ПЭНСІЯНЭРЫ — ПРА ПАДВЫШЭНЬНЕ ПЭНСІЯЎ

Ганна Соусь, Менск

З 1 жніўня ўсе віды пэнсіяў, якія выплачваюць органы працы і сацыяльнай абароны, павялічаныя на 17%, мінімальныя пэнсіі — на 14%. Ці істотнае такое павелічэньне для пэнсіянэраў? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да людзей пэнсійнага ўзросту.

(Спадарыня: ) “Вядома ж, неістотна. Не заўважыш, таму што цэны ж вырастуць болей, чым на 17 адсоткаў. Пэнсія мая разьмяркоўваецца… Я проста яшчэ працую, і таму яшчэ неяк можна вытрымаць. А цяпер, калі падумаеш, што не заплачана за сьвятло й за ваду, дык ня ведаеш, ці будзеш жывы з такімі грашыма”.

(Спадар: ) “Павінна палепшыцца трохі, калі добра дабавяць. Дабавяць у сярэднім маёй жонцы тысяч 13, а мне — 30 тысяч. Дык добра, можна палюбоўніцу маладую заводзіць”.

(Спадарыня: ) “На 17 адсоткаў… Гэта дробязі. У мяне пэнсія 126 тысяч. Будзе больш на 20 тысяч. Што гэта пры такіх цэнах? Вельмі цяжка пэнсіянэрам. Пражыць немагчыма, толькі на хлеб і малако. Пра калбасу забудзеш і пра мяса забудзеш”.

(Другая спадарыня: ) “У мяне пэнсія 64 тысячы, а адпрацавала 33 гады. Такім чынам, мая пэнсія толькі на 3–4 тысячы павялічыцца”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Дык гэта атрымліваецца ўвогуле нічога. Я атрымліваю 100 тысяч 200 рублёў, стане больш на 15 тысяч. Цяжка жыць, і плаціць няма чым”.

(Спадар: ) “Натуральна, для мяне вельмі важнае павелічэньне, таму што на пэнсію пражыць вельмі складана. Цяпер я атрымліваю 107 тысяч, канечне, гэта вельмі мала. Думаю, што гэта не апошняе павелічэньне. Дай Божа, каб пэнсіянэры жылі так, як яны таго заслугоўваюць”.

(Другі спадар: ) “Лягчэй ня будзе. Цэны падвысяцца, падаткі. Мура гэта ўсё”.

(Спадарыня: ) “Канечне, што вы… Я ж атрымлівала 100 тысяч. За кватэру заплачу, а месяц яшчэ трэба жыць… Павелічэньне — гэта вельмі добра. Мы задаволеныя. Пэнсіянэры вельмі задаволеныя”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што будзе лягчэй жыць. Цэны ж падвысяцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Якой пэнсіі было бы для вас дастаткова?”

(Спадар: ) “Самая мінімальная хаця б 100 даляраў”.

(Спадарыня: ) “Пэнсія не павялічылася. Проста ў нас забралі грошы, падвысілі кошты, а нам потым нібыта пэнсію павялічваюць. З чаго ён можа нам дабавіць пэнсію? Ён толькі робіць дарогі, будуе сябе бібліятэку, якая непатрэбная. Ён робіць славу для сябе”.

Гэта былі меркаваньні беларускіх пэнсінэраў пра чарговае падвышэньне пэнсіяў.