ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 23 ЛІПЕНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Камуніст”, 1923 год:

“Даводзіцца да ведама ўсіх грамадзян гораду і раёну, што ў Менску пры ўнівэрмагу №1 “Торгсіна” маецца аддзел аптэкарскіх і санітарна-гігіенічных тавараў. Пры гэтым аддзеле маецца стол заказаў на розныя войстра дыфіцытныя імпартныя мэдыкамэнты і прэпараты. Продаж робіцца на інвалюту, лом золата і срэбра. З заказамі зварочвацца непасрэдна ў г.Менск альбо ў Бабруйскі аддзел “Торгсін”.


“Сталинская молодёжь”, 1953 год. Пра Пятую рэспубліканскую нараду маладых пісьменьнікаў:

“Некаторыя маладыя паэты, нягледзячы на тое, што іхныя творы яшчэ далёкія ад дасканаласьці, перасталі прыслухоўвацца да заўвагаў старэйшых таварышаў, зьмяншаюць патрабаваньні да сябе. Натуральна, што гэта адмоўна ўплывае на іх творчасьць. Майстар кавальска-прэсавага цэху “Гомсельмашу” Браніслаў Спрынчан ужо вядомы нашаму чытачу. Ягоныя вершы часта друкуюцца на старонках альманаху “Советская Отчизна”. Але гэтыя вершы аднастайныя, нярэдка нагадваюць ужо надрукаваныя. Браніслаў Спрынчан не заўсёды ўмее ўвасобіць у вершах свае добрыя паэтычныя задумы. Таленавітаму, адоранаму паэту не стае майстэрства, яму трэба дапамагчы. Аднак, гаворыць ляўрэат Сталінскай прэміі Іван Шамякін, Спрынчан не заўсёды прыслухоўваецца да крытыкі”.


“Głos z-nad Niemna”, 1993 год. Артыкул “Хто за гэтым стаіць?”:

“Савет Міністраў разгледзеў і падтрымаў зварот некаторых грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку вэтэранскіх і маладзёвых, у справе забароны ўрачыстасьцяў да 50-годзьдзя “Саюзу Беларускай Моладзі”. Мерапрыемства павінна было адбыцца ў залі Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы ў цэнтры Менску. СБМ быў утвораны ў чэрвені 1943 году з наказу кіраўніка нямецкай адміністрацыі на Беларусі Вільгельма Кубэ. Генэрал Кубэ, якога слушна называюць “катам беларускага народу”, асабіста зацьвердзіў статут Саюзу як фашыстоўскай маладзёвай арганізацыі. Акцыя, што была заплянаваная напярэдадні 49-й гадавіны вызваленьня Беларусі, распараджэньнем прэм’ера В.Кебіча была забароненая”.