўзабаве зьбіраецца перавесьці дыспэчараў на кантрактную форму працы, перагледзець калектыўную дамову, ліквідаваць іншыя сацыяльныя льготы. Каб хоць неяк легальна абараніць свае правы, авіядыспэчары вырашылі далучыцца да Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў. Гаворыць авіядыспэчар Мікалай Гладкі:

(Гладкі: ) “Наколькі я разумею, гэта адзінае правільнае рашэньне. Бо пасьля зьнішчэньня прафсаюзу мы засталіся наогул адны перад нашым наймальнікам. Ён можа цяпер рабіць з намі, што хоча. І каб мець нейкую абарону нам трэба было ўступіць у Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў”.

Пакуль дыспэчары будуць бараніць свае правы ў складзе Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў, але й не пакідаюць надзеі адрадзіць свой уласны прафсаюз. Кіраўніком новай прафсаюзнай суполкі авіядыспэчараў абралі Васіля Кузіча:

(Кузіч: ) “Мы былі вымушаныя пайсьці на гэты крок, бо іншага выйсьця не было. Бо толькі мы самі можам зарганізавацца і абараніць свае правы. Ніхто іншы за нас гэтага ня зробіць. Я разумею, што гэта толькі часовая мера, але іншага выйсьця няма. Мы былі вымушаныя гэта зрабіць”.

У дыспэчарскую суполку Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў увайшлі 30 сяброў, але Васіль Кузіч спадзяецца, што неўзабаве да яе далучацца яшчэ ня менш за паўтары сотні працаўнікоў.

Лідэр Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў Уладзімер Макарчук быў вельмі задаволены тым, што авіядыспэчары не саступілі ціску ўладаў і працягваюць бараніць свае правы. А вось меркаваньне прэзыдэнта Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, у склад якога ўваходзіць дыспэчарская суполка прафсаюзу:

(Ярашук: ) “Любы канец ёсьць пачаткам. І ў гэтым выпадку тыя, хто разьлічваў паставіць канчаткова крыж на прафсаюзе авіядыспэчараў, відавочна, пралічыліся. І самая галоўная памылка ўладаў, відаць, у тым, што яны не разьлічвалі, што людзі ў гэтай арганізацыі — свабодныя грамадзяне краіны”.

Авіядыспэчары таксама вырашылі правесьці ў Менску пікет пратэсту супраць рашэньня ўладаў ліквідаваць іхны прафсаюз.