ДЗЯРЖАВА ЗАБІРАЕ КАЛЯ ПАЛОВЫ СРОДКАЎ СПОНСАРАЎ НА БУДАЎНІЦТВА МЕНСКАГА МЯЧЭТУ

Валер Каліноўскі, Менск

Менскі мячэт, узьведзены беларускімі татарамі ў 1901 годзе, быў адзіным мураваным на тэрыторыі Беларусі. Улады забралі яго ў 1949 годзе, а разбурылі ў 1962-м, у разгар антырэлігійнай кампаніі. Кіраўнік менскай мусульманскай грамады Ібрагім Канапацкі вывучаў архіўныя матэрыялы:

(Канапацкі: ) “Справа вырашалася так, і тады і сёньня, – задушылі вось гэтымі падаткамі. Іх абклалі падаткамі на ўтрыманьне мячэту, і гэтыя падаткі ўзрасталі. Гэта ня проста падаткі, гэта была мэтанакіраваная палітыка ўдушэньня”.

Ібрагім Канапацкі параўноўвае тую палітыку зь цяперашнім падаткавым ціскам на іх рэлігійную грамаду, якая спрабуе адбудаваць свой разбураны ўладамі мячэт. Нягледзячы на тое, што ўчастак пад мячэт дадзены на тэрыторыі татарскіх могілак, зь мінулага году за зямлю даводзіцца плаціць вялікія грошы – спачатку па семсот даляраў за месяц, а сёлета – ужо па 2 тысячы даляраў. Цяпер гэты падатак на зямлю для рэлігійных арганізацыяў нібыта будзе зьменшаны, але зьявіўся новы клопат – за будаўніцтва мячэту трэба плаціць падатак на даданую вартасьць.

(Канапацкі: ) “Дваццаць адсоткаў ад гэтай сумы, каторую бярэ з нас падрадчык на будаўніцтва, мы павінны аддаць яшчэ і дзяржаве. А гэта немалыя грошы, гэта дзесьці каля 400 тысячаў даляраў, калі ўлічыць, што кошт мячэту два мільёны пяцьдзесят тысячаў. Гэты “НДС” складае 400 тысячаў даляраў – гэта вельмі многа”.

Ібрагім Канапацкі кажа, што мусульманамі было сабрана 2000 подпісаў пад лістом у адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай адмяніць гэты падатак. Адказ быў нясуцяшальны. Цяпер менскія мусульмане пабойваюцца, што іх спонсар – гуманітарная ісьлямская арганізацыя “Рабіта” з Саудаўскай Арабіі – можа адмовіцца ад праекту, даведаўшыся, што кошт істотна вырас. Акрамя таго, пры будаўніцтве трэба нешта пералічваць і на гарадзкія патрэбы. Хаця хоць тут уладамі абяцаная палёгка. Гаворыць муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Ісмаіл Александровіч:

(Александровіч: ) “Многа будуць здымаць, калі будуць здымаць, але тады мы ня зможам пабудаваць гэты мячэт… Мы ўжо гутарылі тут у Дэжпартамэнце па гуманітарнай дапамозе пры прэзыдэнце, і там нам сказалі, што калі паступяць грошы, каб мы запоўнілі заяву на адрас прэзыдэнта, і тады гэтых падаткаў ня будуць здымаць”.

Муфцій Ісмаіл Александровіч кажа, што калі А. Лукашэнка не падпіша пастанову пра падатковыя льготы, то дзяржаве прыйдзецца аддаць да 40% спонсарскіх грошай. Сама дзяржава менскім мусульманам ніяк не дапамагла ў аднаўленьні разбуранай ёю сьвятыні, на ўсе звароты быў адмоўны адказ ад гарадзкіх і цэнтральных уладаў. Таму пачатак рэалізацыі праекту адбудовы менскага мячэту зацягнуўся амаль на 10 гадоў. Цяпер тут выкананыя толькі падрыхтоўчыя работы – тэрыторыя абгароджаная, пастаўленыя бытоўкі, будаўнікі чакаюць авансу.

У мінулую пятніцу Аляксандар Лукашэнка так сказаў расейскім журналістам пра свае адносіны да беларускіх мусульмамаў:

(Лукашэнка: ) “У нас цудоўныя адносіны з мусульманамі, калі ўзяць удзельную вагу ў апошні час пабудаваных мячэтаў і іншых месцаў для выкананьня абрадаў мусульман, то Беларусь будзе наперадзе Расеі, хоць у нас вельмі няшмат гэтых людзей, але, тым ня менш, зь вялізнай павагай мы да іх ставімся. Яны нам дабром плацяць”.

Ібрагім Канапацкі вітае падобныя заявы кіраўніка дзяржавы:

(Канапацкі: ) “Заявы гэтыя – гэта адно, а вось сёньняшняе становішча нашае, канечне, ня вельмі простае... Хаця б узяць наш мячэт у Менску... Мы хацелі б, каб і нашыя праблемы вырашаліся, я не кажу ўжо, каб так, як у “галоўнай” канфэсіі, на ўзроўні тых падыходаў, якія існуюць. Што казаць, вы ж разумееце: гаварыць можна ўсё што заўгодна. Але ня “ўсё так харашо, прыўкрасная маркіза”.

Муфцій Александровіч пагаджаецца з А. Лукашэнкам:

(Александровіч: ) “Я падлічыў: у Расеі 20 мільёнаў мусульманаў і дзесьці каля 2000 мячэтаў пабудавана. На адзін мячэт атрымліваецца дзесьці 10 тысяч мусульманаў. У нас у Беларусі мы ўжо сем пабудавалі. Ну як пабудавалі – домікі там, канечне, мячэты не такія вялікія, але ёсьць і нічога, вось у Наваградку, Слоніме, у Сьмілавічах, такія мячэткі добрыя. У нас адзін мячэт даводзіцца на 3700 чалавек. А там адзін мячэт на 10 тысячаў”.

Ісмаіл Александровіч кажа, што дзяржава сапраўды вярнула будынак мячэту ў Наваградку і дала будынкі на замену ў Слоніме і Відзах, рэшта культавых будынкаў купленыя за кошт спонсараў. Прэтэндаваць жа на такую падтрымку, якую мае праваслаўная царква, беларускія татары ня могуць. Цяпер жа перад мусульманскім аб’яднаньнем паўстала іншая праблема, зьвязаная з новым законам аб свабодзе веравызнаньня, – яны болей ня могуць мець юрыдычны адрас на прыватнай кватэры.