ЛІЦЭІСТЫ ПРАПАНУЮЦЬ ЗНАКАМІТАЙ ПІСЬМЕНЬНІЦЫ НОВЫ СЮЖЭТ ПРА ГАРЫ ПОТЭРА

Любоў Лунёва, Менск

Некалькі дзясяткаў чалавек сталі жывым ланцугом насупраць уваходу ў будынак Міністэрства адукацыі. Яны трымалі плякат: “Адзіны беларускамоўны ліцэй ліквідуецца. Ратуйце!”

Юля Бандарэнка перайшла на трэці курс. Яна патлумачыла сваю прысутнасьць на пікеце:

(Юля: ) “Я стаю ў абарону ліцэя, паколькі гэта мой родны ліцэй. Я перайшла на трэці курс і вырашыла, што не пайду ў нейкую школу ці гімназію. Я буду бараніць ліцэй да апошняга”.

На пікет прыйшлі ня толькі прадстаўнікі калектыву ліцэю. Павал – студэнт трэцяга курса мэдычнага ўнівэрсытэту:

(Павал: ) “Сам ніколі не вучыўся ў ліцэі, але лічу, што зачыняць апошнюю і адзіную навучальную беларускамоўную ўстанову – гэта папросту вар’яцтва і жудасьць. Я думаю, што нашы намаганьні ня пройдуць дарма і ўсё будзе добра”.

У Ўладзімера Раманцова ў ліцэі вучацца тры сыны:

(Раманцоў: ) “Мы жадаем, каб дзеці вучыліся ў гэтым будынку, у гэтых настаўнікаў, каб захаваўся дзіцячы і пэдагагічны калектыў. Тыя, хто намагаюцца ўцягнуць у палітыку, я маю на ўвазе Міністэрства адукацыі і адміністрацыю Лукашэнкі, яны даб’юцца адваротнага эфэкту. Мы хочам толькі аднаго, каб дзеці вучыліся менавіта ў гэтай установе”.

Да пікетоўцаў ня выйшаў ніводзін чыноўнік. Міліцыянты чакалі, што пікет адбудзецца ля будынку гарадзкога аддзелу адукацыі, і таму не пасьпелі прыехаць на плошчу Незалежнасьці. Пасьля акцыі ў будынку ліцэю адбылася прэсавая канфэрэнцыя. Уладзімер Колас лічыць, што чыноўнікі ад Міністэрства адукацыі непэдагагічна сябе паводзяць. Яны паставілі вучняў перад выбарам – альбо здрадзіць ліцэю, які тыя любяць, каб вучыцца далей ў прэстыжных месцах, альбо ўвогуле застацца безь сярэдняй адукацыі. Выкладчыкі запэўнілі, што ўсё роўна будуць вучыць далей, нават у самых неспрыяльных умовах. Камітэт у абарону ліцэя распаўсюдзіў Заяву, у якой патрабуе ад уладаў спыніць дзеяньні, скіраваныя на зьнішчэньне ліцэю. Гаворыць сябра Камітэту Валеры Мазынскі:

(Мазынскі: ) “Дзяржава баіцца гэтай будучыні. Свабода волевыяўленьня, самаадчуваньня, адсутнасьць страху задаваць настаўніку пытаньні, які да гэтага часу ў мяне прысутнічае. Я зь дзяцінства баяўся задаваць настаўніку пытаньні, бо адразу будзеш дурнем. Гэта ж традыцыйна. У нашай школе дзіця ня хоча выходзіць да дошкі. А тут пры некалькіх маіх сустрэчах у ліцэі я ашалела адчуваў, ня тое што цягнуць рукі, але й самі ідуць да дошкі. Тут на роўных размаўляюць з выкладчыкамі, а выкладчыкі на роўных вучацца гаварыць зь дзецьмі. Ну, скажыце, што можа быць вышэйшае за гэта? Гэта ж мара кожнага. Чыноўнікі. Мне хочацца ўбачыць кожнага зь іх. Таго ж Брыгадзіна, памочнікаў і запытаць: “А чаго вы хочаце?!”

Калектыў ліцэю зьвярнуўся ў рэдакцыі газэтаў, каб тыя правялі круглы стол з удзелам іх прадстаўнікоў і чыноўнікамі Міністэрства адукацыі. Толькі газэта “Народная Воля” пагадзілася на гэта. Рэдакцыя даслала запрашэньні ўсім удзельнікам на 7 жніўня.

Тым часам ліцэісты зьвярнуліся да знакамітай пісьменьніцы Джоан Роўлінг. Яны прапанавалі ёй напісаць працяг “Гары Потэра”, скарыстаўшыся сюжэтам пра іх ліцэй. Яны распавялі Джоан Роўлінг пра зласьлівую дырэктарку і школу, якая пачне працаваць недзе ў лесе.