“БДГ” ЗНОЎ ПАЗБАВІЛАСЯ МАГЧЫМАСЬЦІ ДРУКАВАЦЬ СВАЕ МАТЭРЫЯЛЫ

Юры Сьвірко, Менск

Выдавец “Местной газеты” Анатоль Вайцяхоўскі атрымаў інфармацыю пра звальненьне ад самога спадара Ладзяты. Нагадаю, што раней быў звольнены Ўладзімер Целеш — дырэктар менскай друкарні “Чырвоная зорка”, якая ўпершыню надрукавала матэрыялы “БДГ” у газэце зь іншай назвай. Потым адміністрацыйныя захады былі ўжытыя супраць дырэктара друкарні ў Слоніме, дзе выйшла “Местная газета” з артыкуламі журналістаў прыпыненай “Белорусской деловой”. Слонімскі дырэктар Анатоль Лагуцік апынуўся ў шпіталі пад кропельніцай.

Такім чынам, у Беларусі пацярпелі ўжо тры дырэктары друкарняў, якія асьмеліліся друкаваць газэты з матэрыяламі “БДГ”. Раней усе друкарні Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны атрымалі неафіцыйны загад не друкаваць гэтыя матэрыялы. Цяпер, паводле выдаўца “Местной газеты”, друкарні іншых абласьцей атрымалі ад прэзыдэнцкай адміністрацыі распараджэньне не друкаваць дзьве ягоныя газэты, разьмешчаныя ў Баранавічах і Ваўкавыску.