ВА ЎСІХ ВНУ БУДЗЕ ЎВЕДЗЕНЫ КУРС ДЗЯРЖАЎНАЙ ІДЭАЛЁГІІ

Валер Каліноўскі, Менск

Ініцыятарам увядзеньня ідэалягічнага курсу ў ВНУ, які павінен замяніць сумнавядомыя лекцыі гісторыі КПСС, стаў Аляксандар Лукашэнка. Ён жа — аўтар шэрагу ідэалягічных палажэньняў. Згодна з указам кіраўніка дзяржавы пачалася і распрацоўка навучальнай праграмы для ВНУ, дапаможнікаў і падручнікаў па гэтым прадмеце, які афіцыйна названы “Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы”. Паводле кіраўніка сэктару выкладаньня гуманітарных дысцыплінаў Мінадукацыі Надзеі Ганушчанкі, новая дысцыпліна будзе ўведзеная ў ВНУ Беларусі ў першым паўгодзьдзі 2004 году. Будуць створаныя курсы падрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі выкладчыкаў новай дысцыпліны.

Міністар адукацыі Пётар Брыгадзін назваў новы спэцкурс крыху іначай — “Асновы дзяржаўнасьці Беларусі”.

(Брыгадзін: ) “Гэты спэцкурс распрацоўваюць Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце, Белдзяржунівэрсытэт і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Кожная ВНУ сёньня працуе над сваёй праграмай гэтага спэцкурсу. Потым мы паглядзім , мы дамовіліся такім чынам, што з 1 верасьня мы зьбярэм такі круглы стол на базе рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы, каб разгледзець, што мы павінны, якія складнікі гэтага спэцкурсу: эканамічныя, палітычныя, юрыдычныя асаблівасьці, нешта з Канстытуцыі Беларусі і г.д.”

Міністар Брыгадзін паведаміў, што новы спэцкурс будзе абавязковым для студэнтаў як дзяржаўных так і недзяржаўных вышэйшых навучальных установаў з наступнага году.

А вось у БДУ мяркуюць пачаць чытаць гэты спэцкурс першакурсьнікам ужо сёлета ў верасьні, — паведаміў выкладчык паліталёгіі Белдзяржунівэрсытэту Ўладзімер Роўда. Кіраўніцтва катэдры прапанавала чытаць новы курс і яму, але спадар Роўда адмовіўся, бо лічыць яго прамываньнем мазгоў студэнтаў з мэтай узмацніць папулярнасьць А.Лукашэнкі перад верагодным рэфэрэндумам.

(Роўда: ) “Па вялікім рахунку, ідэалёгіі няма. Я вельмі ўважліва чытаў гэты тэкст, там проста няма зьместу: набор нейкіх фразаў, няма канцэпцыі, няма лёгікі, у прынцыпе, там няма нічога. Выкладчыку сорамна будзе выступаць зь пераказам гэтых ідэяў, таму што ідэяў, па вялікім рахунку, ніякіх няма”.

Паводле спадара Роўды, цяперашняя ідэалёгія — гэта нават не аналяг марксізму-ленінізму, які меў нейкую тэарэтычную базу, распрацаваную Марксам, гэта нейкая кампіляцыя: ад лібэралізму прынялі толькі канкурэнцыю, ад сацыялізму — дабрачынную працу на карысьць грамадзтва, ад кансэрватызму — памяркоўнасьць і талерантнасьць. Усё гэта ствараецца пад Аляксандра Лукашэнку і пры ягоным асабістым удзеле, як вытлумачэньне асаблівага беларускага шляху, як нейкі беларускі аналяг ідэяў чучхэ, упэўнены Ўладзімер Роўда.

Да таго ж, кажа ён, курс ідэалёгіі будзе супярэчыць іншым прадметам, якія выкладаюцца ў ВНУ: філязофіі, паліталёгіі, эканоміцы.

(Роўда: ) “Ідэалёгія не павінна выкладацца, бо гэта ня ёсьць навукай. Яна ставіць перад сабой не навуковыя мэты, а мэты чыста мабілізацыйныя, аб’яднаньне нейкага грамадзтва вакол улады ці вакол нейкай палітычнай сілы”.

Выкладчык паліталёгіі БДУ Ўладзімер Роўда мяркуе, што нягледзячы на ўсе намаганьні ўладаў, увядзеньне курсу ідэалёгіі ў ВНУ скончыцца канфузам: сур’ёзна гэты курс успрымаць ніхто ня будзе — ні студэнты, ні выкладчыкі, хаця тыя і будуць вымушаныя падпарадкавацца патрабаваньням уладаў.