МЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ ЎТЫЛІЗУЕ АВАРЫЙНЫЯ МАШЫНЫ

Любоў Лунёва, Менск

Цяпер амаль у кожным двары можна ўбачыць аўтамабіль бяз колаў, безь дзьвярэй. Дзеці выкарыстоўваюць іх, калі гуляюць у хованкі. Безумоўна, гэта не ўпрыгожвае гарадзкі пэйзаж. Іншая справа, калі аўтамабіль яшчэ можна адрамантаваць, але, магчыма, гаспадару не хапае грошай на рамонт. Гэта выклікае занепакоенасьць уладальнікаў аўтамабіляў — ніхто ня ведае, ці адвязуць машыну на сьметнік, ці прымусяць шукаць для яе нейкую платную стаянку.

Што да стаянак, то нягледзячы на высокія кошты, стаянак катастрафічна не хапае. Адсюль і розныя непрыемнасьці ўладальнікаў — аўтамабіль могуць пашкодзіць хуліганы, скрасьці зь яго аўтамагнітолу, угнаць машыну. У Менску чамусьці дагэтуль не будуюць стаянкі пад зямлёй, калі ўзводзяць новы мікрараён.

Часам на менскіх вуліцах даволі прыстойныя аўтамабілі “эвакуатары” адвозілі на спэцстаянкі й вярталі ўладальнікам толькі пасьля таго, як тыя плацілі даволі вялікія штрафы. Некалькі гадоў запар уладальнікі зьвярталіся ў суды, намагаліся даказаць незаконнасьць такіх дзеяньняў з боку то супрацоўнікаў Менгарвыканкаму, то ДАІ, але, на жаль, гэтая практыка працягваецца. І зразумела — бо памеры штрафаў высокія. Уладальнік, калі выйшаў з крамы і ўбачыў, што аўтамабіля няма, знаходзіцца ў шокавым стане. Ён зьвяртаецца ў міліцыю і, калі даведваецца пра тое, што нічога страшнага не адбылося, гатовы плаціць любыя грошы, толькі б вярнуць сваю маёмасьць.

Ёсьць небясьпека, што цяпер пад лёзунгам ачышчэньня гарадзкіх двароў ад аўтамабільнага сьмецьця старэнькія аўтамабілі могуць трапіць на такія спэцстаянкі, і ўладальнікам прыйдзецца плаціць немалыя грошы. Паколькі такая акцыя праводзіцца ўпершыню, ніхто дакладна ня ведае, якія яна выкліча наступствы. Праз тыдзень ужо можна будзе казаць пра нейкія вынікі.