БЕЛАРУСАМ ДЛЯ АБ’ЯДНАНЬНЯ ПАТРЭБНАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ АЛЬБО МОЦНЫ ЛІДЭР

Альгерд Невяроўскі, Менск

Многія апытаныя людзі лічаць, што аб’яднаць беларусаў можа нацыянальная ідэя. Але кожны разумее гэтую ідэю па-свойму:

(Спадарыня: ) “Відаць, нейкае агульнае памкненьне. Грамадзтва трэба накіраваць у адным напрамку, тады, на маю думку, людзі будуць у дасягненьні гэтай мэты больш адзінымі”.

(Спадар: ) “Павінна быць адзіная нацыянальная ідэя росквіту нашай дзяржавы. Нейкая сацыяльная палітыка, скіраваная на паляпшэньне эканамічных варункаў. Каб старыя ня плакалі аб мінулым, а моладзь не зьяжджала адсюль, а падымала сваю эканоміку, нашую дзяржаву”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як на вашую думку, хто, альбо што можа цяпер аб’яднаць беларускае грамадзтва?”

(Спадар: ) “Свабода. Каб была свабода — гэта і будзе аб’яднаньне”.

(Дзяўчына: ) “Можа, ідэя нейкая, музыка, альбо яшчэ што”.

(Карэспандэнт: ) “А якая ідэя можа быць аб’яднаўчай для ўсяго народу?”

(Дзяўчына: ) “Ідэя свабоды, незалежнасьці”.

(Яе сяброўка: ) “Я лічу, што людзі Беларусі павінны разам зьяднацца ў справе незалежнасьці Беларусі”.

(Спадар: ) “Толькі мы самі беларусы можам аб’яднаць беларускае грамадзтва. Усё залежыць ад нашых цярпеньня, сілаў, розуму і г.д. Усё ў нашых руках і ў нашым сэрцы”.

(Іншы спадар: ) “Грамадзтва аб’яднаюць нацыяналісты, хаця б фактам свайго існаваньня”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што народ і можа аб’яднаць грамадзтва. Калі ўсе возьмуцца за розум, тады й аб’яднаюць”.

(Мужчына: ) “Толькі адзіная мэта аб’яднаньня”.

(Дзьве сяброўкі: ) “Нашае грамадзтва аб’яднае мова й культура. І я таксама так лічу”.

Меншая частка апытаных лічаць, што аб’яднаць грамадзтва можа асоба — нацыянальны лідэр. Вось іхныя меркаваньні:

(Спадар: ) “Відаць, нейкі чалавек павінен знайсьціся больш валявы, чым цяпер пры ўладзе, і чым той, хто можа прыйсьці да ўлады. Цяпер такога чалавека няма, але, відаць, зьявіцца. Павінна быць моцная воля, толькі так”.

(Пэнсіянэр: ) “На маю думку, толькі прэзыдэнт можа аб’яднаць. Бо ён галава. Я пэнсіянэр, мне мала плацяць, я на яго пакрыўджаны, але іншага, на сёньняшні дзень я ня бачу”.

(Карэспандэнт: ) “Хто, альбо што можа цяпер аб’яднаць беларускае грамадзтва?”

(Спадарыня: ) “Вось калі будзе асоба, у якой будзе ідэя, тады ўсё й будзе”.

Варта дадаць, што немалая частка людзей увогуле ня мае адказу на гэтае пытаньне.