ПА-ЗА МЕЖАМІ ЭЎРАЗЬВЯЗУ

Кастусь Бандарук, Прага

Аўтар артыкулу Джэксан Дыль нагадвае, што хаця з часу падзеньня Бэрлінскай сьцяны адбылося вялікае пашырэньне Эўразьвязу і NATO, па-за гэтымі структурамі ўсё яшчэ застаецца шэраг краінаў. Жыхары такіх краінаў, як былая Югаславія і Альбанія, а таксама былыя савецкія рэспублікі Ўкраіна, Малдова і Беларусь – апошняя дыктатура ў Эўропе, лічаць сябе эўрапейцамі. Агулам іх колькасьць складае 70 мільёнаў чалавек. Прыняцьце ў Эўразьвяз Чэхіі і Польшчы, краінаў з заходнімі традыцыямі – гэта адносна лёгкі этап рэканструкцыі Эўропы пасьля халоднай вайны. Таксама Баўгарыя і Румынія, якія паступова рухаюцца да рынкавай эканомікі і дэмакратыі, маюць шанец далучыцца да NATO. Але што зрабіць з Украінай з плошчай і насельніцтвам, роўнымі Францыі, якая балянсуе паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй і паміж арыентацыяй то на Маскву, то на Вашынгтон? – задаецца пытаньнем Джэксанд Дыль. Або што зрабіць з Турцыяй, якая мяжуе з арабскім сьветам на Блізкім Усходзе і належыць да NATO, але якую не прымаюць ў Эўразьвяз?

“Тое, што здарыцца з гэтымі краінамі ў найбліжэйшыя 5 гадоў, акрэсьліць іхную будычыню на наступныя 50 гадоў”, – лічыць былы прадстаўнік Белага Дому, гарачы прыхільнік пашырэньня NATO Брус Джэксан. Ён перакананы, што трэба неадкладна зацікавіцца гэтымі краінамі, якія засталіся на ўзбочыне эўрапейскіх структураў. У іншым выпадку такія краіны, як Сэрбія і Ўкраіна, заміж працягваць рух у кірунку дэмакратыі і стацца саюзьнікамі ЗША і часткай аб’яднанай Эўропы, могуць трапіць ў сфэру ўплыву адноўленай расейскай імпэрыі або ператварыцца ў нестабільныя буфэрныя краіны з тэрарызмам, гандлем наркотыкамі і пажыцьцёвымі прэзыдэнтамі.

Брус Джэксан, які заснаваў фонд пад назвай “Праграма для пераходных дэмакратыяў”, спрабуе пераканаць Вашынгтон і Брусэль, каб тыя не дапусьцілі такога варыянту. “Гэта апошнія ахвяры фашызму, камунізму і нацыяналізму. Яны лічаць сябе часткай Эўропы і саюзьнікамі ЗША. Можа, ня ўсе яны такімі зьяўляюцца насамрэч, але мы возьмем на сябе вялікую адказнасьць за іхны лёс, калі не паспрабуем іх выратаваць”, – кажа Брус Джэксан. Ягоная пазыцыя знаходзіць пэўнае разуменьне ў адміністрацыі Буша, якая выступае за далучэньне Турцыі да Эўразьвязу і якая ня супраць накіраваньня ўкраінскіх вайскоўцаў у Ірак, не зважаючы на рэпутацыю прэзыдэнта Леаніда Кучмы. На жаль, інакш думаюць Парыж і Брусэль, якія надалей хочуць трымаць Турцыю, Украіну і Каўказ па-за эўрапейскімі структурамі.