Чыноўнікі Мінюсту сьцьвярджаюць, што супрацоўнікі "Прававой дапамогі насельніцтву" незаконна, ня маючы адвакацкіх ліцэнзіяў, аказвалі юрыдычныя паслугі грамадзянам, прычым рабілі гэта за плату. На гэтай падставе праваабаронцам вынесена папярэджаньне і пададзены ў суд пазоў аб ліквідацыі аб'яднаньня.
8 жніўня ў судзьдзі Менскага гарсуду Натальлі Жупікавай адбылося папярэдняе паседжаньне. Разьбіральніцтва прызначанае на 5 верасьня. Кіраўнік "Прававой дапамогі" Алег Воўчак назваў абвінавачаньні Мінюсту абсурднымі, бо ніякіх грошай зь людзей яны ня бралі, а аказваць юрыдычную дапамогу грамадзянам ёсьць статутнай мэтай арганізацыі. Алег Воўчак бачыць прычыну перасьледу арганізацыі ў наступным:
(Воўчак: ) "Думаю, што рыхтуюцца да рэфэрэндуму, гэта першае. Другое – дзеля застрашэньня іншых праваабаронцаў. Па-трэцяе, каб мы не маглі пісаць даклады ў справе выбараў і рэфэрэндумаў і прадстаўляць іх у міжнародныя структуры. Думаю, што не даравалі мне й справы Захаранкі, Нямігі".
Дарэчы, менавіта судзьдзя Жупікава не задаволіла пазовы родных Юрыя Захаранкі і ахвяраў Нямігі, таму Алег Воўчак выказаў ёй недавер.
Прадстаўнік менскай гарадкой управы юстыцыі спадар Шчарбовіч заявіў у судзе, што цалкам падтрымлівае пазоў свайго ведамства. Размаўляць са мной ён адмовіўся.
Гэты чыноўнік, разам са сваімі калегамі Харытонам і Бондарам можа стаць фігурантам крымінальнай справы. Алег Воўчак працягвае:
(Воўчак: ) "Мы просім узбудзіць справу паводле артыкулаў "надужываньне ўлады" і "ўмяшальніцтва ў дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў". Бо прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, у нецьвярозым стане прыйшлі ў арганізацыю і скралі ў юрыста дакумэнты. Адпаведнага акту не складалі. Цяпер пракуратура будзе разьбірацца".
Кіраўнік "Прававой дапамогі" сказаў, што незалежна ад рашэньня суду ягоная арганізацыя ўсё роўна будзе працаваць.