Ва ўрадзе вызначылі новую формулу эканамічнага росту, якая паводле афіцыйных паведамленьняў гучыць так: “Колькасьць павінна перайсьці ў якасьць”. Выканаўца абавязкаў прэм’ера Сяргей Сідорскі заявіў на паседжаньні ўраду, што “выхад на якасную працу мае быць забясьпечаны інтэграванымі разьлікамі ў макраэканоміцы”. Кожнаму міністру ён давёў заданьне адсочваць дынаміку зьніжэньня колькасьці стратных прадпрыемстваў. Праблема нерэнтабэльнасьці прадпрыемстваў зноў абвастрылася: паводле афіцыйных зьвестак, каля 40% прадпрыемстваў краіны стратныя, гэта каля тысячы буйных суб’ектаў гаспадараньня, што болей чым, летась.
Са стратамі пачалі працаваць нават некаторыя лікёра-гарэлачныя заводы, прызнаў міністар фінансаў Мікалай Корбут. У сувязі з гэтым паменшыліся акцызныя паступленьні ў бюджэт. Такім чынам Сяргей Сідорскі выявіў галоўную задачу ўраду — дабіцца бясстратнай працы прадпрыемстваў. Гэта нерэальна, лічыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:
(Злотнікаў: ) “Гэта проста фантастыка, таму што стратнасьць прадпрыемстваў вызначаецца вельмі глыбокімі фактарамі. Перш за ўсё, няма мадэрнізацыі, няма новых тэхналёгіяў, а за межамі нашай краіны па ўсіх напрамках у большай ці меншай ступені мадэрнізацыя адбываецца. Там сабекошт прадукцыі або паслугаў становіцца меншым. І таму нашыя тавары становяцца менш канкурэнтаздольнымі. Няма ніякіх падставаў, каб казаць, што колькасьць стратных прадпрыемстваў панізіцца. Няма такіх фактараў. А так загадамі, сьцебануць пугаю і загадаць міністру: “Скараці!” — нічога з гэтага ня будзе”.
Леанід Злотнікаў лічыць, што стратных прадпрыемстваў больш, чым статыстычных 40%, бо статыстыка ня ўлічвае інфляцыі і хуткасьці абароту капіталу, паводле ацэнак спадара Злотнікава, болей за 60% беларускіх прадпрыемстваў працуюць без рэальнага прыбытку.
За першыя паўгоду ня выкананыя ня толькі якасныя, але і шэраг важных колькасных паказчыкаў. Найгоршая сытуацыя ў сельскай гаспадарцы. Тут быў заплянаваны рост вытворчасьці на 6,5%, а закфіксаванае падзеньне на 1,5%. У АПК увогуле не выкананы ніводзін паказчык.
Усяго ж шэсьць з 16 макраэканамічных паказчыкаў нявыкананыя, у тым ліку такія важныя як рост ВУП, рэнтабэльнасьць, інфляцыя; вырасла запазычанасьць выплатаў у бюджэт, ня выкананыя прагнозныя паказчыкі росту зарплаты і пэнсіяў. Інфляцыя зноў перавысіла прагнозныя паказчыкі, за паўгоду рост спажывецкіх цэнаў склаў 14,5%. Пры тым, што рэальныя даходы насельніцтва вырасьлі толькі на 4,8%. Колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных на канец чэрвеня дасягнула 122 тысяч чалавек.
Досыць нечакана кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі прапанаваў Мінэканомікі і Мінстату вызначыць, ці ўдасца выканаць гадавы плян. Міністар эканомікі віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў у сувязі з гэтым зазначыў, што гаворка не ідзе аб пераглядзе плянавых паказчыкаў, зацьверджаных указам А.Лукашэнкі.
Выканаўца абавязкаў прэм’ера Сяргей Сідорскі сёньня прадставіў Савету Міністраў Ўладзімера Сямашку, які цяпер выконвае абавязкі віцэ-прэм’ера, і Эдуарда Таўпянца, які замяніў Сямашку на пасадзе міністра энэргетыкі. Нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка абяцаў да канца ліпеня абнавіць склад ураду на траціну, пакуль гэтага не адбылося.