МЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАВЯЛІ МІТЫНГ У АБАРОНУ СВАІХ ЭКАНАМІЧНЫХ ПРАВОЎ

Юры Сьвірко, Менск

На плошчу Бангалор для ўдзелу ў мітынгу прыйшло прыкладна ўдвая больш людзей, чым было заяўлена. Людзі выступалі супраць палітыкі ўладаў, трымалі ў руках транспаранты – я налічыў пару дзясяткаў заклікаў да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава спыніць “палітыку генацыду” ў адносінах да прадпрымальнікаў – “Паўлаў, спыні беспрадзел” і гэтак далей.

Найбольш доўга і красамоўна прамаўляў лідэр менскіх прадпрымальнікаў Анатоль Сумчанка. Ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку як гаранта Канстытуцыі прыйсьці на дапамогу прадпрымальнікам, таму што парушаецца Кансстытуцыя, не гарантуецца права на працу прадпрымальнікам, а таксама права на годнае жыцьцё, што запісана ў цяперашнім варыянце Канстытуцыі.

Нагадаю, што яшчэ 1 ліпеня ў сталіцы мусілі ліквідаваць усе шапікі, якія знаходзяцца не на прыпынках грамадзкага транспарту, а таксама тыя шапікі, што гандлявалі мясам і рыбай, але, улічваючы шматлікія пратэсты, сталічныя ўлады працягнулі працу гэтых шапікаў да 1 жніўня, і ўжо заўтра ўсе гэтыя шапікі мусяць быць ліквідаваныя. Прадпрымальнікаў заганяюць у комплексы, гіпэрмаркеты, якія яшчэ толькі будуюцца, і яны кажуць, што ўсе страцяць працу, ня толькі прадпрымальнікі, але і тыя людзі, якія прадавалі тавар. Гэта звычайна ня вельмі багатыя людзі, якія працавалі на гэтых прадпрымальнікаў. Такім чынам амаль кожны пяты жыхар сталіцы пацерпіць ў выніку гэтага рашэньня.

Тым ня менш, пакуль што ўлады на гэта не рэагуюць. Гучалі заклікі да прадстаўнікоў Менгарвыканкаму і розных інспэкцыяў прыйсьці на мітынг. Магчыма, нехта і прыйшоў, але выступаць на мітынгу адмовіўся.