ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРАМ АЗЭРБАЙДЖАНУ СТАЎ СЫН ГЕЙДАРА АЛІЕВА

Тацяна Поклад, Прага

Гейдар Аліеў, прэзыдэнт Азэрбайджану, цяпер хварэе, і ёсьць меркаваньні, што ён блізкі да сьмерці. Ён лекуецца у Турэччыне ў шпіталі ад 8 ліпеня. 80-гадовы Гейдар Аліеў мае праблемы з сэрцам, у красавіку ён двойчы губляў прытомнасьць падчас тэлевізійных выступаў у жывым эфіры.

Паводле Канстытуцыі краіны, прэм’ер-міністар робіцца кіраўніком дзяржавы да наступных выбараў. Прызначэньне сына цяперашняга прэзыдэнта, 41-гадовага Ільхама Аліева, на пасаду прэм’ера аналітыкі злучаюць з нэаманархічнымі памкненьнямі, са спробай стварыць дынастыю.

Гейдар Аліеў стаў кіраўніком КГБ і Камуністычнай партыі Азэрбайджану у 1960-х. У 1993 ён стаў прэзыдэнтам незалежнай краіны, ужываючы у кіраваньні тыя ж аўтаратырныя мэтады, што і ў савецкія часы. Ён фактычна валодае абсалютнай уладай у сваёй багатай на нафту краіне. Палітычная апазыцыя ня мае свабоды, у парлямэнце дамінуе прэзыдэнцкая партыя “Новы Азэрбайджан”. Гэты парлямэнт прагаласаваў сёньня за прызначэньне прэм’ерам сына прэзыдэнта пераважнай большасьцю галасоў. Дэпутаты ад апазыцыі адмовіліся браць удзел у галасаваньні, але новы прэм’ер праігнараваў байкот.

Незалежныя назіральнікі сьведчаць, што ў краіне няма рэальнай палітычнай свабоды. Яны вызначаюць сёньняшняе прызначэньне як адкрытую спробу ўтрымліваць уладу у палітычнай эліты, вернай Гейдару Аліеву.

Лэйла Бут, экспэрт па Азэрбайджану, рэдактар Лёнданскага выданьня “Economist Intelligence Unit”, кажа, што Гейдар Аліеў даўно пачаў наладжваць магчымасьць перадаць сваю пасаду ў спадчыну сыну. Гейдар Аліеў, паводле Лэйлы Бут, спрабаваў падаць свае дынастычныя пляны так, каб яны выглядалі як мага больш дэмакратычнымі. Але раптоўныя праблемы са здароўем прымусілі пасьпяшацца – і цяпер сын зойме месца бацькі ў выпадку яго сьмерці.

Аналітыкі адзначаюць, што Ільхам Аліеў, больш вядомы ў якасьці плэйбоя і азартнага гульца, ня мае палітычных здольнасьцяў свайго бацькі.

Гаворыць Лэйла Бут, экспэрт па Азэрбайджану з Лёндану:

(Бут: ) “Старэйшы Аліеў умеў лавіраваць паміж рознымі інтарэсамі, граць на розных інтарэсах па-майстэрску. Не падобна, што Ільхам здольны даць рады гэтак жа эфэктыўна, як яго бацька”.

Калі казаць пра магчымых канкурэнтаў Ільхама Аліева, то яны могуць быць хіба ў яго ўласнай партыі, а апазыцыя занадта слабая. І Гейдар Аліеў, і яго сын ужо папярэдне зарэгістравалі свае кандыдатуры на прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на кастрычнік. Ёсьць і іншыя кандыдаты, але ў іх мала шанцаў у краіне без палітычных свабодаў.

Аднак урад вымушаны рабіць хаця б зьнешнія саступкі дэмакратыі. Тысячы прыхільнікаў апазыцыі ў суботу выйшлі на дэманстрацыю ў Баку з патрабаваньнем свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў. Таксама з увагі на патрабаваньне Рады Эўропы і АБСЭ азэрбайджанскі ўрад спрабуе надаць дэмакратычны выгляд дынастычным плянам.