СТАЛІЧНЫЯ ЎЛАДЫ ПАГАДЗІЛІСЯ ПРАЦЯГНУЦЬ ПЕРАМОВЫ З ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМІ

Юры Сьвірко, Менск

Пасьля мітынгу на плошчы Бангалор, куды прыблізна 300 прадпрымальнікаў прыйшлі выступіць на абарону сваіх эканамічных правоў, утрая менш прадстаўнікоў гэтых бізнэсоўцаў вырашылі ў пятніцу наведаць Менскі гарадзкі выканкам.

Аб 11-й гадзіне да іх выйшаў начальнік управы прадпрымальніцтва гарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі, які прыняў пэтыцыю пратэсту. Яна зьмяшчала рэзалюцыю мітынгу, у якой прадпрымальнікі запатрабавалі ад гарадзкіх уладаў “канструктыўнага дыялёгу” з грамадзкім аб’яднаньнем “Пэрспэктыва” наконт рэальных тэрмінаў удасканальваньня дробнага гандлю ў Менску.

Прадпрымальнікі, якія ўваходзяць у аб’яднаньне “Пэрспэктыва”, патрабуюць таксама спыніць закрыцьцё міні-рынкаў “Трактар”, “Малінаўка”, ліквідацыю шапікаў і правакацыі з боку кантрольных органаў. У рэзалюцыі адзначана, што дробныя бізнэсоўцы “гатовыя ўступіць у жорсткую канфрантацыю з органамі ўлады, абараняючы свае інтарэсы, выкарыстоўваючы пры гэтым усе законныя мэтады”.

Атрымаўшы гэтую рэзалюцыю, спадар Каліноўскі паабяцаў, што 6 жніўня а 16-й гадзіне прадпрымальнікаў прыме альбо старшыня гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, альбо ягоны першы намесьнік Мікалай Ярохаў.

Нагадаю, што спачатку днём ліквідацыі шапікаў сталічныя ўлады вызначылі 1 ліпеня, але потым далі адтэрміноўку на месяц. Пасьля таго, як стала вядома пра новую сустрэчу кіраўніцтва гарвыканкаму з аб’яднаньнем прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, я спытаўся ў старшыні гэтай арганізацыі Анатоля Шумчанкі:

(Карэспандэнт: ) “А ўлады ня вырашылі скасаваць сваё рашэньне ад сёньняшняга дня?”

(Шумчанка: ) “А цяпер ад іх нічога не залежыць. Людзі ўсё адно па-ранейшаму працуюць. Прыбралі тыя крамкі, хто хацеў прыбраць. А сярод сябраў “Пэрспэктывы” практычна ніхто не прыбраў. Калі чалавек ня хоча прыбіраць, яго не прыбіраюць — ён працуе”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі чалавек прыблізна працуе сёньня?”

(Шумчанка: ) “Недзе паўтары тысячы”.

Спадар Шумчанка распавёў, аднак, што прадстаўнікі ўлады пачалі складаць пратаколы на тых прадпрымальнікаў, хто не спыніў гандлю паводле рашэньня Менскага гарвыканкаму.

Але ў сталіцы шмат і такіх прадпрымальнікаў, якія ліквідавалі свае шапікі й палаткі. На праспэкце Газэты “Правда” каля ўнівэрсаму “Паўднёвы Захад” звычайна стаяла некалькі палатак, якія гандялвалі садавінай і агароднінай. Каля тыдня на гэтым месцы няма нічога. Пацярпелі ня толькі жыхары суседніх шматпавярховых дамоў, але й супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску, што месьціцца насупраць. Прэсавая сакратарка офісу Гаўды Сьміт на сустрэчы з журналістамі паскардзілася, што дыпляматаў пазбавілі магчымасьці купляць танную ды якасную ежу — у суседнім унівэрсаме садавіна ёсьць, але там малы выбар, высокія цэны, вялікія чэргі.

Кіраўнік аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка таксама спадзяецца, што падчас сустрэчы 6 жніўня гарадзкія ўлады зьмяняць сваё рашэньне хаця б датычна ўскрайкаў Менску:

(Шумчанка: ) “Гэтая сустрэча мусіць прынесьці нейкі вынік. Улады павінны прызнаць, што ня мелі рацыі, а калі не прызнаць, дык неяк крыху перагледзець свае пазыцыі наконт дробнага гандлю. Людзі мусяць працаваць! З цэнтральных вуліцаў прыбралі? Прыбралі. Усё. Далей усё застаецца, як было”.

Гэтае меркаваньне спадара Шумчанкі не падзяляе начальнік управы прадпрымальніцтва Менскага гарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі, паводле якога высновы санітарных, пажарных ды іншых службаў гораду наконт умоваў працы шапікаў не даюць падставаў для скасаваньня рашэньня аб іх ліквідацыі. Але спадар Каліноўскі падкрэсьлівае, што абавязкова застануцца шапікі, убудаваныя ў комплексы на прыпынках грамадзкага транспарту.