ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 6 ЖНІЎНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год:

“Гэтымі днямі атрымалі “Атчот аб дзеяцельнасьці Беларускаго Навукова-Літаратурнаго Кружка Студэнтаў Пецярбургскаго Унівэрсытэта”. Кружок гэты заложаны быў пад вясну 1912 году. Мэта Кружка — навуковае пазнаньне духоўнаго і грамадзскаго жыцьця беларускаго народу, яго мовы, літэратуры, народнай творчасьці, этнографіі, статыстыкі, народнай гаспадаркі. Пачатак работы Беларускаго Студэнцкаго Навуковаго Кружка лепшая часьць прэдстаўнікоў расейскай навукі і грамадзянства спаткала прыхільна. У канцы атчоту надрукаваны падробны спісак усіх прац Кружка за мінуўшую зіму і з яго відаць, што беларуская маладзеж пачынае сьвядома і сур’ёзна аднасіцца да сваіх павіннасьцей перад беларускім народам”.


“Знамя юности”, 1963 год. Паведамленьне ТАСС:

“Масква, 5 жніўня. Сёньня ў Вялікім Крамлёўскім палацы падпісаная Дамова аб забароне выпрабаваньняў ядзернай зброі ў атмасфэры, у касьмічнай прасторы і пад вадой. Дагавор падпісалі міністар замежных спраў СССР А.А.Грамыка, дзяржаўны сакратар ЗША Дын Раск і міністар замежных спраў Вялікабрытаніі лорд Х’юм. Пры падпісаньні прысутнічаў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый У Тан. У залі знаходзіліся Старшыня Савету Міністраў СССР М.С.Хрушчоў і іншыя савецкія кіраўнікі, а таксама савецкія і замежныя карэспандэнты”.


“Могилёвские ведомости”, 1993 год:

“Адным з падразьдзяленьняў міліцыі зьяўляецца, як вядома, мэдычны выцьвярэзьнік. Аднак у Касьцюковіцкім раёне зрабілі насуперак здароваму сэнсу. Тут у наяўнасьці разгул п’янства, а ў чэрвені штаты выцьвярэзьніка скарачаюць на траціну. Тлумачэньне простае: няма сродкаў. Засталіся толькі 7 супрацоўнікаў, з-за чаго выцьвярэзьнік працуе толькі ўвечары і ня кожны дзень. Аднак выканкам райсавету прымае рашэньне… аб стварэньні ў раёне дабраахвотных народных дружын. Другі пункт рашэньня паведамляе: “Аддзяленьню ўнутраных спраў коштам сродкаў ад штрафаў плаціць дружыньнікам з разьліку 500 рублёў кожнаму за адно дзяжурства”. На ўтрыманьне прафэсіяналаў грошай няма, а на аплату іх “дабраахвотных” памочнікаў знайшліся?”